Рейтинг
Каталог
Порталус
база публикаций

КУЛЬТУРА И ИСКУССТВО есть новые публикации за сегодня \\ 14.11.18


АРХІТЭКТУРА ЛІДЧЫНЫ. ГОТЫКА.

Дата публикации: 03 сентября 2005
Публикатор: Александр Павлович Шиманский
Рубрика: КУЛЬТУРА И ИСКУССТВО Изобразительное искусство →
Номер публикации: №1125766040 / Жалобы? Ошибка? Выделите проблемный текст и нажмите CTRL+ENTER!


Храм у горадзе - гэта сімвал вечнасці сярод тлума сучаснай цывілізацыі. Зусім іншую адметнасць мае сылуэт храма дзе-небудзь на халме, у атачэнні вёсак.Тут гімн чалавека ў гонар творца сусвету як бы зліваецца з гімнам самой прыроды. Выгляд хрысціанскага храму ствараўся стагоддзямі, набывая ў кожнага народа і ў кожную эпоху свой непаўторны характар.Дахрысціянскія храмы лічыліся месцам, дзе жывуць богі. Звычайна людзі маліліся і прыносілі ахвяры перад уваходам у храм. Унутры маглі знаходзіцца толькі служкі. Гэтак было і ў старажытным іерусалімскім храме, але ж побач з ім існавалі сінагогі - месца малітваў рэлігійных супольнасцяў. Першыя хрысціанскія храмы будаваліся па ўзору рымскіх грамадскіх будынкаў –“бызылік”. Базыліка - гэта простакутняя пабудова з радамі калонаў, падзяляючых памяшканне на “нефы” ( ці “караблі”). Уся пабудова сымвалізавала карабель Града Божага , плывучага па хвалям сусвету. Вонкаваму дэкору базылікі ўвагі не удзялалася , у сярэдзіне ж яе ўпрыгожвалі мармурам і мазаікай. Гэтую ж рысу - мастацкае багацце інтэрьера і суворы знешні выгляд захавала і Бізантыйскае мастацтва. Але ж у Бізантыі ідэя “карабля” ці “дома малітваў” дапоўнілася ідэяй космасу . Хрысціянская царква стварыла сінтэз “Дома Божага” і “Дома Малітвы”. Храм зрабіўся сымвалам адухоўленага свету, месцам малітвы народа і адначасова “караблём” Творцу сусвету. Далейшае развіццё касмічнай сымволікі храму атрымала на Захадзе - у раманскім і асабліва ў гатычным мастацтве. Готыка ( ад італьяскага gotico- назва племя готаў) як мастацкі стыль з’явіўся паміж сярэдзінай 12 ст. і 15-16 ст. і завяршыў развіццё сярэдневечнага мастацтва. Каля 1100г. адначасова ў Францыі , Верхняй Італіі, Германіі ўваходзіць у звычай перыкрываць сводамі сярэдні карабель сабораў, да гэтага часу плоскі [1]. Готыка апранула храмы ў каменыя карункі , у якія ўплецены людзі, духі, расліны, драконы, аллегорыі жарсці і дабрадзецелі. Вітражы напаўнялі храм вясёлкай колераў. А імкненыя ў неба абрысы вокнаў парталаў, башняў, узнасілі ўсю гэтую сымфанічную кампазыцыю да неба. Готыка прыйшла на змену раманскаму стылю, ад якога ўнаследавала вяршэнства архітэктуры ў сістэме мастацтваў і традыцыйныя тыпы культавых будынкаў. Канструктыўныя прынцыпы гатычнага культавага дойлідства- каркас з каменю, які пазбавіў пабудовы грувасткасці раманскіх сабораў. Унутраныя слупы гатычных храмаў накшталт пучка тонкіх калон пераходзілі ўверсе ў стральчатыя аркі нясучых рэбраў вельмі тонкага крыжовага скляпення. Звонку меліся апорныя слупы-контрфорсы. Для гатычных збудаванняў характэрны востраканцовыя завяршэнні праёмаў, стрэльчатыя вокны з вітражамі, парталы, дэкаратыўная скульптура, галоўны фасад у цэнтры часта мае вялікае круглае вакно-ружу [1]. Готыка-адно з яркіх і цікавых з’яў ў гісторыі беларускага мастацтва якое адпавядае перыяду фармавання беларускай народнасці. Да ХІІІ ст. дойлідства Беларусі развівалася ў рэчышчы старажытна-рускай архітэктуры (бізантыйскай) з мясцовымі асаблівасцямі. Усяго налічваецца 18 выяўленых культавых пабудоў гэтага перыяду[2]. На вялікі жаль, ні водная культавая пабудова XIII-XIV ст. да нас не дайшла, хоць з гістарычных крыніц вядома, што яны існавалі ў Наваградку, Гародні, Вільні і Віцебску.Раскопкі паказалі, што верхняя царква ў Горадні і царква Навагрудскага замку будаваліся гатычнай тэхнікай муроўкі[3]. У ХІІІ ст. з’яўляюцца каменыя башні класу Донджон дзеля абарончых цэляў. Вялікая частка сродкаў і людскіх рэсурсаў накіроўвалася на будаўніцтва гарадскіх умацаванняў. Вядома, што і крыжакі і татары выкарыстоўвалі актыўныны штурм з дапамогай камнемётаў, таранаў (парокаў), штурмавых башняў. Самай цяжка даступнай для асаднай тэхнікі была каменная башня. Высока ўздымаючыся над горадам, яна дазваляла весці трапную стральбу па асадным машынам. На Беларусі ў каменных башнях былі памяшканні для сховы і жытла жыхароў і абаронцаў. Канструктыўна яны не адрозніваюцца ад башняў “донджон” у цэнтральнай Еўропе і Скандынавіі. Археалагічныя раскопкі сведчаць , што “данджоны” былі пабудаваны ў Каменцы, Навагародку, Берасці, Горадні, два ў Полацку, Мсціслаўлі, Пінску, Мядзелі, Тураве. Да цяперашняга часу захавалася башня ў Камянцы выкананая ў Раманскім стылі з элементамі ранняй готыкі[4]. Гатычныя формы – адны з першых формаў якія прыняла і распрацавала беларуская архітэктура. Першыя ўзоры ваеннай готыкі , створаныя пад непасрэдным уплывам нямецкіх крыжацкіх пабудоў, сустракаюцца ужо ў самых старых беларускіх замках, з якіх для нас найбольш цікавы і важкі – Лідзкі замак (кастэль)[5]. У ХІV ст. з’яўляецца агнестрэльная артылерыя. Донжоны ужо не могуць вытрымліваць моц узброеных сучаснай,да таго часу, тэхнікай крыжакоў. Таму пачынаецца умацаванне сценаў гарадоў і будаўніцтва кастэлей ( ХІІ-ХІV ст. ў заходней Еўропе называўся замак які меў адну ці две высокія вежы і будаваўся ў нізіннай багністай мясцовасці на штучнай выспе[6]. Наогул castel- замак у шмат якіх еўрапейскіх мовах, адсюль нашыя “касцёл” і “каштэлян”). З летапісаў вядома , што для іх будаўніцтва запрашаліся іншаземныя майстры. Напрыклад для будаўніцтва лідскай кастэлі , па меркаванні А.Трусава запрашалі Ганзейскіх майстроў. Адсюль элементы раманскай і гатычнай архітэктуры якія выяўляюцца у замках Крэва, Навагрудка, Трок, Ліды.І менавіта ў гэтую эпоху меняецца свядомасць Беларускага народу, наша дзяржава уваходзіць у шэраг заходнееўрапейскіх краін. Готыка ў кастэлях выяўляецца у стрэльчатых вокнах, крыжовых скляпеннях і гатычнай муроўце. З ХV ст. да нашых часоў захаваўся гатычны касцёл-прыгажун ў Ішкальдзі. Зараз з’явілась магчымасць рэканструяваць першапачатковы выгляд касцелу ў Усялюбе, захавалася акварэль з выглядам праваслаўнай Барысаглебскай царквы ў Навагрудку да ейнай перабудовы ў ХІХ ст. Усе яны першапачаткова будаваліся ў гатычным стылі[7]. У канцы ХV ў пачатку ХVІ ст. ў беларускім дойлідстве быў створаны рэдкі і самабытны тып абарончага 4-х вежавага храма. Такія храмы былі пабудаваны ў Полацку, Вільні, Берасце(у ім ў 1596г. была падпісана Берасцей-ская вунія), Горадне, Мураванцы, Сынкавічах ,Супраслі. Да нашага часу захаваліся цэрквы ў Мураванцы і Сынкавічах. Мураванкаўская(М.Мажэйкаўская) царква - характэрны для беларускай готыкі тып цытадэльнага царкоўнага будынку, умацаванага з дапамогай рагавых веж. Яе вывучалі І.Ядкоўскі, М.Шчакаціхін, А. Шышка-Богуш, У.Чантурыя, М.Ткачоў, А.Трусаў. Фундатарам будаўніцтва царквы лічыцца Шымка Мацкевіч. У літаратуры ХІХ ст. царква датавана пачатках ХV ст. на падставе вельмі спрэчнага дакумента 1648г[8]. У ім гаворыцца што “Отец Феодосій Воротынскі, протопоп Лідскі, до кніг мітрополітных … в Новогрудку будучі… подал ліст ограніченный церкві Мало Мажэйковской Мурованой грунтов, лесов, сеножатей, самого седліска і прочіх прінадлежностей, сходно стародавнего фундуша, учінённого чрез зошлого его мілості Шімка Мацкевіча Шклёнского, подконюшего Віленского, державца Ушпольского,Пенянского і Радунского, наданых і належачіх на тую ж церковь Мурованую, в повете Лідскім лежачую і ім побудованую, року 1407 мая 10 дня.” Дакладнасць гэтага дакумента не даказаная, бо няма спасылак на першакрыніцу. Яго супярэчлівасць таксама у тым, што ў 1407г. Шымкі Мацкевіча яшчэ не было на свеце. У 1542г. ён зрабіў завяшчанне на карысць царквы. Але тады яна ўжо стаяла. Ёсць звесткі што падчас рамонту 1871-1772 гг. быў знайдзены камень з надпісам”Хрістово раб Іерей Авраам, 1469г.”. Адсюль робіцца вывад,што царква ўжо існавала ў ХV ст., і пабудавана вялікім князем ВКЛ Вітаўтам у далёкім ад дарог і значных населенных пунктаў месцы. Аднак і гэтая знаходка не абгрунтавана, бо невядома, як валун трапіў у царкву. Напрыклад , яго маглі пакласці тут у час цырымоніі перанясення астанкаў духоўнай асобы з ранейшага храма, што даволі часта практыкавалася ў той час. Да канца не вядома і хто фундаваў будаўніцтва. Магчыма гэта быў князь Васіль Палубенскі, які ў 1514г. атрымаў ад караля Жыгімонта І пацвяржальную грамату на маёнтак Мажэйкаў[8]. З ХVI ст. царква становіцца грэка-каталіцкай(уніяцкай)[9].За час свайго існавання Мураванкаўская царква-крэпасць неаднойчы падвяргалася выпрабаванням. Пад час вайны, ў1656г. яна была моцна пашкоджана і адноўлена толькі праз некалькі гадоў. У 1706г. Царква ў в.Сынкавічы (пач 16 ст.) войскі Карла ХІІ , ідучы праз Жалудок на Палтаву, абстрэлялі па загаду караля царкву, якая здзівіла яго сваім незвычайным выглядам. Пасля гэтага яна моцна запусцела і была адноўлена як праваслаўная на пачатку ХІХ ст.( у інвентары царквы зроблены запіс ад 1804г. аб яе занядбаным выглядзе.). Адноўлена яна была , па адных крыніцах, у 1817г., па другіх – 1822г. Вядома, што быў перароблены верх франтонаў і адрамантаваны дах. Больш значна зменена аблічча храма ў выніку перабудовы 1871-1872г. Заходнія вежы вежы былі ўзняты на сажань і ў адной з іх зрабілі званіцу. Да заходняга фасаду прыбудавалі прытвор. Ва усходніх вежах зніклі драўляныя лесвіцы, была замуравана частка байніц, знятыя герсы жалезныя дзверы, якія пры небяспецы апускаліся . У адзін з рамонтаў ХІХ ст. у перадалтарнай частцы пабудавана сцяна, у 20-30я гады ХХ ст. яе разбурылі .У ХІХ ст. вакол храма была пастаўлена агароджа. І.Ядкоўскі ,які па даручэнню Маскоўскага археалагічнага таварыства даследваў царкву ў 1913г. датаваў яе першай паловай ХVІ ст. З гэтым быў згодны і М.М.Шчакаціхін. М.А. Ткачоў таксама датаваў храм першай паловай ХVI ст. дзесьці паміж 1516 і 1542 гг[8]. Мы далучаемся дагэтага меркавання. Дойлід які будаваў царкву, быў не толькі добрым архітэктарам і фартыфікатарам але і таксама вытанчаным мастаком-дэкаратарам. Сістэма гатычных сводаў характэрізуецца вытанчанасцью і тонкім малюнкам. Круглае вакно над уваходам – прыём звычайны для культавых пабудоў гатычных і раманскіх храмаў. У аснову дэкора фасада царквы пакладзена чаргаванне нішаў розных абрысаў і велічыні. Па задуме дойліда на франтоне царквы павінны бяліцца толькі нішы, якія белым колерам, раней, выразна кантраставалі з чырвоным фонам цаглянай муроўкі. Колеравыя кантрасты, пластыка франтона, гарызантальныя цягі на фасадах і ярусах сведчаць пра з'яўленне элементаў рэнесанснай архітэктуры[10]. У наш час, гэты помнік агульнанацыянальнага значэння зноў спазнаў на сябе прыкрыя змены: у 1997г. фундамент быў пакрыты сінтэтычнай шпаклёўкай бэзавага колеру, а страха замест чырвонай дахоўкі пакрыта бляхай. Готыка-ранні заходне-еўрапейскі стыль, маладосць цывілізацыіі. І тое што Беларусь мае адметныя гатычныя помнікі, сведчыць пра тое што наш народ ад сваіх пачаткаў з’яўляецца часткай Заходней цывілізацыі. З першай паловы ХVIст. У гатычнай архітэктуры Беларусі пачынаюць праступаць рэнесансныя матывы , але аб гэтым наступны артыкул. ДАДАТАК: [1] Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік.-Мн., 1993.- С.518. [2] А.М. Кушнярэвіч. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-ХVІ ст.-Мн., 1993.-С.19. [3] А.М. Кушнярэвіч. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-ХVІ ст.-Мн., 1993.-С.23. [4] М.А. Ткачев . Замки Белоруссии.-Мн., 1987.- С.10-12. [5] М. Шчакаціхін. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т.1. Мн., 1928.-С.153. [6] Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік.-Мн., 1993.- С.532. [7] А.М. Кушнярэвіч. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-ХVІ ст.-Мн., 1993.-С.42., 36., 58. [8] А.М. Кушнярэвіч. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ-ХVІ ст.-Мн., 1993.-С.72-74. [9] M. Narbutt . Lida i Lidziane. Ziemia Lidzka. № 26-27., 1997г. [10] А.І. Лакотка. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999,- С.175. Надрукавана ў "Лiдскiм Летапiсцу" № 11.

Опубликовано 03 сентября 2005 года




Ваше мнение?


© Portalus.ru, возможно немассовое копирование материалов при условии обратной индексируемой гиперссылки на Порталус.

Загрузка...

Прямая трансляция:

Сегодня в тренде top-100


О Порталусе Рейтинг Каталог Авторам Реклама