Рейтинг
Каталог
Порталус
база публикаций

ВСЕМИРНАЯ ИСТОРИЯ есть новые публикации за сегодня \\ 22.11.18


Гісторыя "знізу"

Дата публикации: 27 сентября 2004
Публикатор: maskaev
Рубрика: ВСЕМИРНАЯ ИСТОРИЯ ВОПРОСЫ ИСТОРИИ →
Номер публикации: №1096306931 / Жалобы? Ошибка? Выделите проблемный текст и нажмите CTRL+ENTER!


ШАРП ДЖИМ

18 чэрвеня 1815 г. паблізу сяла Ватэрлоа ў Бельгіі адбылася бітва. Кожнаму, хто вучыў гісторыю Вялікай Брытаніі, вядома, што ў выніку гэтай бітвы саюзніцкія войскі пад камандаю герцага Ўэлінгтана пры аказанай пазней, але вырашальнай падтрымцы прускіх сілаў на чале з Блюхерам перамаглі французскую армію Напалеона Банапарта, і гэткім чынам быў вырашаны далейшы лёс Еўропы. У наступныя пасля бітвы дні адзін з тых людзей, што дапамагалі вызначыць долю нашага кантынента, шараговец 51-га пяхотнага палка Ўільям Ўілер (William Wheeler) напісаў некалькі лістоў дадому сваёй жонцы: «Трохдзённая бойка скончаная. Я жывы-здаровы, і таго досыць. Цяпер пры кожным выпадку я буду апісваць дэталі вялікай падзеі — тое, што мне ўдалося назіраць на свае вочы... Калі надышла раніца 18 чэрвеня, можна было бачыць нас, наскрозь прамоклых ад дажджу, скарчанелых да калатуна... Калі я летась быў дома, Ты часцяком мяне лаяла за тое, што я палю, але мушу Табе сказаць: калі б тады ў мяне не было ладнага запасу тытуню, дык я проста аддаў бы Богу душу»1.
Ўілер працягнуў апісанне бітвы пад Ватэрлоа для сваёй жонкі ў самых вострасюжэтных момантах: пра тое, як ён трываў агонь французскай артылерыі; пра тое, як ягоны полк адным залпам знішчыў аддзел кірасіраў праціўніка; пра тое, як ён убачыў горы спаленых целаў брытанскіх выбранцаў у руінах замка Ўгумон; пра тое, як марадзёр забраў грошы ў афіцэра французскіх гусараў, забітага жаўнерам з Ўілеравага падраздзела. У кнігах па гісторыі гаворыцца, што бітву пад Ватэрлоа выйграў Ўэлінгтан. У пэўным сэнсе, яе выйгралі таксама Ўільям Ўілер ды тысячы такіх, як ён.

Цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў шматлікія сярод тых гісторыкаў, што даследуюць розныя гістарычныя перыяды, краіны і працэсы, усвядомілі той вялікі патэнцыял, перспектывы новых даследаванняў, якія раскрываюцца дзякуючы вывучэнню такіх крыніцаў, як ліставанне шарагоўца Ўілера са сваёй жонкай; і іх пачала моцна вабіць сама ідэя даследавання гісторыі з гледзішча, як у вышэйзгаданым выпадку, шарагоўца, а не высокапастаўленага вайсковага камандзіра. Традыцыйна, з часоў антычнасці, гістарычная навука разглядалася як расповед пра чыны знакамітых людзей. Цікавасць да больш дэталёвага вывучэння сацыяльнай ды эканамічнай гісторыі выявілася ў ХIХ ст., але галоўным аб'ектам гістарычнай навукі па-ранейшаму заставалася палітычная дзейнасць элітаў. Натуральна, існавала пэўная колькасць асобаў, што была незадаволеная гэткім станам рэчаў, і яшчэ ў 1936 г. Бэртальт Брэхт у сваім вершы «Пытанні чытача-рабочага», напэўна, з гранічнай яснасцю сфармуляваў наяўнасць патрэбы ў альтэрнатыўным поглядзе на тое, што можна назваць «гісторыяй славутых асобаў»2 . І ўсё-такі, відаць, было б справядліва зазначыць, што па-сур'ёзнаму пытанне наконт ператварэння гэтай ідэі ў рэальнасць не было пастаўлена аж да 1966 г., калі Эдвард Томпсан (Edward Thompson) апублікаваў артыкул пра «погляд на гісторыю знізу» ў літаратурным дадатку да газеты The Times3. Пасля згаданай публікацыі канцэпцыя «погляду на гісторыю знізу» зрабілася папулярнай тэмай для абмеркавання сярод гісторыкаў. У 1985 г. быў апублікаваны зборнік артыкулаў пад назваю «Гісторыя: погляд знізу»4, а ў 1989 г. у новым выданні кнігі, у якой асвятлялася гістарыяграфія грамадзянскіх войнаў у Англіі і наступнага перыяду часу, утрымліваўся раздзел пра вытокі падзеяў эпохі, названы «Гісторыя: погляд знізу»5. Гэткім чынам, цягам апошніх 20—30 гадоў было знойдзена слова-азначэнне для таго погляду на мінулае, якое ўтрымліваецца ў лістах Ўільяма Ўілера.

Гэты погляд знайшоў імгненны водгук сярод гісторыкаў, заклапочаных праблемай пашырэння межаў сваёй дысцыпліны, знаходжан ня новых сфераў даследаванняў і, перш за ўсё, тым, каб выкарыстаць гістарычны досвед тых людзей, чыё існаванне гэтак часта ўвогуле ігнаравалася, лічылася само сабою зразумелым або пабежна згадвалася ў кантэксце галоўных падзеяў гісторыі. Нават цяпер у курсе гісторыі, што выкладаецца ў старэйшых класах брытанскіх гімназіяў ды ва універсітэтах (і, можна меркаваць, што і ў аналагічных установах па ўсім свеце) досвед масаў людзей у мінулым усё яшчэ разглядаецца або як недаступны для вывучэння, або як неістотны, або ён увогуле не разглядаец ца ў якасці гістарычнай праблемы, ці, у самым лепшым выпадку, на простых людзей існуе погляд як на «адну з праблемаў, з якой мусіў сутыкацца ўрад»6. Адваротны пункт погляду быў з усёй выразнасцю сфармуляваны Эдвардам Томпсанам у 1965 г. у прадмове да адной з галоўных прац па англійскай гісторыі:

«Я хацеў бы выбавіць няшчаснага панчошніка, жняца-лудыта, „устарэлага" ткача за кроснамі, „утапічнага" рамесніка і нават уведзеных у зман наступнікаў Джааны Саўткот (Southcott) ад залішняй паблажлівасці з боку іх нашчадкаў. Іхнія прылады працы ды традыцыі могуць адміраць. Іх варожае стаўленне да індустрыяльнай рэвалюцыі можа выглядаць рэтраградным. Іхнія камунітарныя ідэалы могуць здавацца фантазіяй. Але ж яны жылі ў тыя часы вострых сацыяльных закалотаў, а мы — не»7.

У сувязі з гэтым Томпсан не толькі вызначыў агульную праблему ўзнаўлення досведу «простага» чалавека. Ён таксама засведчыў неабходнасць высілкаў для разумення людзей мінулага часу, у той меры, у якой гэта магчыма для сучаснага гісторыка з гледзішча яго ўласнага досведу і ягонай уласнай рэакцыі на такі досвед.

Мэтай напісання гэтага нашага артыкула з'яўляецца даследаванне — у той ступені, у якой гэта магчыма ў дачыненні да таго, што можа разглядацца як пэўная колькасць ключавых апублікаваных працаў — пэўнага патэнцыялу і праблемаў, што паўстаюць пры напісанні «погляду знізу» на гісторыю. Пры гэтым намі ўсведамляецца існаванне дзвюх надта розных — а ў значнай ступені і невырашальных — задачаў. Першая з іх палягае ў тым, каб пазнаёміць чытача з тым велізарным аб'ёмам тэматыкі, які паўстаў у выніку працы над тым, што можа быць, агулам кажучы, апісана як падыход да вывучэння «гісторыі знізу». Дыяпазон гэтай тэматыкі распасціраецца ад узнаўлення досведу сярэднявечных пірэнейскіх аўчароў да вывучэння сведчанняў нядаўніх індустрыяльных рабочых, чые ўспаміны фармуюць касцяк вуснай гісторыі. Другая наша задача палягае ў тым, каб адасобіць некалькі відавочных канцэптуальных ды ідэалагічных праблемаў, што ўзнікаюць пры фармаванні навуковага погляду на гісторыю «знізу». Акрэсліванне такога падыходу да гісторыі з'яўляецца шматабяцальным, але, як гэта часта бывае ў падобных выпадках, праблемы, звязаныя з вывучэннем мінуўшчыны, выявілі сябе больш складанымі, чым гэта здавалася напачатку.

Перспектыва стварыць погляд на гісторыю знізу, вывесці досвед бальшыні насельніцтва як з сітуацыі яго суцэльнага адмаўлення з боку гісторыкаў, гэтак і пазбавіць яго «паблажлівасці з боку нашчадкаў», паводле Томпсана, у сувязі з вышэйсказаным з'яўляецца прывабнай. Але, як мы ўжо зазначылі, вывучэнне гісторыі ў гэткі спосаб сутыкаецца з пэўнай колькасцю цяжкасцяў. Тое, што здавалася відавочным, перастае быць такім. Варта толькі прачытаць Томпсанава даследаванне перыяду фармавання рабочага класа ў Англіі, каб усвядоміць сабе, што — як бы крытычна ні ставіцца да ягонай інтэрпрэтацыі гэтай тэмы — цяжка сумнявацца ў тым, што яно заснаванае на вельмі вялікай і багатай зместам колькасці крыніцаў. Увогуле, аднак, чым далей гісторыкі пры рэканструяванні досведу простага люду імкнуцца зазірнуць у мінуўшчыну, тым болей абмежаванаю робіцца ступень даступнасці крыніцаў у іхнім распараджэнні. Як мы ўбачым далей, выдатная праца была зроблена на падставе такіх матэрыялаў, што адносяцца да ранейшых перыядаў гісторыі, але рэальнай праблемай застаецца тое, што дзённікі, мемуары ды палітычныя маніфесты, з якіх можна ўзнавіць жыцці і памкненні ніжэйшых слаёў, надта скупыя, калі гаворка ідзе пра гістарычны перыяд да канца XVIII ст. — калі не браць пад увагу некалькі адрэзкаў часу (напрыклад, 1640-я — 1650-я г. у Англіі). Па-другое, паўстае шэраг праблемаў да канцэптуалізацыі тэмы: дзе дакладна мусіць быць размешчанае гэтае «знізу» і што трэба будзе рабіць з поглядам на гісторыю «знізу», калі яна будзе некалі напісаная?

Складанасці, якія вынікаюць з пастаноўкі пытання: што ж за гісторыя ўзнікае «ўнізе», могуць быць выразна праілюстраваныя на прыкладзе адной з галінаў сацыяльнай гісторыі, якая бурна развіваецца ў апошнія гады — вывучэнні народнай культуры Еўропы ранняга Новага часу. Наколькі мы можам бачыць — калі не разглядаць яе як асаблівага кшталту астаткавую катэгорыю — ніводзін з гісторыкаў яшчэ не даў яснай дэфініцыі таго, чым жа была названая культура ў згаданую эпоху8. Галоўнай прычынай гэтага ёсць тое, што «народ», нават у далёкім ад нас шаснаццатым стагоддзі, утвараў сабою даволі разнастайную групу, падзеленую эканамічным расслаеннем, дамінавальнымі культурамі і полам. З гэтых меркаванняў нядзейсным з'яўляецца якое-кольвечы спрошчанае вызначэнне таго, што можа значыць слова «ўнізе» ў бальшыні гістарычных кантэкстаў 9.

Пытанне большай значнасці або мэтаў выкарыстання погляду на гісторыю «знізу» — гэткае самае важнае. Найлепш гэтыя праблемы маглі б быць унавочненыя са спасылкаю на працы тых гісторыкаў, што працуюць у рэчышчы марксісцкай традыцыі або традыцыі брытанскай лейбарысцкай гісторыі. Відавочна, што ўнёсак марксісцкіх гісторыкаў — тут, як і ўсюды — быў надзвычайны: насамрэч, адзін філосаф-марксіст сцвярджаў, што ўсе тыя, хто піша гісторыю «знізу», робяць гэта ў ценю Марксавай канцэптуалізацыі гісторыі 10. Хоць гэткія сцвярджэнні могуць выглядаць крыху перабольшанымі, трэба прызнаць, што навукоўцы, якія займаюцца сацыяльнай гісторыяй, павінны аддаць даніну Марксавым ідэям ды гісторыкам-марксістам; і, вядома, я не маю намеру далучацца да моднай цяпер схільнасці выступаць супраць адной з найбагацейшых у свеце інтэлектуальных традыцыяў. І ўсё ж нам здаецца, што гісторыкі-марксісты — перш чым прадстаўнікі розных традыцый стварэння сацыяльнай гісторыі выказалі меркаванне пра маштабнасць аб'екту яе вывучэння — прыхіліліся да тэндэнцыі абмежавання вывучэння гісторыі «знізу» тымі эпізодамі і грамадскімі рухамі, праз якія масы людзей былі ўцягнутыя ў адкрытую палітычную барацьбу або ў вядомыя сферы эканамічнай дзейнасці. Хоць у сваёй працы 1966 г. Томпсан імкнуўся пераступіць праз названыя абмежаванні, яны ўсё ж былі зыходным пунктам гэтага яго даследавання. Гістарычнае абгрунтаван не гэткага спосабу мыслення было пазней апісана Эрыкам Хобсбаўмам (Eric Hobsbawm). Хобсбаўм аспрэчваў само дапушчэнне, нібыта тое, што ён называе «гісторыяй просталюдзінаў» («grassroots history»), рэальна не выяўлялася да 1789 г. ці прыблізна таго часу. «Гісторыя простага люду як адмысловая галіна вывучэння, — пісаў ён, — пачынаецца з гісторыі масавых рухаў васемнаццатага стагоддзя... Бо зацікаўле насць марксістаў, або — калі сказаць больш агульна — сацыялістаў у гісторыі просталюдзінаў мацнела па меры росту рабочага руху». Як ён вызначыў далей, гэтая тэндэнцыя «сям-там моцна зашорыла вочы сацыялістычным гісторыкам» 11.

Пэўныя аспекты прыроды ўзнікнення згаданых шораў на вачах гісторыкаў былі асветленыя ў апублікаванай у 1957 г. кнізе Рычарда Хогарта пад назвай «Карысць ад пісьменнасці» (Richard Hoggart. The Uses of Literacy), да якой можна было б дадаць падзагаловак «Разбурэнне англійскага рабочага класа». Ведучы размову пра розныя падыходы да вывучэння рабочага класа, Хогарт выказаў засцярогі да чытачоў гісторыяў рухаў рабочага класа. Як і шмат хто яшчэ, Хогарт пасля прачытання многіх з гэтых працаў вынес уражанне, «што іх аўтары пераацэньваюць тую ролю, якую палітычная дзейнасць займала ў жыцці рабочага класа, што яны не заўсёды адэкватна разумеюць асновы гэтага жыцця»12. У сваёй працы 1966 г. Томпсан адзначыў адыход ад ранейшай канцэнтрацыі ўвагі з боку гісторыкаў працы на інстытуцыях працы і на выпрабаваных лідэрах ды ідэалогіі, хоць адначасова ім было заўважана, што названы працэс меў тэндэнцыю да выключэння з гісторыі працы яе пэўных істотных кампанентаў 13. Хобсбаўм, разглядаючы пытанне ў святле пашырэння аб'екта вывучэння гісторыі працы, здолеў зрабіць на гэтую тэму больш грунтоўныя каментары. Праблема палягала ў тым (як меркаваў Хогарт), што гісторыкі рабочага руху — марксісцкія або іншыя — вывучалі «не ўвесь просты люд, а толькі той просты люд, які мог лічыцца папярэднікам названага руху — да прыкладу, чартысты, трэйд-юніяністы, рабочыя актывісты». Гісторыя рабочага руху ды іншых інстытуцыяналізаваных утварэнняў, сцвярджаў ён далей, не павінна «замяніць сабою гісторыі самога простага люду»14.

Іншае самаабмежаванне, створанае галоўнай плынню гісторыі працы ў дачыненні да погляду на гісторыю «знізу», звязанае з перыядам часу, які аналізуецца. Той, хто знаёмы з ранейшай працай Томпсана і пазнейшай — Хобсбаўма, можа мець уражанне, што погляд на гісторыю «знізу» можа выказвацца толькі ў дачыненні да эпохі пасля Французскай рэвалюцыі. Як намі ўжо было адзначана, Хобсбаўм адчуваў, што менавіта развіццё масавых рухаў у канцы XVIII ст. прыцягнула ўвагу даследчыкаў да мажлівасці стварэння погляду на гісторыю знізу; далей жа ён працягваў сцвярджаць, што «Французская рэвалюцыя, найперш пасля таго як якабінства было адроджана ў сацыялізме, а Асветніцтва — у марксізме, стала выпрабавальным палігонам для гэткага кшталту гісторыі». Ставячы неўзабаве пасля гэтага пытанне, «чаму ў такой вялікай ступені гісторыя просталюдзінаў мела сваім падмуркам вывучэнне Французскай рэвалюцыі», Хобсбаўм спасылаўся на масавыя акцыі насельніцтва і архівы, створаныя «шматлікай і рупнай бюракратыяй», якая зафіксавала на паперы акцыі простага люду, а потым занялася класіфікаваннем і ўпарадкаваннем сваіх запісаў «на карысць гісторыкаў». Гэтае дакументаванне стварыла магчымасць узнікнення вялікай колькасці пазнейшых даследаванняў, і таксама было, як зазначыў Хобсбаўм, «лёгка чытэльнае, у адрозненне ад неразборлівых почыркаў аўтараў з шаснаццатага або семнаццатага стагоддзяў» 15.

Погляд на гісторыю знізу, аднак, не проста не быў выкладзены ў дачыненні да вядомай сучаснай палітычнай гісторыі тымі гісторыкамі, што няздольныя справіцца з палеаграфічнымі цяжкасцямі. Насамрэч, нягледзячы на тое, што канцэпцыя гісторыі «знізу» ў сваіх найважней шых момантах была распрацаваная англійскімі гісторыкамі-марксістамі, якія ў межах традыцыйных храналагічных рамак пісалі пра гісторыю працы ў Вялікай Брытаніі, усё-такі, напэўна, кніга, у якой утрымліваец ца гэткае бачанне мінулага і якая мела найбольшы ўплыў, была напісана французскім навукоўцам, што зрабіў аб'ектам свайго разгляду сярэднявечную пірэнейскую сялянскую супольнасць. Кніга Эманюэля Лё Руа Ладзюры (Emmanuel Le Roy Ladurie) «Мантайю», упершыню апублікаваная ў Францыі ў 1975 г., прыцягнула больш увагі, лепш разыходзілася і мела шырэйшы чытацкі водгук, чым бальшыня працаў па сярэднявечнай гісторыі 16. Вядома, яна выклікала і пэўную крытыку з боку навукоўцаў: былі пастаўленыя пэўныя пытанні пра метадалогію даследавання, ужытую Ладзюры, ды яго падыход да скарыстаных ім крыніцаў 17. Гісторыкі, што вывучаюць свой прадмет «знізу», натуральна, павінны быць гэткімі самымі дакладнымі ў гэтых пытаннях, як і любыя іншыя гісторыкі, і «Мантайю» ўяўляе сабою штосьці кшталту арыенціра пра напісанні гісторыі з гэтага гледзішча. Як падкрэсліваў аўтар названай кнігі, «хоць маюцца апісальныя гістарычныя працы пра сялянскія супольнасці, але нам даступна зусім няшмат матэрыялу, які можна разглядаць як сведчанне беспасярэдне саміх сялян»18. Лё Руа Ладзюры абышоў гэтую праблему, заснаваўшы сваё даследаванне на інквізітарскіх нататках, зробленых біскупам Пуацье Жакам Фурнье (Jaques Fournier) пад час яго расследаванняў ерасі ў перыяд паміж 1318 і 1325 г. Але, як бы тое ні было, праца «Мантайю» прадэманстравала не толькі тое, што погляд на гісторыю знізу можа зацікавіць чытачоў наогул, але і таксама тое, што пэўныя гатункі афіцыйных запісаў могуць быць скарыстаныя для даследавання ментальнасці і матэрыяльных дачыненняў мінулых пакаленняў.

Насамрэч, даследчыкі сацыяльнай ды эканамічнай гісторыі ўсё ў большай ступені пачынаюць выкарыстоўваць тыя дакументы, чыя асаблівая праўдзівасць у якасці гістарычных сведчанняў палягае ў тым, што іх складальнікі знарок і свядома не ставілі сабе за мэту рабіць свае запісы для нашчадкаў. Можна сабе ўявіць, што шмат хто з гэтых складальнікаў дакументаў быў бы ўражаны, а нават, магчыма, устрывожаны выкарыстаннем сучаснымі гісторыкамі тых судовых справаў, прыходскіх рэгістрацыйных кніг, тастамантаў ды манарыяльных актаў перадачы зямлі, якія былі імі складзеныя. Гэткая верагоднасць згаданых дакументаў можа быць у неабходных выпадках выкарыстаная пры разглядзе адкрытых акцыяў і публічна выказаных ідэяў або пры даследаванні няяўных дапушчэнняў, а таксама з мэтай забеспячэння колькасна грунтоўнага дакументавання досведу мінулага. Як зазначаў Эдвард Томпсан, «людзі абкладаліся падаткамі: спісы збору падаткаў з кожнага котлішча былі скарыстаныя не даследчыкамі гісторыі падаткаабкладання, а гісторыкамі дэмаграфіі. Людзі абкладаліся царкоўнай дзесяцінаю: пазямельныя кнігі выкарыстоўваліся ў якасці сведчанняў гісторыкамі дэмаграфіі. Людзі былі звычайнымі арандатарамі або трымальнікамі права арэнды: іх дакументы аб тэрмінах арэнды далучаліся да справаў манарыяльнага суда: на гэтыя важныя крыніцы маецца ўсё большы і большы попыт з боку гісторыкаў, не толькі дзеля знаходжання імі нейкіх новых доказаў, але і дзеля распачынання дыскусіяў, пад час якіх ставяцца новыя пытанні» 19.

Як відаць з вышэйсказанага, гэткія матэрыялы вельмі разнастай ныя. У пэўных выпадках, як гэта мела месца ў дачыненні да матэрыялаў, на якіх грунтуецца кніга «Мантайю», яны дазваляюць аднавіць выказванні людзей амаль гэтаксама дакладна, як тое робяць гісторыкі, што карыстаюцца магнітафонным запісам вусных выказванняў. У сваёй бальшыні вусныя крыніцы выкарыстоўваюцца гісторыкамі, якія робяць спробы вывучэння досведу простага люду, хоць, вядома ж, няма нейкай відавочнай прычыны сцвярджаць, што такі гісторык не павінен занатоўваць успаміны графіняў, плутакратаў ды біскупаў у той ступені, як і ўспаміны гарнякоў ды фабрычных рабочых20 . У кожным разе гісторык, які збірае вусныя сведчанні, мае відавочныя праблемы ў апытанні людзей, якія або памерлі да таго, як іх паказанні былі запісаныя, або іх сведчанні былі страчаныя для наступнікаў, і наўпроставыя звесткі гэткага кшталту, якія яны здольныя атрымаць, адмаўляюцца ў дачыненні да гісторыкаў ранейшых часоў. З іншага боку, як мы ўжо выказваліся на гэты конт, існуюць крыніцы, што дазваляюць гісторыкам такіх эпохаў вывучаць глыбей досвед ніжэйшых слаёў грамадства.

Лё Руа Ладзюры выкарыстаў адну такую крыніцу — нататкі Жака Фурнье. Іншая праца, што дэманструе, якім чынам гэты тып нататак прадстаўніка правасуддзя можа быць скарыстаны для стварэння іншага кшталту гісторыі «знізу», выйшла ў 1976 г.; гэта было італьянскае выданне кнігі Карла Гінзбурга (Carlo Ginzburg) «Сыр і чарвякі» 21. Мэтаю Гінзбурга было не рэканструяванне ментальнасці ды ладу жыцця сялянскай супольнасці, а хутчэй даследаванне інтэлектуальнага і духоўнага свету пэўнай асобы — млынара, чыё імя было Даменіка Скандэла (мянушка Мэнок'ё), народжанага ў 1532 г.; гэты чалавек жыў у Фрыулі (паўночна-ўсходняя Італія). Мэнок'ё зрабіўся ахвярай падкопаў інквізіцыі (урэшце, ён быў пакараны смерцю, хутчэй за ўсё ў 1600 г.), і вялікі том дакументаў, прысвечаных дадзенай справе, дазволіў Гінзбургу рэканструяваць шмат якія кампаненты сістэмы ягонай веры. Сама па сабе гэтая кніга ёсць прыкметным дасягненнем; пры гэтым Гінзбурга ва прадмова ўтрымлівае карысную дыскусію пра канцэптуальныя ды метадалагічныя праблемы рэканструявання культуры падпарадкаваных класаў у даіндустрыяльным свеце. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што «з таго факта, што нейкая крыніца не ёсць аб`ектыўнаю (у дадзеным пытанні, ані не ёсць таксама пералікам праблемаў), не вынікае, што яна бескарысная... Карацей кажучы, нават скупыя, фрагментарныя ды невыразныя дакументы могуць знайсці добры ўжытак»22 , і адпаведнае вывучэнне асобаў, праведзенае на такім узроўні, тым больш каштоўнае, чым болей агульнымі з'яўляюцца сінтэтычныя падыходы да сацыяльнай гісторыі. Праблема, натуральна, застаецца ў дачыненні да тыповасці такіх асобаў, але, пры належнай увазе да гэтага, працы гэткага кшталту на дадзеную тэму могуць ва ўсё большай ступені набліжаць нас да сутнасці праблемы, што вырашаецца.

Але ў сваіх спробах сфармаваць погляд на гісторыю знізу гісторыкі выкарыстоўвалі афіцыйныя і паўафіцыйныя дакументы, іншыя, чым паасобныя багатыя крыніцы. Адным з такіх прыкладаў ёсць Барбара А. Ханаўолт (Barbara A. Hanawalt), якая найактыўнейшым чынам выкарыстоўвала адну з найгалоўнейшых раней занядбаных крыніц англійскай сацыяльнай гісторыі, пратакол дазнання коранера (следчага, што вядзе справы аб гвалтоўнай смерці. — Заўвага перакладчыка ), пры рэканструяванні ладу жыцця сярэднявечнай сялянскай сям'і23. Гэтая даследчыца аспрэчвае сцвярджэнне, нібы дадзеныя дакументы пазбаўленыя ўхілаў, знойдзеных ў дакументах каралеўскіх, царкоўных або манарыяльных судоў, і робіць важную выснову (калі браць пад увагу вышэй абмеркаваную тэму), што асаблівасці матэрыяльнага існавання і сямейнага жыцця, зафіксаваныя ў гэтых дакументах, неістотныя ў дачыненні да галоўнай мэты, з якою рабіліся гэтыя нататкі, і таму не было ніякай неабходнасці іх скажаць. Як гэта часта бывае, калі маеш справу з афіцыйнымі паперамі, яны аказваюцца найбольш карыснымі пры ўжыванні іх дзеля мэтаў, пра якія іх складальнікі ніколі не мелі ўяўлення. Разам з іншымі гатункамі дакументаў Барбара Ханаўолт выкарыстала пратаколы дазнанняў дзеля стварэння ўяўлення пра матэрыяльнае асяроддзе, эканоміку хатняй гаспадаркі, перыяды жыццёвых цыклаў, спосабы гадавання дзяцей ды іншыя бакі штодзённага жыцця сярэднявечных сялян. У пэўным сэнсе яе праца дэманструе стратэгію, альтэрнатыўную той, якой прытрымліваліся Лё Руа Ладзюры ды Гінзбург: тут у большай ступені мы бачым дэталёвы аналіз вялікай колькасці дакументаў, чым стварэнне даследавання канкрэтнай падзеі, заснаванага на адной, надзвычай багатай крыніцы. Але бясспрэчным вынікам гэтага з'яўляецца тое, што праз гэта было прадэманстравана, якім чынам усё-такі іншы гатунак афіцыйнай дакументацыі можа быць выкарыстаны для фармавання погляду на гісторыю знізу.

Гэтае пашырэнне храналагічных межаў гісторыі, разгляданай знізу, і імкненне прыцягнуць больш шырокі спектр гістарычных з'яваў, чым палітычныя акцыі ды палітычныя рухі масаў, прывяло да пошуку іншых парадыгмаў, чым тыя, што прапаноўваліся традыцыйным марксізмам або даўнейшай канцэпцыяй гісторыі працы. Істотнай з'яўляецца патрэба ў дыялогу з марксісцкімі даследчыкамі, але факт застаецца фактам: ужыванне нават такога базавага паняцця марксізму, як клас, у дачыненні да даіндустрыяльнага грамадства выглядае праблематычным; пры гэтым цяжка ўяўляецца выразна марксісцкая пазіцыя наконт працэсу шаснаццатага стагоддзя ў Ёркшыры аб дыфамацыі або наконт Ўілтшырскіх падзеяў ХVII ст. На жаль, пошукі альтэрнатыўнай парадыгмы (хутчэй за ўсё яны толькі ледзьве пачаліся) пакуль што дасягнулі зусім невялікага поспеху. Шмат хто з гісторыкаў, найперш у кантынентальнай Еўропе, адчуў на сабе вялікі ўплыў французскай школы «аналаў» 24. Без усялякага сумневу, шмат якія з разнастайных даследаванняў, створаных аўтарамі, што працавалі ў традыцыях школы «аналаў», не толькі паглыбілі нашы веды пра мінулае, але і зрабілі велізарныя метадалагічныя адкрыцці, прадэманстраваўшы, якім чынам па-новаму можна выкарыстоўваць звыклыя гатункі дакументаў і якім чынам можна сфармуляваць новыя пытанні пра мінулае. Болей за тое, праясненне прадстаўнікамі названай школы канцэпцыі ментальнасці (mentalite) аказала неацэнную дапамогу гісторыкам, што рабілі спробы рэканструя вання разумовага свету прадстаўнікоў ніжэйшых слаёў грамадства. Мы, аднак, узялі б на сябе смеласць сцвярджаць, што найвялікшы ўнёсак у развіццё метадалогіі школы «аналаў» палягаў у дэманстраванні спосабу стварэння кантэксту, у межах якога можа быць напісаная гісторыя «знізу». Да прыкладу, веданне дынамікі руху цэнаў на збожжа ў канкрэтнай супольнасці цягам пэўнага перыяду часу істотным чынам дапамагае зразумець жыццё беднага люду: аднак гэткая выяўленая ў лічбах фактура не можа стварыць поўную карціну.

Іншыя даследчыкі заняліся пошукамі патрэбнай парадыгмы ў сферах сацыялогіі ды антрапалогіі. У гэтых выпадках таксама дасягненні тых, хто мае добрую падрыхтоўку і тонкае адчуванне, былі вялікімі, хоць нават тут пэўныя праблемы заставаліся; іншым жа давялося сутыкнуцца з няўдачамі. Сацыялогія (з гэтым нехта можа і спрачацца) мае больш істотнае значэнне для гісторыкаў індустрыяльнага грамадства, хоць некаторыя з яе гіпотэзаў не заўсёды з вялікай ахвотай былі ўжываныя ў дачыненні да таго кшталту даследаванняў, якім на практыцы аддаюць перавагу тыя, хто займаецца стварэннем погляду на гісторыю знізу25. Антрапалогія прываблівае да сябе пэўную колькасць гісторыкаў, што займаюцца Сярэднявеччам ды пачаткам Новага часу, хоць і ў гэтым выпадку не ўсё дагэтуль атрымлівалася беспраблемным 26. Паасобныя з названых праблемаў асвятляюцца ў працы Алана Макфарлэйна (Alan Macfarlane), прысвечанай працэсам над чараўнікамі ў Эсэксе за часы Цюдораў і Сцюартаў 27. Макфарлэйн меў намер напісаць тое, што можа быць акрэсленым як погляд знізу на гісторыю чараўніцтва. У дачыненні да знакамітых асобаў спробу распрацоўкі гэтай тэмы раней зрабіў Х'ю Трэвар-Роўпэр (Hugh Trevor-Roper), які ў сваёй манаграфіі пра гісторыю чараўніцтва ў Еўропе ранняга Новага часу абвясціў, што яго не цікавіць «проста вера ў чараўнікоў: гэтая звычайная лёгкавернасць вясковага люду, якую антраполагі фіксуюць для ўсіх часоў і ў кожным месцы»28. Макфарлэйн, наадварот, захапіўся «проста верай у чараўнікоў» і стварыў кнігу, што стала паваротным пунктам у нашым разуменні гэтай тэмы. Адным з найбольш уражвальных момантаў у ягоным праекце было ўжыванне вынікаў антрапалаг ічных доследаў у дачыненні да гістарычнага матэрыялу. Вынікам было паглыбленне нашага разумення функцыі чараўніцтва ў сельскай грамадзе і таго, як найчасцей абвінавачванні ў вядзьмарстве прадукавалі ся фактычна выбудаванай сістэмай міжасабовых канфліктаў. Але ўсё-такі і антрапалагічны падыход мала дапамагаў чытачам у разуменні значна большага дыяпазону актуальнасці дадзенай тэмы па-за вясковай супольнасцю: чаму магло здарыцца так, што ў 1563 г. у парламенце быў прыняты закон, які дазваляў пакаранне за шкоднае вядзьмарства і чаму ў 1736 г. быў прыняты іншы заканадаўчы акт, згодна з якім легальнае пакаранне за чараўніцтва рабілася немажлівым. Мікрагістарыч ны падыход, якому аддаецца перавага пры выкарыстанні антрапалагі чных мадэляў, можа лёгка затушаваць больш агульную праблему таго, дзе знаходзіцца ўлада ў грамадстве, узятым як цэлае, і як функцыянуе гэтае грамадства.

Па-за межамі ўсяго нашага абмеркавання засталося фундаментальнае пытанне: ці гісторыя «знізу» ўяўляе сабою падыход да вывучэння гісторыі, або гэта асаблівы тып гісторыі? Любое гледзішча можа быць аспрэчанае з розных бакоў. Разгляданая як падыход, гісторыя «знізу» заканамерна выконвае дзве вельмі істотныя функцыі. Першая палягае ў тым, каб выконваць карэктавальную ролю ў дачыненні да гісторыі знакамітых асобаў — паказваць, што ў бітве пад Ватэрлоа браў удзел шараговец Ўілер, гэтаксама як і герцаг Ўэлінгтан, або што эканамічнае развіццё Вялікай Брытаніі, якое каля 1815 г. набірала тэмп, уключала ў сябе тое, што было апісана Томпсанам як «няшчасная, уся скрываўленая пяхота Прамысловай рэвалюцыі, без чыёй працы і без чыйго ўмельства яна засталася б адно няспраўджанай гіпотэзай» 29. Па-другое, прапаноўваючы названы альтэрнатыўны падыход, гісторыя «знізу» стварае магчымасці больш плённага сінтэзавання разумення гісторыі, злучэння гісторыі сённяшняга досведу людзей з аб'ектам даследавання больш традыцыйных тыпаў гісторыі. У той жа час, варта было б аспрэчыць тэзу, нібыта аб'ект вывучэння гісторыі «знізу», праблемы яе дакументавання і, мажліва, палітычныя погляды шмат каго з яе даследчыкаў утвараюць нейкі асаблівы тып гісторыі. Натуральна, што ў пэўным сэнсе бывае цяжка правесці выразную рысу паміж тыпам гісторыі ды падыходам да гэтай дысцыпліны ў цэлым: эканамічная гісторыя, інтэлектуальная гісторыя, палітычная гісторыя, ваенная гісторыя і г.д. прыносяць найменшы эфект, калі яны разглядаюцца паасобку, нібы ў герметычна замкнёных скрынях. Любы тып гісторыі выйграе ад шырыні поглядаў таго гісторыка, што яе стварае.

У сувязі з вышэйсказаным можна было б меркаваць, што погляд на гісторыю знізу сам па сабе выглядае найбольш эфектыўна, калі ён змяшчаецца ў пэўны кантэкст. Гэтак, у першым нумары перыядычнага выдання «History Workshop Journal», у вялікай ступені прысвечанага даследаванням менавіта гэтага тыпу гісторыі, рэдакцыйная калегія абвясціла, што «наш сацыялізм вызначае нашу заклапочанасць простым людам у мінулым, іх жыццё і працу, і думку, і індывідуальнасць, гэтаксама як кантэкст ды чыннікі, што фармуюць яго класавы досвед» і што «ў гэткай самай меры ён вызначае тую ўвагу, якую мы будзем аддаваць капіталізму» 30. Як мы бачым, такія эмацыйныя сцвярджэнні нагадваюць нам, што тэрмін «гісторыя знізу» імплікуе, што існуе нейкае паняцце вышэйшага парадку, з якім ён суадносіцца. Гэтае дапушчэнне, у сваю чаргу, падразумявае, што гісторыя «простага люду», нават калі да вывучэння прыцягваюцца тыя бакі яго мінулага досведу, якія маюць выразна палітычны характар, не можа быць адлучана ад шырэйшага разгляду грамадскай структуры і грамадскай улады. Гэтая выснова, зноў-такі, сутыкае нас з праблемаю вызначэння таго, якім чынам гісторыя, разгляданая «знізу», можа быць дапасаваная да шырэйшых канцэпцыяў гістарычнай навукі. Ігнараваць гэтае гледзішча, маючы дачыненні з поглядам на гісторыю знізу або з любым іншым тыпам сацыяльнай гісторыі — значыць рызыкаваць апынуцца пад пагрозаю моцнай фрагментарызацыі гістарычных доследаў — мажліва, нават пэўнай нядаўна паўсталай іх антыкварыятызацыі . На гэтую небяспеку ў 1979 г. паказваў Тоні Джат (Tony Judt). Няма неабходнасці цалкам падзяляць гледзішча Джата, каб адначасна сімпатызаваць яго клопату наконт таго, «што ў найноўшай сацыяльнай гісторыі няма месца палітычнай ідэалогіі — у якой-кольвечы большай ступені, чым гэта адносілася да сацыялогіі, з якой апошняя паходзіла; ...сацыяльная гісторыя, як намі выказвалася меркаванне вышэй, трансфармавалася ў пэўны гатунак рэтраспектыў най культурнай антрапалогіі» 31.

Гісторыя «знізу» як тып гісторыі ставіць іншае пытанне — пашырэння чытацкай аўдыторыі прафесійнага гісторыка, стварэння больш шырокага доступу да гісторыі прафесійнага ўзроўню, чым яна звычайна мела дзякуючы акадэмічным даследчыкам гісторыі ды іх вучням. У вышэйназваным артыкуле 1966 г. Томпсан адзначаў, што Тоні (Tawney) ды іншыя гісторыкі яго пакалення мелі «надзвычайна шырокі, актыўны кантакт з аўдыторыяй па-за магільным склепам акадэмічнай установы» і, відавочна, шкадавалі з тае прычыны, што гэта было чымсьці такім, чаго не хапала самым сучасным даследчыкам гісторыі 32. Апошнім часам гэтае самае пытанне ўздымалася яшчэ адным аўтарам, чые ідэалагічныя пазіцыі надта розняцца з пазіцыямі Томпсана, — Дэвідам Кэнадынам (David Cannadine). Адзначаючы масавае пашырэнне гісторыі як універсітэцкай дысцыпліны ў пасляваеннай Вялікай Брытаніі, Кэнадын пракаментаваў гэты факт, сцвярджаючы, што «шмат якія аспекты гэтай новай, прафесійнай версіі брытанскай гісторыі былі цалкам недаступныя для шырокай аматарскай аўдыторыі, хоць задавальненне цікаўнасці апошняй да свайго нацыянальнага мінулага некалі было першаснай функцыяй гістарычнай навукі. Адным з парадаксальных вынікаў гэтага беспрэцэдэнтнага часу пашырэння дысцыпліны было тое, што ўсё болей і болей акадэмічных гісторыкаў пачало пісаць усё болей і болей акадэмічную гісторыю, якую чытала ўсё меней і меней людзей»33 .

Адной з найгалоўнейшых мэтаў гісторыкаў, што займаюцца стварэннем гісторыі, разгляданай «знізу», а асабліва тых, хто піша з сацыялістычнага або лейбарысцкага гледзішча, была спроба выправіць гэтае становішча праз пашырэнне сваёй аўдыторыі і, магчыма, праз стварэнне народнай версіі гэтага новага варыянту нашай сінтэзаванай нацыянальнай гісторыі, наконт знікнення якой выказваў шкадававанне Кэнадын. Пакуль што іх намаганні не былі паспяховымі, і гісторыя знакамітых людзей, здаецца, па-ранейшаму валодае грамадскім густам. Сам Хобсбаўм без асаблівага поспеху імкнуўся пашырыць кола чытачоў біяграфіямі вядучых палітыкаў 34.

Пры ўсім тым, імкненне да павелічэння доступу да ўсведамлення нашага мінулага праз погляд на гісторыю «знізу» ўсё яшчэ з'яўляецца прыцягальным. Аднак застаецца небяспека ўзнікнення чагосьці кшталту вышэйзгаданай фрагментарызацыі гістарычных ведаў і вышэйзгаданай дэпалітызацыі гісторыі, якая гэтак раздражняла Т.Джата. Масавая цікавасць да гісторыі знізу — як гэта вядома любому, хто сутыкаўся з гэтымі пытаннямі пад час галіновых сустрэч Гістарычнай асацыяцыі — часта абмяжоўваецца тым, што можа быць абазначана як погляд на мінулае грамадства «знізу ўверх, зверху ўніз». Пры гэтым названая праблема пэўным чынам абвастраецца праз тое, што мы цяпер прывыкаем апісваць як грамадскую гісторыю. Гэткае гледзішча грунтуецца на ўсведамленні, што людзі рабілі ў мінулым розныя (і таму, як падразумяваецца, выпадковыя) рэчы, і што шмат хто з іх цярпеў матэрыяльныя страты ды трываў цяжкія выпрабаванні, якія дазваляюць нам сёння параўноўваць колішняе цяжкое існаванне з нашымі сучаснымі лягчэйшымі ўмовамі. Але ў надта малой ступені робяцца спробы пайсці далей ці разгледзець гістарычныя праблемы на ўзроўні, вышэйшым за нейкія моманты прыватнага жыцця або за ізаляваны мясцовы досвед. Нават тыя даследчыкі, якія маюць досыць шырокі погляд на мінулае народа, не пазбеглі тых уплываў антыкварыятызму, якія акадэмічныя гісторыкі ставяць у дакор сваім канцэптуальна ці ідэалагічна добра ўзброеным калегам. Гэтак, Родэрык Флаўд (Roderick Floud), крытыкуючы пазіцыю групы, што мае выразнае ўяўленне пра важнасць гісторыі народа, змог выказаць прэтэнзію, што «раз-пораз, насамрэч, стыль працы гістарычнай лабараторыі набліжаўся да левага антыкварыятызму — збірання і публікавання малаістотных звестак пра жыццё рабочага класа»35. Хоць не кожны можа пагаджацца з агульнай тэндэнцыяй пошуку аргументаў, што выкарысто ўваюцца Флаўдам, ёсць мала сумневаў у тым, што ён акрэсліў сапраўдную праблему.

Магчымым адказам на гэтую крытыку, вядома, магло б быць сцвярджэнне, што датуль, пакуль пэўны «левы антыкварыятызм» дазваляў будаваць салідны корпус адпаведных матэрыялаў — нават праз збіранне і публікацыю малаістотных звестак, — можа заставацца крыху спадзяванняў на стварэнне грунтоўнага сінтэзу іх або значна шырэйшага погляду на праблему. Па-другое — і гэта, мажліва, больш істотна — можна было б адказаць, што даследаванні асобных выпадкаў і да т.п., змешчаныя ў адпаведны кантэкст, могуць прывесці да фармавання куды больш грунтоўнага падыходу, чым «антыкварыятызм». Пры адпаведных варунках (праца Карла Гінзбурга пра Даменіка Скандэлу, здаецца, неблагі прыклад гэтага) даследчык гісторыі, разгляданай знізу, можа ў вялікай ступені займець выгаду ад выкарыстання таго, што антраполагі маглі б акрэсліць як тоўстая праца36. Інтэлектуальная праблема, што вынікае з ужывання гэткай методыкі, павінна быць вядомая сацыяльным гісторыкам — а менавіта праблема змяшчэння грамадскай падзеі ў яе ўсеабдымны культурны кантэкст, гэтак, каб яе можна было вывучаць хутчэй на аналітычным, чым проста на апісальным узроўні. Відавочна, аднак, што гэты працэс можа быць зваротным, і калі ўсталюецца пэўнае разуменне дадзенага канкрэтнага грамадства, ізаляваная грамадская падзея або асоба (як гэта мела месца ў адзінкавым, але ўдакументаваным выпадку з фрыульскім млынаром) можа быць скарыстаная для таго, каб пракласці шлях для глыбейшага разумення гэтага грамадства. Гісторыку няма патрэбы прыстасоўваць семіятычную парадыгму культуры, прыхільнікамі якой з'яўляюцца такія антраполагі, як Кліфард Гірц (Clifford Geertz), каб ацаніць патэнцыйную бескарыснасць гэтай метадалогіі. І карэнная праблема, да якой звяртаецца Гірц — праблема разумення людзей, якія сваёй культурай адрозніва юцца ад нас саміх, і праблема выкладу грамадскай рэчаіснасці навуковай мовай кніг, артыкулаў або лекцыяў — вядома ж, належыць да тых, што добра вядомыя даследчыку гісторыі «знізу».

Мы спадзяемся, што папярэдняй часткай нашага артыкула (калі не чым-кольвечы яшчэ) чытач ужо быў перакананы, што стварэнне гісторыі «знізу» з'яўляецца праектам, які даказаў сваю надзвычайную плённасць. Ён прыцягнуў увагу гісторыкаў, што вывучаюць розныя грамадствы мінулых часоў — як геаграфічна, гэтак і храналагічна: ад трынаццатага да дваццатага стагоддзя. Гэтыя гісторыкі паходзяць з розных краінаў і з розных інтэлектульных традыцыяў ды ідэалагічных асяродкаў. Ствараючы гісторыю «знізу», гэтыя гісторыкі ў найскладаней шых выпадках шукалі падтрымкі з усіх бакоў — да прыкладу, рабілі падлікі з дапамогай кампутара, выкарыстоўвалі антрапалагічную тэорыю — і іх здабыткі з'явіліся ў самых разнастайных формах: ад сухога навуковага артыкула да кнігі-бэстсэлера. Цяпер надышоў той момант, калі можна зрабіць пэўныя высновы адносна той працы, што была здзейснена ў плодным, хоць і неўпарадкаваным закутку сада багіні Кліо.

Самае меншае, зразумелым стала тое, што пэўная колькасць гісторыкаў дасягнула поспеху ў пераадоленні немалых перашкодаў, што ўскладняюць практычную працу па стварэнні погляду на гісторыю знізу. Канкрэтней кажучы, шэраг даследчыкаў усвядоміў неабходнасць канцэптуальнага якаснага скачка ў стымуляванні свайго разумення ніжэйшых слаёў насельніцтва ў грамадствах мінулых часоў і ў выніку гэтага паспяхова прадоўжыў інтэлектуальную атаку ў гэтым кірунку. Эдвард Томпсан, Карла Гінзбург, Эманюэль Лё Руа Ладзюры ды астатнія, знаходзячыся на розных стартавых пазіцыях і маючы на мэце розныя навуковыя задачы, здолелі прадэманстраваць, якім чынам уяўленне можа ўзаемадзейнічаць з даследчыцкімі метадамі дзеля пашырэння нашага погляду на мінулае. Болей за тое, праца гэтых ды іншых гісторыкаў паказала, якім чынам гістарычнае ўяўленне можа стасавацца не толькі да фармавання новых канцэпцыяў разумення аб'екту вывучэння гісторыі, але і да пастаноўкі новых пытанняў у дачыненні да дакументаў да разнастайнага іх выкарыстання. Два або тры дзесяцігоддзі таму шмат хто з гісторыкаў з відавочных прычынаў адмаўляў мажлівасць стварэння сур'ёзнай гісторыі тых рэчаў, што сталі сёння для нас звыклымі, — злачынстваў, народнай культуры, народнай рэлігіі, сялянскай сям'і. Ад тых даследчыкаў Сярэднявечча, што імкнуцца рэканструяваць жыццё сялянскіх супольнасцяў да гісторыкаў сучаснасці, што робяць запісы вусных сведчанняў прадстаўнікоў ранейшых пакаленняў дваццатага стагоддзя, усе гісторыкі, што распрацоўваюць погляд на гісторыю знізу, прадэманстравалі, якім чынам узбагачанае ўяўленнем выкарыстанне крыніцаў можа праясніць шмат якія сферы гісторыі, што лічыліся асуджанымі на тое, каб заставацца ў непрагляднасці.

Пры гэтым значэнне гісторыі, разгляданай знізу, палягае значна глыбей, чым у тым, каб проста ствараць для гісторыкаў магчымасць дэманстраваць, што яны могуць быць багатыя на ўяўленне ды па-наватарску падыходзіць да справы. Гісторыя «знізу» таксама дае магчымасць узнавіць сваю гісторыю тым сацыяльным групам, якія лічылі яе ўжо назаўсёды страчанай або і не ўсведамлялі яе існавання. Як намі ўжо было адзначана, першпачатковае апісанне погляду знізу на гісторыю Французскай рэвалюцыі або на гісторыю рабочага руху ў Вялікай Брытаніі выклікае пэўныя праблемы, хоць праўдай застаецца тое, што даследаванне гісторыі масаў васемнаццатага стагоддзя або рабочага класа дзевятнаццатага стагоддзя дало некалькі самых пераканаўчых прыкладаў нечаканага адкрыцця гісторыі рэальных класаў насельніцт ва. Задачы гістарычнай навукі розныя, але адною з іх з'яўляецца стварэнне адчування самаідэнтыфікацыі для тых, хто піша і хто чытае, — адчування таго, адкуль яны паходзяць. На больш агульным узроўні гэта можа набываць форму ролі гісторыі (хоць яна сама ёсць часткай нацыянальнай культуры) у нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Гісторыя, разгляданая знізу, можа адыгрываць істотную ролю ў гэтым працэсе праз напамінак нам, што наша ідэнтычнасць была сфармаваная не толькі манархамі, прэм'ер-міністрамі ды генераламі. Гэтае гледзішча вядзе да іншых меркаванняў. У кнізе па гісторыі групы насельніцтва, што, без сумневу знаходзілася «знізу» — чарнаскурых нявольнікаў у Злучаных Штатах перыяду да Грамадзянскай вайны, — Юджын Д. Джэнавэзэ (Eugene D. Genovese) адзначаў, што яго галоўнай мэтаю было даследаваць «пытанне нацыянальнай прыналежнасці — ідэнтычнасці , якое ўплывала на афра-амерыканскую гісторыю ад самых яе каланіяльных пачаткаў» 37. Апроч таго, як гэта мае месца з даследаваннем Томпсана пра рабочы клас Англіі, выкарыстанне гісторыі для самаідэнтыфікацыі народа з'яўляецца фундаментальным. Разам з тым, варта звярнуць увагу, што названая кніга Джэнавэзэ мае падзагаловак: «Свет, пабудаваны нявольнікамі». Паводле Джэнавэзэ, людзі, якія былі аб'ектам яго даследавання, хоць без сумневу і стаялі на ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы, выявілі сябе здольнымі стварыць свой свет: гэткім чынам, яны былі гістарычнымі дзейнымі асобамі, яны стваралі гісторыю, а не былі проста «праблемаю», праз якую белыя палітыкі ды жаўнеры былі ўцягнутыя ў грамадзянскую вайну і якую белыя палітыкі ў дадзеным выпадку меліся «вырашаць». Бальшыня з тых, хто займаўся гісторыяй «знізу», у агульным сэнсе павінна падзяляць меркаванне, што адным з вынікаў таго, што яны мелі гэткі падыход да гісторыі, была дэманстра цыя таго, што прадстаўнікі ніжэйшых слаёў грамадства былі дзейнымі асобамі, чые ўчынкі мелі уплыў (часам абмежаваны) на свет, у якім яны жылі. Мы вяртаемся да палемічнага сцвярджэння Эдварда Томпсана пра тое, што просты люд не быў толькі «адной з праблемаў, з якімі сутыкаўся ўрад».

Але мы павінны, на жаль, прызнаць, што, хоць канцэпцыя гісторыі «знізу» вядомая нам ужо цягам больш як двух дзесяцігоддзяў, яна пакуль што мае адносна нязначны ўплыў на галоўную плынь гістарычнай навукі або на эвалюцыю поглядаў гісторыкаў — прадстаўнікоў згаданай плыні. Для таго, каб заняцца гэтай праблемай пэўным грунтоўным чынам, уводныя курсы гісторыі могуць няшмат распавесці пра сутнасць аб'екта яе вывучэння. Жадаючы даведацца, пра што пішацца гісторыя або як яна пішацца, бальшыня тых, хто яе вывучае, звяртаецца (ці яе скіроўвае) да пэўным чынам ужо састарэлай працы Э.Г.Кара (E.H.Carr) «Што такое гісторыя?». Там яны могуць знайсці досыць абмежаваны выклад таго, якім мог бы быць адказ на гэтае інтрыгоўнае пытанне. Напрыклад, яны высветляць, што ў Кара не было той глыбіні ўяўлення пра аб'ект вывучэння гісторыі, якую дэманструюць сучасныя гісторыкі і якую прадэманстравалі ўжо Брадэль і іншыя аўтары з ранняй школы «аналаў» раней, чым была напісана кніга Кара. Вось жа, яго сцвярджэнне, што «пераправа Цэзара цераз невялікую рэчку Рубікон з'яўляецца фактам гісторыі, а пераправа цераз Рубікон мільёнаў людзей перад тым ці пасля таго не цікавіць анікога», можа быць патлумачана так, што яму нічога не было вядома пра гісторыю транспарту, міграцыяў, геаграфічных перамяшчэнняў. Аналагічным чынам, тыя праблемы, што ён мае з прызнаннем забіцця насмерць прадаўца імберцавых пернікаў у Стэйлібрыдж Ўэйкс (Staleybridge Wakes) у 1850 г. у якасці факта гісторыі (існуе падазрэнне, што ў прадаўца пернікаў быў больш выразны погляд на дадзеную праблему) сведчаць пра тое, што Кар не разглядаў гісторыю злачынстваў як частку гісторыі 38. Калі будзе напісана кніга, якая б замяніла Караву працу ў якасці ўводзінаў у вывучэнне гісторыі, відавочна трэба, каб яе аўтар, у святле гісторыі, разгляданай «знізу» і нядаўніх больш аб'ёмных даследаванняў па сацыяльнай гісторыі, меў шырэйшы погляд на мінулае.

Наша заключная заўвага датычыць таго, што якой бы ні была каштоўнай гісторыя «знізу» з гледзішча яе патрэбнасці ў вызначэнні ідэнтычнасці ніжэйшых слаёў грамадства, яна павінна быць выведзеная з гета (або прасёлка, вуліцы рабочага прадмесця, трушчобаў ці шматкватэрных дамоў) і выкарыстоўвацца для крытыкі, удакладнення і ўзмацнення галоўнай плыні гістарычнай навукі. Даследчыкі гісторыі «знізу» не толькі прарабілі вялікі аб'ём працы, які дазваляе нам больш ведаць пра мінулыя часы: яны таксама давялі, што ёсць нашмат больш працы, што шмат якія з яе таямніцаў усё яшчэ акрытыя змрокам няведання, які мусіць быць развеяны. Гэткім чынам, погляд на гісторыю «знізу» захоўвае сваю падрыўную аўру. У аддаленай перспектыве можна прадчуваць небяспеку — як гэта мела месца ў дачыненні да школы «аналаў», — што яна можа стаць новай догмай, але на сённяшні дзень яна ўсё яшчэ паказвае свой доўгі нос галоўнай плыні гістарычнай навукі. Натуральна, надалей будуць існаваць гісторыкі — як акадэмічныя, гэтак і папулярныя, — якія будуць прымудрацца пісаць кнігі, дзе адкрыта ці прыхавана будзе адмаўляцца магчымасць істотнага гістарычнага перагляду жыцця масаў; але іхнія аргументы на карысць такога падыходу будуць рабіцца ўсё болей і болей хісткімі. Гісторыя, разгляданая знізу, дапамагае пераканаць тых з нас, што былі народжаныя не ў арыстакратычных варунках, што мы маем сваё мінулае, што мы аднекуль з'явіліся на гэтым свеце. Але з цягам часу яна таксама будзе выконваць важную ролю ў карэктаванні і ўзмацненні той плыні ў палітычнай гісторыі, што ўсё яшчэ лічыцца агульнапрынятай і кананічнай ў даследаваннях брытанскіх гісторыкаў.

Пераклаў з ангельскай Лявон Баршчэўскі

Jim Sharpe. History from Below//Burke P. (ed.) New Perspectives on Historical writing. Oxford, 1992. P.24—41.

1 The Letters of Private Wheeler 1809—1828 (ed. B.H.Liddell Hart). London, 1951, 168—72.
2 Brecht B. Poems (ed. Willett J. and Manheim R.). London, 1976, 252—3. (Беларускі пераклад верша гл. у: Брэхт Б. На шалях праўды. Мінск, 1988. С.55—56).
3 Thompson E.P. History from Below // The Times Literary Supplement, 7, April 1966, 279–80. Абмеркаванне крыніцаў Томпсанавых высноваў гл. у: Kaye H.J. The British Marxist Historians: an Introductory Analysis. Cambridge, 1984.
4 History from below: Studies in Popular Protest and Popular Ideology (ed. Krantz F.). Oxford, 1988. Першапублікацыя зборніка на французскай мове: Манрэаль, 1985.
5 Richardson R.C. The Debate on the English Revolution Revisited. London, 1988, chapter 10, «The twentieth Century: History from Below».
6 Thompson, History from Below, 279.
7 Thompson E.P. The Making of the English Working Class. London, 1965, 12—13.
8 Гл., напрыклад, абмеркаванне гэтай праблемы ў: Burke P. Popular Culture in Early Modern Europe. London, 1978, 23—64; (Беларускі пераклад гэтай працы гл.: Бэрк П. Народная культура Эўропы ранняга Новага часу. Мінск, 1999. С.20—21); і Reay B. Introduction: Popular Culture in Early Modern England // Popular Culture in Seventeenth–Century England (ed. Reay B.). London, 1985.
9 Шляхам падыходу да вывучэння гэтай праблемы ёсць вывучэнне досведу розных элементаў ніжэйшых слаёў грамадства, часам праз адасобленае вывучэнне канкрэтнай падзеі. З працаў, дзе мае месца такі падыход, абедзьве з якіх ёсць істотным унёскам у гісторыю, разгляданую «знізу», гл.: Davis N.Z. Society and Culture in Early Modern France. London, 1975; Sabean D. Power in the blood: Popular Culture and Village Discourse in Early Modern Germany. Cambridge, 1984.
10 Callinicos A. The Revolutionary Ideas of Karl Marx. London, 1983, 89. Варта, наадварот, зазначыць, што няма падставаў меркаваць, чаму марксісцкі падыход не можа мець вынікам вельмі эфектыўнае даследаванне гісторыі «зверху»: гл. каментары ў Anderson P. Lineages of the Absolutist State. London, 1979, 11.
11 Hobsbawm E.J. History from below // History from Below (ed. Krantz), 15.
12 Hoggart R. The Uses of Literacy: Aspects of Working-Class Life with Special Reference to Publications and Entertainments. Harmondsworth, 1958, 15.
13 Thompson, History from Below, 280.
14 Hobsbawm, Some Reflections, 15.
15 Тамсама, с. 16. Нягледзячы на скептыцызм, які можна мець у дачыненні да унікальнага характару даробку гісторыкаў Французскай рэвалюцыі, застаецца зразумелым, што працы, дзе гаворка ідзе пра названы перыяд, сталі важкім унёскам у кананічную гісторыю «знізу», пачынаючы ад такіх наватарскіх працаў, як: Lefebvre G. Les Paysans du Nord. Paris, 1924; idem, The Great Fear of 1789. Paris, 1932 (ангельскі пераклад, New York, 1973), і аж да апошняй працы Рычарда Коба (Richard Cobb).
16 Па–ангельску выйшла як: Montaillou: Cathars and Catholics in a French Village 1294–1324. London, 1978.
17 Глядзі напрыклад: Boyle L.E. Montaillou Revisited: Mentalitй and Methodology // Pathways to Medieval Peasants (ed. Raftis J.A.). Toronto, 1981; Rosaldo R. From the Door of his Tent: the Fieldworker and the Inquisitor // Writing Culture: the Poetics and Politics of Ethnography (ed. Clifford J. and Marcus G.). Berkeley, 1986.
18 Ladurie, Roy Le. Montaillou, vi.
19 Thompson E.P. The Poverty of Theory and Other Essays. London, 1978, 219–20. Пра больш дэталёвае абмеркаванне праблемы запісаў, на якіх даследчыкі гісторыі Англіі маглі б угрунтоўваць погляд на гісторыю знізу, гл.: Macfarlane A., Harrison S., Jardine Ch. Reconstructing Historical Communities. Cambridge, 1977.
20 Пэўныя ўражанні, што закранаюць сферу зацікаўлення гісторыкаў, якія запісваюць вусныя сведчанні, могуць быць здабытыя ў выніку прачытання рэгулярных справаздачаў пра ход гэтай працы ў перыядычным выданні Oral History: the Journal of the Oral History Society, якое выходзіць з 1972 г.
21 Выйшла па-ангельску як: The Cheese and the Worms: the Cosmos of a Sixteenth-Century Miller (trans. Tedeschi A. and J.). London, 1980. Іншая праца Гінзбурга, Ginzburg. The Night Battles: Witchcraft and Agrarian Cults in the Sixteenth and Seventeenth Centuries. London, 1983. Італьянскае выданне — 1966, таксама паказвае, якім чынам нататкі інквізітараў могуць быць выкарыстаныя для высвятлення характару народнай веры.
22 Ginzburg. The Cheese and the Worms, xvii.
23 Hanawalt B.A. The Ties that Bound: Peasant Families in Medieval England. New York–Oxford, 1986. Больш сціслае апісанне мэтаў працы Б.Ханаўолт можна знайсці ў: idem, Seeking the Flesh and Blood of Manorial Families // Journal of Medieval History. 14 (1988), 33–45.
24 Найлепшыя ўводзіны ў працу гэтай школы гл.: Stoianavitch T. French historical method: the Annales Paradigm. Ithaca–London, 1976.
25 Агульнае абмеркаванне суадносінаў абедзвюх дысцыплінаў можна знайсці ў: Burke P. Sociology and History. London, 1980; Abrams Ph. Historical Sociology. Shepton Mallet, 1982.
26 Дзве класічныя працы, прысвечаныя разгляду мажлівых сувязяў паміж гісторыяй і антрапалогіяй, гэта: Evans–Pritchard. Anthropology and History. Manchester, 1961; Thomas K. History and Anthropology // Past and Present. 24 (1963), 3–24. ... Thompson E.P. Anthropology and the Discipline of Historical Context // Midland History. 3 no. 1 (Spring 1972), 41—56.
27 Macfarlane A. Witchcraft in Tudor and Stuart England: a Regional and Comparative Study. London, 1970. Працу Макфарлэйна трэба чытаць у спалучэнні з кнігай Thomas K. Religion and the Decline of Magic: Studies in Popular beliefs in Sixteenth and Seventeenth-Century England. London, 1971, больш маштабнай працай, у якой утрымліваюцца істотныя высновы з антрапалогіі.
28 Trevor–Roper H.R. The European Witch–Craze of the Sixteenth and Seventeenth Centuries. Harmondsworth, 1967, 9.
29 Thompson, History from Below, 280.
30 Editorial // History Workshop. 1 (1971), 3.
31 Judt T. A Clown in Regal Purple: Social History and the Historian // History Workshop. 7 (1979), 87.
32 Thompson, History from Below, 279.
33 Cannadine D. British History: Past, Present — and Future // Past and Present. 116 (1987), 177. Частка Кэнадына падказала «Каментары» Косаб Лэманта і Эванса: Coss P.R, Lamont W., and Evans N. Comments // Past and Present. 119 (1988), 171—203. Твор Кэнадына выклікаў узнікненне «Каментароў»: Погляды Ламонта, найбольш сцісла выкладзеныя на с. 186—193 гэтай працы, толькі імплікуюць ужыванне падыходу «знізу» да новай нацыянальнай гісторыі, у той час як Эванс (с. 1970) выразна фармулюе, што «гісторыя Вялікай Брытаніі ... мае патрэбу ў поглядзе на яе знізу і ў выпрацоўцы адпаведнага гэтаму разумення дзяржавы».
34 Hobsbawm, Some Reflections, 13.
35 Floud R. Quantitative History and People’s History // History Workshop. 17 (1984), 116.
36 Глядзі: Geertz C. The Interpretation of Cultures. New York, 1973, chapter 1, «Thick Description: Toward an Interpretative Theory of Culture».
37 Genovese E.D. Roll, Jordan, Roll: the World the Slaves Made. London, 1975, xv.
38 Carr E.H. What is History? Harmondsworth, 1961, 11, 12.

Опубликовано 27 сентября 2004 года




Ваше мнение?


© Portalus.ru, возможно немассовое копирование материалов при условии обратной индексируемой гиперссылки на Порталус.

Загрузка...

Прямая трансляция:

Сегодня в тренде top-100


О Порталусе Рейтинг Каталог Авторам Реклама