PORTALUS.RU → БЕЛАРУСЬ → Які лес старадаўных музейных і бібліятэчных збораў у Беларусі? → Версия для печати
Які лес старадаўных музейных і бібліятэчных збораў у Беларусі? [Электронный ресурс]: электрон. данные. - Москва: Научная цифровая библиотека PORTALUS.RU, 13 февраля 2005. - Режим доступа: https://portalus.ru/modules/belarus/rus_readme.php?subaction=showfull&id=1108265805&archive=1126478139&start_from=&ucat=& (свободный доступ). – Дата доступа: 21.04.2026.
публикация №1108265805, версия для печати
Які лес старадаўных музейных і бібліятэчных збораў у Беларусі?
Дата публикации: 13 февраля 2005 |
|
АВТОР: Мальдзіс Адам ОПУБЛИКОВАНО: 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, Зм. Санько.- Мн.: "Звязда", 1993. С. 73-74. Беларусь, відаць, адзіная краіна ў свеце, краіна-выключэнне, дзе нацыянальных культурных скарбаў, матэрыяльных і духоўных, на радзіме меней, чым за яе межамі. Прычынай таму ваенныя навалы, што хвалямі перакочваліся праз нашу зямлю, і драпежніцкая палітыка суседзяў. Цяжка пералічыць усе тыя нацыянальныя багацці, што на працягу стагоддзяў былі вывезеныя з беларускай зямлі ў суседнія краіны. Тут і славутая нясвіжская калекцыя слуцкіх паясоў, і выданні Ф.Скарыны, і багатая калекцыя зброі і рыцарскіх панцыраў, і ўнікальны шкляны посуд з Налібоцкай мануфактуры, што апынуліся ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве, і кнігі з нясвіжскай і полацкай бібліятэк, вывезеныя ў Пецярбург, і славутая бібліятэка І.Храптовіча са Шчорсаў, якую ў Першую сусветную вайну склалі ў часовы дэпазіт у Кіеве, і тысячы скрыняў з каштоўнасцямі (старадаўнай бронзай і срэбрам, мармуровымі барэльефамі і статуямі, карцінамі старых майстроў, рэдкімі рукапіснымі кнігамі і гравюрамі, дзівоснымі дыванамі і габеленамі, калекцыямі зброі і манет, фарфору і фаянсу), адпраўленых з Менска ў Варшаву, Кракаў, Познань ды іншыя гарады ў 1920 годзе пад час польскай акупацыі. Найбольш беларускіх кніг, рукапісаў, карцін, іншых музейных экспанатаў было вывезена - на захад і на ўсход - у часе Другой сусветнай вайны. Бясследна загінулі (кажуць ужо пасля прагляду Берыя) бясцэнныя скарбы Магілеўскага абласнога музея і сярод іх найпершая нацыянальная рэліквія - крыж Еўфрасінні Полацкай. У Германію і Аўстрыю трапілі асноўныя зборы Менскага і Баранавіцкага музеяў. Далёка не ўсе яны вярнуліся назад. А некаторыя з іх трапілі ў сховішчы Расеі. Так здарылася, напрыклад, са старажытнымі каменнымі выявамі жанчын (“бабамі”), якія да вайны знаходзіліся ў Менску, у вайну ўпрыгожвалі адзін з паркаў Берліна, а пасля зніклі ва ўсходнім кірунку. І пасля Другой сусветнай вайны працягвалася рабаванне нашых культурных скарбаў. Так, некалькі дзесяткаў найкаштоўнейшых карцін з нясвіжскай калекцыі Радзівілаў былі ў строгай таямніцы падараваныя савецкім урадам польскаму ўраду Берута. У Маскву траплялі манетныя скарбы, знойдзеныя ў нашай зямлі. Ленінградскія і маскоўскія экспедыцыі вывозілі каштоўныя археалагічныя знаходкі і рэдкія старыя кнігі. Асобна трэба сказаць пра лёс Віленскага беларускага музея імя І.Луцкевіча, зборы якога налічвалі блізу 75 тысяч экспанатаў. Пасля яго ліквідацыі ў 1945 годзе бальшыня іх, у тым ліку Статут 1588 года, Біблія Францішка Скарыны, багатыя калекцыі старажытных грамат, пячатак, гравюр, картаў, слуцкіх паясоў, жывапісу, зброі, апынуліся ў летувіскіх музеях і бібліятэках - Гістарычна-этнаграфічным музеі, Дзяржаўным мастацкім музеі (і яго філіяле - Карціннай галерэі), Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук ЛССР і Дзяржаўным мастацкім інстытуце. Віленскія беларусы робяць намаганні, каб аднавіць тварэнне братоў Луцкевічаў на ранейшым месцы - у Базылянскіх мурах. Опубликовано 13 февраля 2005 года Изображение к публикации:Полная версия публикации №1108265805 → © Portalus.ru Главная → БЕЛАРУСЬ → Які лес старадаўных музейных і бібліятэчных збораў у Беларусі? При перепечатке индексируемая активная ссылка на PORTALUS.RU обязательна!
|
|