' > ' > '> ' /> ' />
Рейтинг
Порталус

Беларуская ССР на міжнароднай арэне (1945—1990 гг.)

Дата публикации: 24 сентября 2004
Публикатор: maskaev
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ПОЛИТИКА ВНЕШНЯЯ →
Номер публикации: №1096041203


АВТОР: Уладзiмiр Снапкоўскi

ИСТОЧНИК: БЕЛОРУССКИЙ ЖУРНАЛ МЕЖДУНАРОДНОГО ПРАВА И МЕЖДУНАРОДНЫХ ОТНОШЕНИЙ №2 1999 ГОД


Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Шлях Беларусi ў ААН. Новы этап знешнепалiтыўнай дзейнасцi Беларускай ССР пачаўся ў 1944—1945 гг. У лютым 1944 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў закон "Аб прадастаўленнi саюзным рэспублiкам паўнамоцтваў у галiне знешнiх зносiн i аб пераўтварэннi ў сувязi з гэтым народнага камiсарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспублiканскi народны камiсарыят". У сакавiку 1944 г. Вярхоўны Савет БССР унёс змены ў Канстытуцыю рэспублiкi 1937 г., паводле якiх БССР атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносiны з замежнымi дзяржавамi, заключаць з iмi пагадненнi i абменьвацца дыпламатычнымi i консульскiмi прадстаўнiкамi. Тады ж быў прыняты закон аб стварэннi Народнага камiсарыята замежных спраў (з 1946 г. — Мiнiстэрства замежных спраў БССР). Кiраўнiком знешнепалiтычнага ведамства быў прызначаны К. В. Кiсялёў, якi дагэтуль займаў пасаду наркома аховы здароўя. Урач па спецыяльнасцi, кандыдат медыцынскiх навук, ён стаў дыпламатам па прызначэнню, займаў пасаду мiнiстра замежных спраў на працягу больш за дваццаць гадоў (1944—1966) i з'яўляўся адначасова да 1958 г. намеснiкам старшынi ўрада БССР.

Галоўнай прычынай прадастаўлення, а дакладней, вяртання саюзным рэспублiкам знешнепалiтычных правоў быў разлiк Сталiна i яго акружэння атрымаць у асобе 16 рэспублiк СССР дадатковыя галасы ў ствараемай Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый i на пасляваенных мiжнародных канферэнцыях.

З улiкам таго, што Вялiкабрытанiя магла разлiчваць у мiжнародных арганiзацыях i на канферэнцыях на падтрымку дзяржаў — членаў Брытанскай Садружнасцi нацый, а ЗША — абапiрацца на галасы залежных ад iх краiн Лацiнскай Амерыкi, Савецкi Саюз вырашыў таксама стварыць сабе шматгалосую падтрымку ў асобе саюзных рэспублiк. Аднак, у адрозненне ад Канады цi Аўстралii, Аргенцiны цi Бразiлii, Украiнская ССР цi Беларуская ССР, як i iншыя саюзныя рэспублiкi, не з'яўлялiся суверэннымi i незалежнымi дзяржавамi, а цалкам падпарадкоўвалiся Маскве, саюзнаму партыйна-дзяржаўнаму кiраўнiцтву.

Заходнiя дзяржавы добра разумелi гэта. На канферэнцыi ў Думбартон-Оксе (жнiвень—кастрычнiк 1944) ЗША i Вялiкабрытанiя выступiлi супраць прапановы кiраўнiка савецкай дэлегацыi А. А. Грамыкi аб уключэннi ўсiх 16 саюзных рэспублiк у склад першапачатковых членаў новай мiжнароднай арганiзацыi. Прэзiдэнт ЗША Ф. Рузвельт разглядаў савецкае патрабаванне як пагрозу ўсяму плану стварэння ААН i прасiў Сталiна паставiць гэта пытанне пасля стварэння арганiзацыi. Апошнi быў вымушаны пайсцi на кампрамiс i на Ялцiнскай канферэнцыi ў лютым 1945 г. дамогся ад Ф. Рузвельта i прэм'ер-мiнiстра Вялiкабрытанii У. Чэрчыля абавязацельства падтрымаць дзве савецкiя саюзныя рэспублiкi — Украiну i Беларусь — для ўключэння iх у склад заснавальнiкаў Аб'яднаных Нацый.

Рузвельт i Чэрчыль падтрымалi просьбу Сталiна з улiкам шырокага разумення мiжнароднай палiтыкi. Яны лiчылi сваiм маральным абавязкам дапусцiць у арганiзацыю краiны, якiя першымi прынялi на сябе ўдар фашысцкай Германii, якiя не пакарылiся ворагу i ўнеслi значны ўклад у агульную справу антыгiтлераўскай каалiцыi. Рузвельт i Чэрчыль таксама разумелi, што два дадатковыя галасы не будуць мець для СССР прынцыповага значэння на форуме Генеральнай Асамблеi, якая ў 1945 г. складалася з 51 дзяржавы-члена. Таму невыпадкова Рузвельт хутка адмовiўся ад сваёй просьбы даць ЗША таксама два дадатковыя месцы ў Генеральнай Асамблеi.

Канчаткова пытанне аб членстве Украiны i Беларусi ў арганiзацыi было вырашана на канферэнцыi Аб'яднаных Нацый у Сан-Францыска (красавiк—чэрвень 1945), якая аднагалосна прыняла рашэннi аб уключэннi гэтых дзвюх савецкiх рэспублiк у першапачатковыя члены i аб запрашэннi дэлегацый УССР i БССР на ўстаноўчы форум Аб'яднаных Нацый. 6 мая 1945 г. урадавыя дэлегацыi УССР i БССР прыбылi ў Сан-Францыска i актыўна ўключылiся ў працу канферэнцыi. 26 чэрвеня яны падпiсалi Статут ААН, якi быў ратыфiкаваны ў жнiўнi 1945 г.

Так, даволi нечакана для сябе, Беларусь апынулася ў лiку 51 краiны — заснавальнiцы ААН. Вярхоўныя органы рэспублiкi нiколi не ставiлi i не маглi паставiць перад Сталiным пытання аб выхадзе на мiжнародную арэну цi ўключэннi ў склад мiжнароднай арганiзацыi. Такая "смеласць" магла дорага каштаваць ва ўмовах сталiнскага таталiтарнага рэжыму. Толькi дзякуючы волi "бацькi народаў" i дыпламатычнаму майстэрству мiнiстра замежных спраў СССР В. М. Молатава Беларусь i Украiна змаглi выйсцi на арэну мiжнароднай палiтыкi. Але там iх чакаў незайздросны лёс "двух дадатковых галасоў" для агульнасаюзнай дэлегацыi. Гаварыць аб самастойнай дыпламатыi Украiны i Беларусi ў ААН i iншых мiжнародных арганiзацыях у савецкi перыяд (да пачатку 90-х гг.) не прыходзiцца. Яны былi вымушаны iсцi як цень за дэлегацыяй СССР.

Разам з тым уваходжанне Беларусi ў ААН мела вялiкае гiстарычнае значэнне, цалкам адпавядала нацыянальным iнтарэсам беларускага народа. Подпiс БССР пад Статутам ААН азначаў, што сусветнае супольнiцтва фармальна прызнавала яе суверэннай i незалежнай дзяржавай, якой яна фактычна не з'яўлялася ў складзе Савецкага Саюза. Рэспублiка атрымлiвала ўсе прывiлеi i iмунiтэты ААН, права выбiрацца ў яе галоўныя органы, у тым лiку ў Савет Бяспекi. Урад рэспублiкi атрымаў магчымасць удзельнiчаць у абмеркаваннi сусветных праблем, даводзiць сваю пазiцыю да ААН, уносiць на яе разгляд свае прапановы i заўвагi. На працягу больш за 40 гадоў ААН, па сутнасцi, была для Беларусi адзiным акном у знешнi свет.

Першы этап (1944—1953 гг.). 45-гадовы перыяд знешнепалiтычнай дзейнасцi БССР (1944—1990) можна падзялiць на тры этапы. Першы (1944—1953) — гэта сталiнскi этап. Гэта час аднаўлення знешнепалiтычнай дзейнасцi рэспублiкi, другога (пасля 1918—1922 гг.) выхаду Беларусi на мiжнародную арэну, фармiравання асноўных накiрункаў дыпламатычнай актыўнасцi, станаўлення дыпламатычнай школы Савецкай Беларусi. Гэты амаль дзесяцiгадовы адрэзак часу ахоплiвае канец Другой сусветнай вайны, пераход ад вайны да мiрнага будаўнiцтва, пачатак "халоднай вайны". З пункту погляду ўнутранай, савецкай гiсторыi гэтае дзесяцiгоддзе характарызуецца апагеям дыктатуры Сталiна i наступным яго зыходам з гiстарычнай арэны.

Але менавiта ў апошнiя ваенныя i першыя пасляваенныя гады знешнепалiтычная дзейнасць БССР была асаблiва актыўнай i прыкметнай. Дэлегацыя БССР удзельнiчала ў працы Падрыхтоўчай камiсii ААН у Лондане (лiстапад—снежань 1945), 1-й i наступных сесiй Генеральнай Асамблеi ААН, была абрана ў 1946 г. у члены Эканамiчнага i Сацыяльнага савета. Па iнiцыятыве беларускай делегацыi ў лютым 1946 г. была прынята адна з першых рэзалюцый Генеральнай Асамблеi — аб выдачы i пакараннi ваенных злачынцаў.

У 1946—1948 гг. Беларусь была прынята ў такiя спецыялiзаваныя ўстановы ААН, як Мiжнародны саюз электрасувязi, Сусветны пачтовы саюз, Сусветная метэаралагiчная арганiзацыя, Сусветная арганiзацыя аховы здароўя. Аднак актыўнага ўдзелу ў iх працы не прымала, а з пачаткам "халоднай вайны" засяродзiлася на канфрантацыi з заходнiмi дзяржавамi. У 1949 г. дэлегацыi СССР, УССР, БССР i iншых краiн Усходняй Еўропы па загаду Сталiна пакiнулi СААЗ i працягвалi ўдзельнiчаць толькi ў 3 з 11 спецыялiзаваных установах ААН. У 1948 г. беларуская дэлегацыя ўстрымалася падчас прыняцця Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека, у 1950 г. байкатавала працу Генеральнай Асамблеi i астатнiх органаў i камiтэтаў ААН. Пазiцыя БССР па ўсiх пытаннях парадку дня Генеральнай Асамблеi i iншых органаў ААН дыктавалася неабходнасцю строгага выканання дырэктыў Палiтбюро Цэнтральнага камiтэта Камунiстычнай партыi, асабiста Сталiна. Кiраванне фарватарам сталiнскай дыпламатыi, якая на рубяжы 40—50-х гг. набыла непрадказальны i авантурны характар, дорага каштавала Беларусi, асаблiва яе мiжнароднаму iмiджу.

Статус паўнапраўнага члена ААН дазволiў Беларусi прыняць удзел у Парыжскай мiрнай канферэнцыi (лiпень—кастрычнiк 1946), прысвечанай распрацоўцы мiрных дагавораў дзяржаў-пераможцаў з былымi саюзнiкамi фашысцкай Германii. На гэтай колькасна абмежаванай канферэнцыi (21 дзяржава) галасы Украiны i Беларусi прынеслi Савецкаму Саюзу значныя дыпламатычныя дывiдэнды. Беларуская дэлегацыя вылучыла шэраг iнiцыятыў, у тым лiку свой варыянт iтала-югаслаўскай мяжы, якi, аднак, быў адхiлены. У 1947 г. мiнiстр замежных спраў БССР К. Кiсялёу падпiсаў у Парыжы мiрныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Румынiяй, iталiяй i Фiнляндыяй. У снежнi 1945 г. у Вашынгтоне было падпiсана пагадненне памiж урадам БССР i Адмiнiстрацыяй дапамогi i аднаўлення Аб'яднаных Нацый (ЮНРРА). На падставе пагаднення ў Мiнску дзейнiчала мiсiя ЮНРРА, а рэспублiка атрымала да канца 1947 г. тавараў, харчавання i абсталявання на суму 61 млн долараў.

Яскравай праявай знешнепалiтычнай дзейнасцi Беларусi ў азначаны перыяд былi пагадненнi з Польскiм Камiтэтам нацыянальнага вызвалення, падпiсаныя ў 1944—1945 гг. Яны датычылiся рэпатрыяцыi беларускага i польскага насельнiцтва ў сувязi са зменай савецка-польскай мяжы. Дарэчы, гэтыя два пагадненнi з'яўлялiся адзiнымi дакументамi двухбаковага характару, што былi заключаны ўрадам БССР на працягу 1944—1990 гг. Ганаровы тытул дзяржавы — заснавальнiцы ААН не выратаваў Беларусь ад чарговага падзелу яе тэрыторыi. Паводле дагавора памiж СССР i Польшчай аб савецка-польскай дзяржаўнай мяжы ад 16 жнiўня 1945 г. савецкi ўрад перадаў Польшчы этнiчныя беларускiя землi — Беластоцкую вобласць i частку Белавежскай пушчы. Па падлiках гiсторыкаў, гэта быў дзевяты падзел тэрыторыi Беларусi пачынаючы з Брэсцкага мiру 1918 г.

Канстытуцыйная рэформа 1944 г. мела дэкларатыўны, паказны характар. Рэальных знешнепалiтычных паўнамоцтваў саюзныя рэспублiкi не атрымалi. Беларусь i Украiна, нават калi сталi членамi ААН, не маглi рэалiзаваць свае канстытуцыйныя правы на ўстанаўленне дыпламатычных адносiн з замежнымi дзяржавамi. На сваiх першых прэс-канферэнцыях у Сан-Францыска (май 1945) наркомы замежных спраў БССР i Украiны К. В. Кiсялёў i Д. З. Мануiльскi гаварылi аб магчымасцi хуткага ўстанаўлення дыпламатычных адносiн рэспублiк з замежнымi дзяржавамi, у першую чаргу з ЗША i Вялiкабрытанiяй. Але саюзны цэнтр не збiраўся даваць iм свабоду дзеянняў у гэтай важнай дзяржаўнай справе. У 1945 г. саюзны ўрад не падтрымаў прапанову польскага ўрада аб адкрыццi консульстваў Польшчы ў Кiеве, Мiнску i Вiльнюсе. У 1947 i 1949 гг. урад Вялiкабрытанii двойчы звяртаўся да ўрада СССР з прапановай аб устанаўленнi дыпламатычных адносiн з Украiнай, але так i не атрымаў афiцыйнага адказу. Што датычыцца Беларусi, то пытанне аб дыпламатычных адносiнах з ёю Лондан увогуле не ўзнiмаў з-за адсутнасцi iнтарэсу да яе невыразнай i правiнцыяльнай палiтыкi. У 1953 г. кангрэс ЗША абмяркоўваў пытанне аб устанаўленнi дыпламатычных адносiн з Украiнай i Беларуссю. Аднак дзяржаўны дэпартамент палiчыў гэта бесперспектыунай справай, i больш да гэтага пытання кангрэс i адмiнiстрацыя ЗША не звярталiся. Толькi ў 1972 г. у Мiнску адкрылiся консульства Германскай Дэмакратычнай Рэспублiкi i Польшчы, у 1990 г. — Балгарыi. У Кiеве iснавала большая колькасць консульстваў замежных краiн, перш за ўсё ўсходнееўрапейскiх.

Негатыўны ўплыў на развiццё замежных сувязей зрабiла падазронасць да ўсiх, хто меў кантакты з iншаземцамi, а таксама разгорнутая ў другой палове 40-х—пачатку 50-х гг. кампанiя па барацьбе з касмапалiтызмам i нiзкапаклонствам перад Захадам. Да такiх праяў старанныя выканаўцы часта адносiлi натуральную цiкавасць да замежнага вопыту грамадскага жыцця, развiцця навукi i iншых сфер культуры. У гэтых умовах Пастанова Савета Мiнiстраў БССР i ЦК КП(б)Б ад 1946 г. аб арганiзацыi Беларускага таварыства культурнай сувязi з загранiцай была рэалiзавана толькi ў 1952 г., пры гэтым яго кантакты да сярэдзiны 50-х гг. былi нязначнымi.

Другi этап (1954—1985 гг.). Другi этап пасляваеннай мiжнароднай дзейнасцi БССР ахоплiвае 1954—1985 гг. У гэтае 30-годдзе адбывалася пэўная эвалюцыя гэтай дзейнасцi, але значных, якасных змен не назiралася. У сярэдзiне 50-х гг. настала разрадка мiжнароднай напружанасцi, "жалезная заслона" была крыху прыпаднята, што стала магчымым пасля прыходу да улады новага савецкага кiраўнiцтва. Знешнепалiтычны дыктат Крамля ў адносiнах да саюзных рэспублiк аслабеў, пашырылiся магчымасцi ўдзелу Беларусi ў мiжнародным жыццi. Калi ў канцы 50-х гг. яна падпiсала 54 мiжнародных дагавора, канвенцыi i пагаднення, то к 1985 г. iх колькасць узрасла да больш чым 160. Амаль усе яны былi шматбаковымi i заключалiся ў рамках ААН i яе спецыялiзаваных устаноў. На рубяжы 50—60-х гг. былi адкрыты пастаянныя прадстаўнiцтвы БССР у ААН у Нью-Йорку, Еўрапейскiм аддзяленнi ААН у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы, мiжнародных арганiзацыях у Вене.

Некалькi пашырылася кола спецыялiзаваных устаноў ААН, у якiя разам з СССР i Украiнай уступiла Беларусь. У 1954 г. яна стала членам Мiжнароднай арганiзацыi працы i ЮНЕСКА, у 1957 г. — МАГАТЭ, у 1974 г. — Сусветнай арганiзацыi iнтэлектуальнай уласнасцi, у 1985 г. — Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый па прамысловым развiццi (ЮНiДО). У 1974—1975 гг. БССР была непастаянным членам Савета Бяспекi ААН, неаднаразова выбiралася ў ЭКАСАС, розныя функцыянальныя i дапаможныя органы ААН, якiя займалiся пытаннямi раззбраення, эканамiчнага i сацыяльнага супрацоўнiцтва, правоў чалавека, становiшча жанчын, аховы навакольнага асяроддзя.

Па iнiцыятыве i пры актыўным удзеле дэлегацыi БССР у мiжнародных арганiзацыях прынята нямала канструктыўных рашэнняў, якiя спрыялi недапушчэнню новай вайны, паслабленню мiжнароднай напружанасцi, пашырэнню ўзаемаразумення памiж народамi. БССР стала ўдзельнiцай важных дагавораў, якiя стрымлiвалi гонку ўзбраенняў: аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброi ў атмасферы, касмiчнай прасторы i пад вадой (1963), аб прынцыпах дзейнасцi дзяржаў па даследаванню i выкарыстанню касмiчнай прасторы (1967), аб забароне размяшчэння на дне мораў i акiянаў i ў яго нетрах ядзернай зброi (1971), аб забароне распрацоўкi, вытворчасцi i назапашвання бактэрыялагiчнай (бiялагiчнай) i таксiчнай зброi i iх знiшчэння (1972). Разам з тым яе ўдзел у працэсе кантролю над узбраеннем насiў фармальны характар, паколькi ўсе пытаннi падпiсання i рэалiзацыi мiжнародных дагавораў вырашалiся саюзным кiраўнiцтвам. У 1968 г. БССР падтрымала ў Генеральнай Асамблее праект Дагавора аб нераспаўсюджваннi ядзернай зброi, аднак не стала ўдзельнiцай гэтага дагавора. Мiж тым значная частка савецкага ядзернага патэнцыялу размяшчалася на тэрыторыi Беларусi. Праблему далучэння да дагавора аб нераспаўсюджваннi прыйшлося вырашаць у 90-я гг.

Выступаючы за сацыяльны прагрэс i захаванне правоў чалавека, БССР стала сааўтарам Дэкларацыi сацыяльнага развiцця (1969), Дэкларацыi аб выкарыстаннi навукова-тэхнiчнага прагрэсу ў iнтарэсах мiру i на карысць чалавецтва (1975). Яна падпiсала i ратыфiкавала канвенцыю аб непрымяненнi тэрмiнаў даўнасцi да ваенных злачынстваў i злачынстваў супраць чалавецтва (1969). Па прапанове БССР Генеральная Асамблея ААН ухвалiла з некаторымi папраўкамi прынцыпы мiжнароднага супрацоўнiцтва ў адносiнах адшукання, арышту, выдачы i пакарання асоб, вiнаватых у ваенных злачынствах i злачынствах супраць чалавецтва (1973). БССР стала ўдзельнiцай Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах, Мiжнароднага пакта аб эканамiчных, сацыяльных i культурных правах, Мiжнароднай канвенцыi аб лiквiдацыi ўсiх форм расавай дыскрымiнацыi. Рэспублiка стала сааўтарам рэзалюцый Генеральнай Асамблеi ААН аб забароне выкарыстання замежных наймiтаў супраць нацыянальна-вызваленчага руху i барацьбы народаў за незалежнасць (1968). Па прапанове дэлегацыi БССР Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб абароне асоб, якiя затрыманы цi пазбаўлены волi за барацьбу супраць апартэiду, расiзму i расавай дыскрымiнацыi, каланiялiзму, агрэсii i замежнай акупацыi (1977).

Важным накiрункам дзейнасцi дэлегацый СССР, УССР, БССР у ААН была барацьба супраць каланiялiзму. Актыўнасць у гэтай галiне дыктавалася жорсткай логiкай "халоднай вайны", iмкненнем набыць больш саюзнiкаў, сяброў у барацьбе з заходнiм iмперыялiзмам. БССР была ў лiку iнiцыятараў Дэкларацыi аб прадастаўленнi незалежнасцi каланiяльным краiнам i народам (1960), паслядоўна выступала за яе поўнае ажыццяўленне.

Пачынаючы з канферэнцыi ў Сан-Францыска i да распаду СССР у ААН ажыццяўлялася практыка падзелу працы памiж трыма савецкiмi дэлегацыямi. У той час як дэлегацыя СССР вырашала стратэгiчныя мэты i вылучала глабальныя прапановы, украiнскiя i беларускiя дыпламаты выконвалi асобныя, тактычныя задачы. БССР курыравала пытаннi, звязаныя з юрыдычнай адказнасцю ваенных злачынцаў, узаемасувяззю памiж правамi чалавека i навукова-тэхнiчным прагрэсам. Што датычылася спецыялiзаваных устаноў ААН, то тут найбольш актыўна беларускiя прадстаўнiкi дзейнiчалi ў ЮНЕСКА. Беларускi вопыт дзяржаўнай арганiзацыi ў сiстэме адукацыi, навукi i культуры атрымаў станоўчую ацэнку вышэйшых органаў ЮНЕСКА i шэрага краiн Азii, Афрыкi i Лацiнскай Амерыкi.

У якасцi члена Мiжнароднай арганiзацыi працы, ЮНЕСКА, МАГАТЭ i iншых мiжнародных арганiзацый рэспублiка ўдзельнiчала ў вызначэннi напрамкаў iх дзейнасцi, прыняццi важных рашэнняў па пашырэнню раўнапраўнага супрацоўнiцтва ва ўсiх сферах жыцця, а таксама далучалася праз iх да сусветнага вопыту. Але выкарыстоўваўся ён ва ўмовах загадна-адмiнiстрацыйнай сiстэмы далёка не ў поўную меру.

Аглядаючы набыткi знешнепалiтычнай дзейнасцi, нельга абысцi i такiя хiбы, як прамаруджванне ў далучэннi да асобных мiжнародных пактаў цi iх ратыфiкацыi, неадпаведнасць рэспублiканскага заканадаўства некаторым палажэнням мiжнародных пактаў (асаблiва па правах чалавека), падпiсаных Беларускай ССР. Так, стаўшы членам Мiжнароднай арганiзацыi працы ў 1954 г., рэспублiка толькi ў 1965 г. ратыфiкавала канвенцыю адносна забароны працы жанчын на падземных работах. Толькi ў 1988 г. яна далучылася да Канвенцыi аб ахове сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны чалавецтва, распрацаванай ў ЮНЕСКА ў 1972 г. Парушэннем мiжнародных пактаў стала адсутнасць у краiне i рэспублiцы заканадаўчага замацавання права свабоднага перамяшчэння грамадзян, iх выезду за мяжу i вяртання.

Хоць сфера знешнепалiтычнай дзейнасцi БССР (як i УССР) была шырэй, чым iншых саюзных рэспублiк, але практычна ўсе пытаннi адносiн рэспублiкi з замежнымi дзяржавамi, мiжнароднымi арганiзацыямi вырашалiся савецкiм урадам i саюзнымi органамi. Дыктат цэнтра вынiкаў з палажэння Канстытуцыi СССР аб аднясеннi да кампетэнцыi Саюза ўстанаўлення агульнага парадку ва ўзаемаадносiнах рэспублiк з замежнымi дзяржавамi, неразмежаванасцi функцый саюзных i рэспублiканскiх органаў, пасiўнасцi партыйна-дзяржаўнага кiраўнiцтва БССР. Спробы пашырыць правы саюзных рэспублiк у сярэдзiне 50-х i 60-х гг., другой палове 70-х гг. (пераважна ў галiне гаспадарчай дзейнасцi) былi абмежаванымi, непаслядоўнымi, супярэчылi iнтарэсам камандна-адмiнiстратыўнай сiстэмы i практычна не паўплывалi на мiжнародныя зносiны рэспублiк. Знешнепалiтычная дзейнасць БССР развiвалася ў агульным рэчышчы мiжнароднай дзейнасцi СССР, скардынаванай палiтыкi краiн — членаў Варшаўскага дагавору i СЭУ. У прыватнасцi, разам з дэлегацыямi СССР, УССР i iншых краiн "сацыялiстычнай садружнасцi" прадстаўнiкi БССР выказвалi свае меркаваннi i ўзгаднялi пазiцыi з саюзнiкамi на рэгулярных нарадах напярэдаднi сесiй Генеральнай Асамблеi ААН, Генеральнай канферэнцыi ЮНЕСКА, якiя затым супольна адстойвалiся.

Характар i маштабы знешнепалiтычнай дзейнасцi рэспублiкi вызначалiся агульнымi працэсамi развiцця мiжнароднага становiшча, процiборствам дзвюх сiстэм i iх ваенна-палiтычных саюзаў. У "халоднай вайне" з Захадам СССР аказаўся ўцягнутым у знясiльваючую гонку ўзбраенняў, рэгiянальныя канфлiкты (Карэя, Блiзкi Усход, iндакiтай, Куба, Афрыка, Камбоджа, Афганiстан). Пазiцыi СССР i ўсяго "савецкага блоку" пагоршылiся ў сувязi з уводам савецкiх войск у Венгрыю (1956), Чэхаславакiю (1968), Афганiстан (1979). Гэтыя дзеяннi, якiя павiнна была апраўдваць беларуская дэлегацыя ў ААН, накладалi негатыўны адбiтак на вобраз Беларусi ў свеце.

З прыходам да улады новага савецкага кiраўнiцтва з'явiлiся першыя прыкметы станоўчых змен у адносiнах да мiжнародных кантактаў. Пры Савеце Мiнiстраў БССР у 1953 г. было створана Упраўленне па замежным турызме. У 1955 г. Беларусь наведалi першыя групы iншаземных турыстаў, больш за 100 яе пасланцоў пабывалi за мяжой. Пачало функцыянiраваць Беларускае аддзяленне Усесаюзнай гандлёвай палаты. Аднак гандлёвыя сувязi былi невялiкiмi па памерах i асартыменту. Экспартныя пастаўкi з Беларусi ў гэты час уключалi 15—18 таварных пазiцый, большасць якiх прыпадала на сыравiну. Толькi з сярэдзiны 50-х гг. у экспарце павялiчылася доля машын i абсталявання. У 1955 г. Фiнляндыя, напрыклад, набыла 25 трактароў Мiнскага завода.

Пасля XX з'езда КПСС (1956) Беларуская ССР, як i ўсе iншыя саюзныя рэспублiкi, набыла больш спрыяльныя ўмовы для пашырэння кантактаў у грамадска-палiтычнай i эканамiчнай сферы. З сярэдзiны 50-х гг. атрымалi развiццё сувязi прыгранiчных, а ў далейшым — i ўнутраных абласцей, краёў, гарадоў, раёнаў на аснове дагавораў аб супрацоўнiцтве з аналагiчнымi адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнымi адзiнкамi краiн — членаў СЭУ. Пачынаючы з сярэдзiны 60-х гг. зацвердзiлася практыка заключэння дагавораў i пагадненняў аб узаемадзеяннi памiж ВНУ, навукова-даследчымi iнстытутамi, установамi культуры, прадпрыемствамi рэспублiк i краiн — членаў СЭУ. Пераход ад ажыццяўлення сувязей пераважна цэнтральнымi органамi да ўключэння ў гэтыя працэсы працоўных калектываў больш грунтоўна, чым раней, стымуляваў абмен вопытам арганiзацыi грамадскага жыцця, развiцця вытворчасцi, культуры, пашырэння зносiн розных слаёў насельнiцтва. Геаграфiчнае палажэнне Беларускай ССР, блiзасць да еўрапейскiх краiн, зручныя транспартныя зносiны з iмi, а ў пэўнай ступенi i культурная супольнасць славянскiх народаў вызначылi значны аб'ём сувязей з Польшчай, Балгарыяй, Чэхаславакiяй, ГДР у грамадска-палiтычнай, эканамiчнай i культурнай сферах. Па лiнii мясцовых органаў улады новы iмпульс атрымалi сувязi параднёных гарадоў СССР, у тым лiку i БССР, i зарубежных дзяржаў. Першымi былi Мiнск i Натынгем, якiя сталi пабрацiмамi ў 1957 г., а ў 1989 г. ужо 12 гарадоў Беларусi падтрымлiвалi сувязь з 17 гарадамi 11 краiн.

Парадненне абласцей рэспублiкi i адпаведных тэрытарыяльна-адмiнiстрацыйных адзiнак Балгарыi, ГДР, Польшчы, Чэхаславакii значна павысiла ўзровень iх узаемадзеяння ва ўсiх сферах. У 1956 г. Гродзенская i Брэсцкая вобласцi першымi заключылi пагадненнi з прыгранiчнымi Беластоцкiм i Люблiнскiм ваяводствамi. У 1985 г. ужо ўсе вобласцi мелi сiстэматычныя сувязi на аснове дагавораў з 10 ваяводствамi Польшчы, 2 акругамi ГДР, акругай Балгарыi i вобласцю Чэхаславакii. Пашырыўся абмен вопытам з дзяржаўнымi органамi, грамадскiмi арганiзацыямi i iншых краiн — членаў СЭУ i Варшаўскага дагавору. З 1979 г. БССР i Славенiя (СФРЮ) сталi рэгулярна абменьвацца ўрадавымi i парламенцкiмi дэлегацыямi, шэраг калектываў рэспублiкi заключылi дагаворы аб супрацоўнiцтве. Наладжаныя сувязi спрыялi пэўнаму абмену вопытам работы дзяржаўных i партыйных органаў, грамадскiх арганiзацый, вытворчых калектываў, устаноў культуры i адукацыi, пашырэнню зносiн памiж больш шырокiмi коламi насельнiцтва. Але практычнае выкарыстанне ўзаемных набыткаў тармазiлася загадна-адмiнiстрацыйнай сiстэмай у СССР i краiнах — членах СЭУ, а у некаторай ступенi служыла i яе кансервацыi.

Актывiзацыi мiжнародных кантактаў насельнiцтва садзейнiчала стварэнне новых грамадскiх арганiзацый. Заснаваны ў 1958 г. Камiтэт маладзёжных арганiзацый БССР наладзiў сувязi з саюзамi i аб'яднаннямi моладзi больш як 20 краiн свету. З 1964 г. пачало функцыянiраваць Беларускае таварыства па культурных сувязях з суайчыннiкамi за рубяжом. Падтрымлiваючы мiжнародны рух прыхiльнiкаў мiру, працоўныя рэспублiкi, Беларускi камiтет абароны мiру (заснаваны ў 1951 г.) сталi ўдзельнiкамi многiх акцый, якiя праводзiлiся на тэрыторыi рэспублiкi, — мiтынгаў, мiжнародных сустрэч, кангрэсаў. Пашырылiся функцыi i сацыяльная база Беларускага таварыства культурных сувязей з загранiцай, якое было ў 1958 г. рэарганiзавана у Беларускае таварыства дружбы i культурнай сувязi з замежнымi краiнамi.

Разам з гэтым у арганiзацыi грамадска-палiтычных сувязей праявiлiся i негатыўныя тэндэнцыi. Жорсткая цэнтралiзацыя мiжнародных адносiн, фактычная манаполiя партыi на кiраўнiцтва ўсiмi справамi грамадства абумовiлi iх iдэалагiчную зададзенасць, заарганiзаванасць, фармалiзм, абмежаванасць кола ўдзельнiкаў замежных сувязей. У прыватнасцi, не ставiлiся i не абмяркоўвалiся складаныя пытаннi беларуска-польскiх адносiн, у тым лiку становiшча беларускай меньшасцi ў Польшчы i польскай — на Беларусi, спрашчэння працэдуры зносiн прыгранiчных жыхароў, абмену памiж рэспублiкамi групамi турыстаў, спецыялiстаў, арганiзацыi вытворчага, навукова-тэхнiчнага, культурнага супрацоўнiцтва. Не вырашалася i праблема сувязей з беларускiм замежжам.

Маштабы знешнеэканамiчных сувязей рэспублiкi вызначалiся яе прамысловым i навукова-тэхнiчным патэнцыялам як часткi народна-гаспадарчага комплексу СССР, зручным транспартна-геаграфiчным палажэннем Беларусi, а таксама агульным станам эканамiчных адносiн СССР з замежнымi дзяржавамi, iх сiстэмай арганiзацыi i кiравання. Доля народнай гаспадаркi краiны ў сусветным эканамiчным i тэхналагiчным абмене хоць i павысiлася ў параўнаннi з першымi пасляваеннымi гадамi, але ў цэлым была нязначнай i не адпавядала патэнцыялу i палiтычнай вазе Савуцкага Саюза ў свеце. Гэта, безумоўна, адбiвалася на знешнеэканамiчных сувязях рэспублiкi, хаця яна ў гаспадарчым развiццi мела лепшыя, чым у сярэднiм па краiне, паказчыкi, у прыватнасцi па росту валавога грамадскага прадукта i нацыянальнага даходу, прадукцыйнасцi працы. Больш высокай была i ўдзельная вага тавараў, якiя па сваёй якасцi адпавядалi сусветнаму ўзроўню цi былi блiзкiмi да яго. Доля Беларусi ў саюзным экспарце прамысловых вырабаў складала 2—2,3 %. Калi ў 1956 г. больш за 100 прадпрыемстваў рэспублiкi пастаўлялi сваю прадукцыю 47 краiнам, то ў 1985 г. — 300 прадпрыемстваў больш чым 100 дзяржавам, у тым лiку трактары, грузавыя аўтамабiлi, сiласаўборачныя камбайны, калiйныя ўгнаеннi, тавары шырокага ўжытку. Аднак удзельная вага машын i абсталявання ў экспарце хоць i была большай, чым па краiне ў цэлым, але ўсе ж заставалася невысокай — каля 30 %. Асноўная частка прадукцыi беларускiх прадпрыемстваў накiроўвалася краiнам — членам СЭУ, прыкладна трэць яе — усiм астатнiм дзяржавам.

iмпартныя паступленнi ў рэспублiку садзейнiчалi прамысловаму абнаўленню многiх прадпрыемстваў, пэўнаму задавальненню патрэбнасцей насельнiцтва ў таварах шырокага ўжытку. Амаль палова з iх прыходзiлася на краiны СЭУ i СФРЮ, каля 40 % — на прамыслова развiтыя дзяржавы Захаду i 10 % — на астатнiя краiны.

Больш актыўнаму ўдзелу рэспублiкi ў мiжнародным гандлёвым абмене перашкаджала адсутнасць самастойнага выхаду прадпрыемстваў на сусветны рынак i сiстэмы iх матэрыяльнага стымулявання па нарошчванню экспарту. Ведамасная манаполiя прыводзiла i да таго, што пры закупцы iмпартнага абсталявання i тэхналогiй для прадпрыемстваў не заўсёды ўлiчвалiся iх экалагiчныя якасцi i адпаведнасць сусветнаму ўзроуню, парушалiся вызначаныя тэрмiны ўстаноўкi абсталявання, набытага за валюту.

Нягледзячы на пашырэнне мiжнародных сувязей рэспублiкi ў другой палове 50-х—80-я гг., пэўную эвалюцыю зместу i форм, яны не паднялiся на якасна новую ступень, а iх узровень, практычныя вынiкi не адпавядалi эканамiчнаму, навукова-тэхнiчнаму i культурнаму патэнцыялу, запатрабаванням сацыяльна-эканамiчнага i культурнага развiцця Беларусi. Пасля 1944 г. размеркаванне кампетэнцыi ў сферы мiжнародных сувязей памiж рэспублiкамi i саюзам не зведала значных змен. У Канстытуцыi СССР 1977 г. i прынятых затым канстытуцыях саюзных рэспублiк артыкул аб праве саюзных рэспублiк мець зносiны з зарубежнымi дзяржавамi, заключаць з iмi дагаворы i абменьвацца дыпламатычнымi i консульскiмi прадстаўнiцтвамi быў дапоўнены правам удзельнiчаць у дзейнасцi мiжнародных арганiзацый. БССР практычна мела гэта права пасля падпiсання Статута ААН, i таму кастытуцыйныя змены практычна не ўмацавалi юрыдычную базу мiжнародных зносiн рэспублiкi. Тым больш, што вызначэнне асноў мiжнароднай дзейнасцi было даручана цэнтру. Артыкул 28 Канстытуцыi БССР 1978 г. зацвердзiў, што рэспублiка "у знешнепалiтычнай дзейнасцi кiруецца мэтамi, задачамi i прынцыпамi знешняй палiтыкi СССР, вызначанымi Канстытуцыяй СССР". Прававыя асновы нацыянальна-дзяржаўнага будаўнiцтва СССР у галiне мiжнароднай дзейнасцi, закладзеныя ў сталiнскiя часы, закансервавалiся, акасцянелi ў гады застою, не былi дапоўнены неабходнымi юрыдычнымi, палiтыка-дыпламатычнымi i арганiзацыйна-практычнымi мерапрыемствамi.

Трэцi этап (1985—1990 гг.). Трэцi, заключны этап знешнепалiтычнай дзейнасцi БССР ахоплiвае 1985—1990 гг. Яго можна прадлiць да канца 1991 г., калi СССР спынiў сваё iснаванне. Але, на нашу думку, 1990—1991 гг. ужо адносяцца да новага перыяду навейшай гiсторыi Беларусi, калi яна стала на шлях набыцця незалежнасцi.

Другая палова 80-х гг. — гэта час перабудовы i новай савецкай знешняй палiтыкi. Рэфармаванне савецкай палiтычнай i эканамiчнай сiстэмы адбывалася паралельна з працэсам паляпшэння мiжнароднага становiшча i заканчэння "халоднай вайны". Новы падыход кiраўнiцтва СССР на чале з Мiхаiлам Гарбачовым да ААН садзейнiчаў пашырэнню ўдзелу СССР, УССР i БССР у арганiзацыях сiстэмы ААН, унёс новыя рысы ў дзейнасць савецкай дыпламатыi. У выступленнях i практычнай дзейнасцi беларускiх дэлегатаў паступова знiкала прапагандысцкая, антызаходняя рыторыка, паявiлася больш канструктыўных момантаў. Пачынаецца дзелавое i шырокамаштабнае супрацоўнiцтва памiж савецкiмi дэлегацыямi i дыпламатыяй заходнiх краiн.

У 1989 г. БССР заявiла аб прызнаннi юрысдыкцыi Мiжнароднага суда па шэрагу мiжнародных дагавораў, якiя датычылiся правоў чалавека. Але адыход ад стэрэатыпаў "халоднай вайны" i знешнепалiтычнай залежнасцi ад саюзнага ўрада даваўся з вялiкай цяжкасцю. Да 1990 г. беларускiя прадстаўнiкi не асмельвалiся паставiць на мiжнародным узроўнi пытанне аб аказаннi мiжнароднай дапамогi ў змяншэннi вынiкаў чарнобыльскай катастрофы.

Распачатыя ў 1985 г. працэсы дэмакратызацыi ўсiх сфер жыццядзейнасцi грамадства адкрылi новыя магчымасцi ажыццяўлення рэспублiкамi мiжнароднай дзейнасцi. Палiтычныя i эканамiчныя рэформы, пашырэнне правоў рэспублiк вызначылi новы ўзровень iх самастойнасцi ў мiжнародных справах. Аднак аж да 1990 г. размова iшла менавiта аб пашырэннi правоў рэспублiк за кошт некаторага змягчэння звышцэнтралiзацыi ў дзейнасцi саюзных органаў i ведамстваў, а не аб радыкальным пераразмеркаваннi паўнамоцтваў памiж цэнтрам i рэспублiкамi.

Новы этап знешнепалiтычнай i мiжнароднай дзейнасцi Беларусi абумоўлены працесам суверэнiзацыi былых рэспублiк СССР, яго распадам. 27 лiпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнiтэце Беларускай ССР. Яна засведчыла права на свабоду i незалежнасць беларускага народа, заявiла перад усiм светам аб суверэннасцi Беларусi, упершыню вызначыла яе знешнепалiтычны курс, якi вынiкае з нацыянальных патрэб i грунтуецца на мiжнародна-прававых актах. У жнiўнi 1991 г. Вярхоўны Савет БССР надаў канстытуцыйны статус Дэкларацыi аб дзяржаўным суверэнiтэце, абвясцiў аб эканамiчнай i палiтычнай незалежнасцi Беларусi.

Далейшыя працэсы суверэнiзацыi рэспублiкi, бяссiлле саюзных форм улады прывялi ў снежнi 1991 г. да стварэння Садружнасцi Незалежных Дзяржаў (СНД) i спыненню iснавання СССР як суб'екта мiжнароднага права. Рэспублiка Беларусь прыступала да адбудовы незалежнай дзяржавы, правядзення самастойнай знешняй палiтыкi.

У 1944—1990 гг. знешнепалiтычная дзейнасць Беларускай ССР развiвалася цалкам у рэчышчы савецкай знешняй палiтыкi. Выхад Беларусi на мiжнародную арэну ў сярэдзiне 40-х гг. не пераўтварыўся ў актыўную знешнюю палiтыку наступных дзесяцiгоддзяў. Ён аказаўся абмежаваным рамкамi ААН i некалькiх яе спецыялiзаваных устаноў, а таксама трансгранiчным супрацоўнiцтвам з суседнiмi краiнамi "сацыялiстычнай садружнасцi". Беларусь не ўспрымалася ў свеце як незалежная i суверэнная дзяржава, а разглядалася як неад'емная ўастка унiтарнай дзяржавы, якой з'яўляўся Савецкi Саюз. Знешнепалiтычная дзейнасць беларускага ўрада мала ў чым адпавядала нацыянальным iнтарэсам Беларусi, i самi гэтыя iнтарэсы не маглi быць вызнаўаны i ўспрыняты тагачаснай кiруючай элiтай цi наменклатурай. А паколькi не было суверэннай i незалежнай Беларусi, не магло быць беларускiх нацыянальных iнтарэсаў, беларускай знешняй палiтыкi i дыпламатыi.

Такiм чынам, другi выхад Беларусi на мiжнародную арэну, якi ахоплiвае 40—80-я гг., таксама аказаўся незавершаным. Як саюзная рэспублiка, яна не магла атрымаць мiжнародна-прававога прызнання i выступаць як самастойны суб'ект мiжнароднага права i сусветнай палiтыкi. Толькi рэальны суверэнiтэт i незалежнасць адкрывалi перад Беларуссю перспектыву ўваходжання ў сусветную супольнасць.

КРЫНIЦЫ I ЛIТАРАТУРА

Белорусская ССР в международных отношениях: Международные договоры, конвенции и соглашения Белорусской ССР с иностранными государствами (1944—1959). Мн., 1960.
Белорусская ССР в международных отношениях: Международные договоры, конвенции и соглашения Белорусской ССР с иностранными государствами (1960—1980). Мн., 1983.
Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. 8—12. (1944—1965 гг.). М., 1973—1986.
Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны 1941—1945 гг.: Сб. документов: В 6 т. М., 1978—1980.
Белорусская ССР и социалистические страны: укрепление дружбы, сотрудничества, братства (1945—1987). Мн., 1987.
Белорусская ССР на международной арене. М., 1964.
Войтович С. Д. Белорусская ССР и развивающиеся страны (1945—1970). Мн., 1974.
Войтович С. Д. Белорусская ССР в отношениях с развивающимися странами (1971—1985). Мн., 1985.
Воробей Н. С. Участие Белорусской ССР в отношениях Советского Союза с капиталистическими странами (50—70-е годы). Мн., 1982.
Киселев К. В. Записки советского дипломата. М., 1974.
Нарысы гiсторыi Беларусi. Ч. 2. Мн., 1995.
Снапковский В. Е. Белорусская ССР в ООН (1945—1985 гг.). Мн., 1985.
Снапковский В. Е. Путь Беларуси в ООН. 1944—1945 гг. Мн., 1994.
Снапкоўскi У., Сяргеева Г. Мiжнародная дзейнасць Беларусi // Настаўнiцкая газета. 1994. 20, 30 красавiка.
Снапковский В. "Мы, народы Объединенных Наций..." (К 50-летию деятельности Беларуси в ООН) // Неман. 1995. № 10—11.
Снапкоўскi У. Е. Знешнепалiтычная дзейнасць Беларусi: 1944—1953 гг. Мн., 1997.
Сяргеева Г. Г., Снапкоўскi У. Е. Знешнепалiтычныя аспекты суверэнiтэту Беларусi: Гiстарычны агляд // Весцi АН Беларусi. Сер. гуманiт. навук. 1992. № 2.
Тихонов О. От подручных к суверенным // Неман. 1991. № 10.

Опубликовано на Порталусе 24 сентября 2004 года

Новинки на Порталусе:

Сегодня в трендах top-5


Ваше мнение?



Искали что-то другое? Поиск по Порталусу:


О Порталусе Рейтинг Каталог Авторам Реклама