Рейтинг
Порталус

Дэмакратычная апазіцыя ў пошуках саюзьніка

Дата публикации: 24 сентября 2004
Публикатор: maskaev
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ПОЛИТИКА ВНУТРЕННЯЯ →
Номер публикации: №1096041794


АВТОР: Валерка Булгакаў

ИСТОЧНИК: Журнал "ARCHE", Беларусь, №6 2001


ВАЛЕРКА БУЛГАКАЎ

галоўны рэдактар часопісу “ARCHE”, укладальнік зборнікаў “Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне” (Энцыклапедыкс, 2000), “Палітычная сыстэма Беларусі і прэзыдэнцкія выбары 2001 году” (2001). Апошняя ягоная публікацыя ў часопісе — артыкул “Выбары прэзыдэнта крэолаў” (№ 4-2001).

Падчас выбарчай кампаніі 2001 году недзяржаўныя СМІ многа гаварылі пра хаўрус паміж намэнклятурай і дэмакратычнай апазыцыяй, які меўся прывесьці да абраньня прэзыдэнтам Беларусі праэўрапейска настроенага палітыка. Для навязваньня сувязяў з намэнклятурай дэмакратычнай апазыцыяй быў дэлегаваны былы міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня, а пасьля некаторы час турэмны вязень Васіль Лявонаў. І ўжо зь вясны 2001 году ў недзяржаўнай прэсе пачалі рэгулярна зьяўляцца публікацыі, якія недвухсэнсоўна паказвалі, што праца з намэнклятурай ідзе. 17 красавіка 2001 году “Народная Воля” апублікавала расейскамоўны “Зварот вайскоўцаў запасу да грамадзянаў Рэспублікі Беларусі”, падпісаны дванаццацьма афіцэрамі запасу ў рангу ад генэрал-лейтэнанта да маёра, якія аб­вінавацілі рэжым Лукашэнкі ў зьніжэньні дабрабыту беларускага народу. 25 траўня тая самая “Народная воля” выдрукавала, гэтым разам на беларускай мове, “Зварот да беларускага народу” групы асобаў, у якой ізноў ладнае месца займалі прадстаўнікі намэнклятуры, што падзялялі дэмакратычныя вартасьці. Падобныя публі­кацыі зьяўляліся і пасьля.

Прыкладна ў гэты самы час у кулюарных размовах шэраг прадстаўнікоў сталічнай дэмакратычнай грамадзкасьці вельмі дадатна выказваліся наконт магчымасьці вылучэньня ў прэзыдэнты Паўла Казлоўскага акурат з той самай прычыны: маўляў, ён пацягне за сабой намэнклятуру, маючы, відаць, на ўвазе, кадравых вайскоўцаў і работнікаў праваахоўных органаў. Ні для кога не было вялікім сакрэтам, што і посьпех Уладзімера Ганчарыка, які выявіўся ў наданьні яму паўнамоцтваў кандыдата ад шырокай грамадзянскай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах, таксама ў вялікай ступені быў абумоўлены яго намэнклятурнай мінуў­шчынай. Разьлік рабіўся на катаклізм у намэнклятурным асяродзьдзі, калі зьмена палярнасьці аднаго элемэнту выклікае незваротную ланцуговую рэакцыю.

Ідэалягічна хаўрус дэмакратычнай апазыцыі і намэнклятуры ўзяўся абгрунтаваць лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. У сваім опусе “Саюз дэмакратаў і намэнклятуры: пэрспэктывы і рызыкі” (“Народная Воля” ад 11 жніўня) ён пісаў: ”Ці можна выйграць палітычную кампанію, менаваную “прэзыдэнцкія выбары”? Безумоўна! Але пры адной умове. Калі будзе саюз дэмакратаў і намэнклятуры”. Далей Лябедзька працягвае: “Стаўка была зробленая на кампраміс. Фактычна “пяцёрка” выконвала функцыі пасярэдніка паміж дэмакратамі і намэнклятурай”.

Апагей выбарчай кампаніі азначыўся малаўцямнымі інвэктывамі на адрас рэжыму з боку былога віцэ-шэфа КДБ і Рады бясьпекі Валера Кеза, генэрал-маёра Валера Паўлава і некаторых іншых “вайсковых пэнсіянэраў”. Хоць пры гэтым у пагадненьні “Аб узаемных забавязаньнях адзiнага кандыдата i шырокай грамадзянскай каалiцыi падчас i пасьля выбараў Прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусі” тэма гарантыяў для намэнклятуры ў выпадку абраньня прэзыдэнтам дэма­кратычнага кандыдата адсутнічала зусім.

Да палітычна важкіх наступстваў вы­сілкі па перацягваньні “намэнклятуры” на бок апазыцыі не прывялі. Намэнклятура засталася вернай Аляксандру Лукашэнку. Пасьлявыбарная заява лідэра АГП Анатоля Лябедзькі аб тым, што хаўрус дэмакратычных сілаў з намэнклятурай аказаўся стратэгічна правільным, выглядала на імкненьне схаваць уласную разгубленасьць за нагрувашчаньнем словаў.

Перш чым адказаць на пытаньне, у чым прычыны таго, што намэнклятурная міна, падкладзеная пад вынайдзеную лукашэнкаўскім рэжымам канструкцыю ўлады, так і не зацікала, варта адзначыць, што само паняцьце “намэнклятура” ў тым выглядзе, у якім яго ўжываюць дэмакратычныя дзеячы нашай краіны, праблематычнае. Трэба з жалем канстатаваць, што ў іх мысьленьні на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя не адбылося крытычнага пераасэнсаваньня гэтага паняцьця.

У пару заняпаду СССР і набыцьця Беларусяй незалежнасьці “намэнклятура” ўяўляла сабой сынкрэтычнае паняцьце, пад якім разумеліся работнікі партыйных, савецкіх (улучна з прафсаюзамі і іншымі марыянэткавымі грамадзкімі арганізацыямі) і гаспадарчых органаў. Іншымі словамі, пры дзяржаўнай эканоміцы існавала зрашчэньне органаў дзяржаўнай улады і кіраўнічага пэрсаналу суб’ектаў гаспадараньня. Таму на момант распаду СССР і ў першыя гады незалежнасьці Бе­ларусі ў палітычным мысьленьні паняцьце “намэнклятура” разумелася як рэ­аль­ная крыніца ўлады. Як закрытай палі­тычнай клясе, якая валодае неабмежаваным уладным патэнцыялам, “намэн­клятуры” надаваўся арэол загадкавасьці і ўсёмагутнасьці. За ёй прызнавалася здольнасьць скідаць і прызначаць прэзыдэнтаў і драбнейшых дзяржаўных службоўцаў, вяршыць лёс краіны.

Галоўны ўрок выбарчай кампаніі 2001 году палягае ў тым, што такая “намэнклятура” больш не існуе ў беларускай палі­тычнай рэальнасьці, але працягвае паразытычна існаваць у мысьленьні дэмакратычных лідэраў. Заснаваная на гэтым анахранічным паняцьці “намэнклятуры” перадвыбарная праграма дэмакратычных сілаў мела выразна ўта­пійны характар, што зрабіла свой унёсак у канфузную паразу 9 верасьня.

Тое, што дэмакратычныя лідэры “пра­спалі” важныя працэсы ў палітычнай гі­сторыі Беларусі, наводзіць на горкія роздумы.

“Усёмагутная” намэнклятура адышла ў нябыт разам з абраньнем Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі ў 1994 годзе. Створаны Лукашэнкам рэжым пасьлядоўна ажыцьцяўляў дэпрыватызацыю ўлады, г.зн. запабягаў зрастаньню дзяржаўнага апарату і гаспадарчых элітаў, калі першы робіцца простым выканальнікам волі найбуйнейшых алігархічных груповак. Гэтаму спрыяла кадравая палітыка Лукашэнкі, накіраваная на нэўтралізацыю “кебічаўскіх намэнклятурнікаў” на чале зь Міхаілам Мясьніковічам дзякуючы ўзмацненьню выхадцаў з праваахоўных органаў на чале зь Вік­тарам Шэйманам і Ўралам Латыпавым. Шмат­значная пасьлявыбарная адстаўка Міхаіла Мясьніковіча з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта і прыход на гэтую пасаду былога загадчыка катэдры спэцдысцыплінаў Вышэйшых курсаў КГБ СССР (цяперашняга Інстытуту нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі) Урала Латыпава зь яго найбліжэйшымі па­плечнікамі сьцьвердзіла перш-наперш канчатковую мар­гіналізацыю “кебічаўскіх на­мэнкля­турнікаў”. Іх палітычная вага цяпер настолькі малая, што найбліжэйшае абкружэньне Лукашэнкі з кадэбісцкім мінулым перастае зь імі лі­чыц­ца. Гэта таксама азначае, што цяперашняя лукашэнкаўская кліка нарэшце дасягнула змогі кантраляваць прамысловы сэктар эканомікі і фінансавую сыстэму краіны без дакучлівых пасярэднікаў у выглядзе “кебічаўскіх кадраў”. Гэтаму ў вялікай меры паспрыяла функцыянальная дзеяздольнасьць дзяржаўнай бюра­кратыі, або дзяржапарату, які цягам апошніх гадоў мэта­скіравана ачышчалі ад “выпадковых” элемэнтаў.

На момант выбарчай кампаніі 2001 году “намэнклятуры” як такой ужо не існавала. Яе касьцяк, кебічаўскія гаспадарнікі, імкліва губляў сваю палітычную ўвагу, заснаваную на канвэртацыі сувязяў з дырэктарамі буйных прамысловых прадпрыемстваў, кіраўнікамі банкаў і г.д. у палітычны капітал. Дзяржаўная бюра­кратыя захоўвала сваю ляяльнасьць рэжыму дзякуючы сваёй карпаратыўнай этыцы. Пры гэтым лукашэнкаўская прапаганда эфэктыўна палохала яе стратай яе пазыцый у будучыні, выстаўляючы нацыянальную дэмакратыю ў якасьці сілы, якая прагне разбурыць сфармаваную за дзесяць гадоў беларускай незалежнасьці сыстэму дзяржаўнай улады, а значыць здольную пахіснуць “прыродную” раўнавагу палітычных адносінаў у беларускім грамадзтве.

Нарэшце, была яшчэ адна сіла, якая часткова разьвілася з “намэнклятуры” пачаткаў беларускай незалежнасьці — новыя фінансава-прамысловыя эліты. Лідэры дэмсілаў, застаючыся ў палоне ўласных жа стэрэатыпаў аб антырынкавым характары беларускай эканомікі, традыцыйна ігнаравалі кантакты зь імі.

Зь якой жа тады “намэнклятурай” так заўзята навязвалі кантакты дэмакратычныя дзеячы? Па сутнасьці, уся іх праца па “разлажэньні” намэнклятуры зьвялася да перацягваньня на свой бок былых работні­каў дзяржапарату накшталт Валера Кеза, якія адышлі ад актыўнай прафэсійнай дзейнасьці. Зьвёўшыся да працы з адстаўнымі або другараднымі работнікамі дзяржапарату, якія прадстаўлялі толькі саміх сябе з сваімі крыўдамі і амбіцыямі, намэнклятурны фронт беларускай апазыцыі ператварыўся ў пародыю на самога сябе.

Параза 9 верасьня ня зьняла цалкам прыроднага пытаньня пра пошук дэма­кратычнай апазыцыяй хаўрусьнікаў для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў. Больш за тое, яна з усёй відавочнасьцю паказала, што датуль, дакуль палітычныя партыі, выбарчыя блёкі і шырокія грамадзянскія кааліцыі не займеюць моцнай зваротнай сувязі з усім грамадзтвам, не паставяць па-над усім у сваёй актыўнасьці эканамічныя інтарэсы айчыннага вытворцы і сацыяльныя спадзяваньні асноўных грамадзкіх групаў, яны застануцца адно марыянэткамі ў руках тых ці іншых сілаў, схільных да махінацый і маніпуляцый. І будуць скаланацца ўнутранымі інтрыгамі, бо толькі слабасьць і няпэўнасьць саміх сябе партыйных (і, шырэй, палітычных) лідэраў ёсьць зарукай іх залежнасьці ад вонкавых рэсурсаў існаваньня.

Разглядаючы пытаньне пра магчымых хаўрусьнікаў дэмакратычных сілаў, трэба здаваць сабе справу з таго, што старыя кебічаўскія намэнклятурнікі фактычна выціснутыя на пэрыфэрыю палітычнага жыцьця, дзяржаўная бюракратыя дэмаралізаваная і атамізаваная дзякуючы майстэрскай кадравай палітыцы Лукашэнкі, а таксама карпаратыўнай этыцы і групавой салідарнасьці, навязанай ёй рэжымам. Таму нельга не сканстатаваць, што адзінай палітычна значнай сілай, якая валодае неабыякім матэрыяльным і нават адміністрацыйным патэнцыялам і якая да таго ж моцна расчараваная ў папулісцкай палітыцы беларускага кіраўніцтва, у культываваным ім ідэале сацыяльнай роўнасьці, застаюцца бізнэс-эліты зь іх асноўным прынцыпам — дасягненьнем максымальнага прыбытку.

Зь першых ста дзён другой Лукашэнкавай кадэнцыі вынікае, што акурат прамыслова-фінансавыя эліты, або, шырэй, узьнікаючую клясу буржуазіі і буйных прыватных вытворцаў, а таксама новапаўсталыя “змычкі” паміж ёй і дзяржаўнай бюракратыяй беларускі рэжым уважае за найбольшую небясьпеку свайму панаваньню. Тыя акцыі дэманстрацыйнага запалохваньня, якія былі зьдзейсьненыя ўладамі зь верасьня да студзеня і якія атрымалі гучны розгалас, былі скіраваныя пераважна якраз на гэтыя бізнэс-элі­ты (арышты кіраўнікоў адносна самастойных з эканамічнага пункту гледжаньня прамысловых прадпрыемстваў, а таксама рынкаў і, што асабліва паказальна, крымінальныя скандалы вакол асобаў экс-начальніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманька і экс-дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава, якія, паводле афіцыйнай інфармацыі, дапусьціліся да шкоды дзяржаве, даючы выгадныя кантракты прыватным фірмам).

На фоне рэзкага абвастрэньня адносінаў паміж лукашэнкаўскай дзяржавай і прамыслова-эканамічнымі элітамі нельга не зьвярнуць увагі на адносную пасіўнасьць лукашэнкаўцаў у дачыненьні да дэмакратычнай апазыцыі. У гэтым абсягу падзеі ста дзён мелі значна меншую інтэнсіўнасьць — паціху тлеў ініцыяваны, магчыма, беларускімі спэцслужбамі мэдыйны скандал, зьвязаны зь фінансавымі злоўжываньнямі беларускай апазыцыі (на думку аб удзеле спэцслужбаў у гэтым скандале наводзіць яго характар: асноўныя абвінавачаньні ў нямэтавым вы­карыстаньні грошай прагучалі з вуснаў апазыцыйных жа палітыкаў — Аляксандра Фядуты, Мікалая Статкевіча і Барыса Гюнтэра; пасьля абвіначаваньняў не адбылося ніякіх захадаў з боку дзяржаўных праваахоўных органаў, хай сабе нейкай “пракурорскай праверкі”; гэтая паказная нэўтральнасьць дзяржавы толькі паглыбляла прапагандысцкі эфэкт акцыі: маўляў, апазыцыя загрузла ўва ўласным брудзе, і ніхто з гэтым рады даць ня зможа). Увагу некаторых назіральнікаў таксама прыцягнула інфармацыя ў “Белорусской деловой газете”, згодна зь якой цяперашні кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўрал Латыпаў мяркуе стварыць масавую палітычную партыю “сацыял-дэмакратычнай” арыентацыі. Аднак гэтая сюжэтная лінія не атрымала разьвіць­ця, з чаго найхутчэй вынікае, што най­бліжэйшым часам партыйныя краявіды ў Беларусі мала зьменяцца.

Рэжым здолеў падпарадкаваць сабе дзяржапарат, але ня змог падпарадкаваць новых прамыслова-фінансавых эліт. Падпарадкаваньне апошніх — фактычна невыканальная мэта для яго, бо яны ня будуць цалкам кантралявацца датуль, па­куль існуе прыватнакапіталістычны сэктар эканомікі. Нізкая інтэнсіўнасьць захадаў супраць апазыцыі з боку рэжыму паказвае, што магутныя аналітычныя службы пры Радзе бясьпекі не ўважаюць яе за рэальную пагрозу. Зусім інакш зь бізнэс-элітамі: крымінальны перасьлед іх выбітных прадстаўнікоў, вядомых усёй краіне, вымоўна паказвае ўзрастаньне іх значэньня ў эканамічным і, як вынік, у палітычным жыцьці краіны.

Можна канстатаваць, што сёньня скла­ліся дзьве апазыцыі Лукашэнку і створанаму ім рэжыму ўлады. Фармальна неляяльная, але гатовая дзейнічаць толькі ў канстытуцыйных рамках нацыянал-дэмакратыя і фармальна ляяльныя, а насамрэч схільныя да закулісных камбінацыяў бізнэс-эліты. Калі нацыянальнай дэмакратыяй палітычная актыўнасьць зьдзяйсьняецца зь вялікай мерай публічнасьці, то групы ўплыву бізнэс-элітаў стараюцца ніяк не афішаваць сваіх інтарэсаў і захадаў. Пры гэтым бізнэс-эліты — вельмі дынамічная сіла, чый палітычны капітал увесь час павялічваецца і будзе павялічвацца ў меру трансфармацыі беларускай эканомікі.

Факт утварэньня дзьвюх апазыцый рэжыму Лукашэнкі не азначае, што дэма­кратычныя сілы канечне пойдуць на хаўрус зь бізнэс-элітамі, каб дасягнуць сваёй стратэгічнай мэты — пераняцьця палітычнай улады ў краіне, хаця гэткага сцэнару разьвіцьця падзеяў нельга вы­ключаць. На працягу чарговага тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі дэм­сілы сутыкнуцца зь неабходнасьцю выбару паміж трыма стратэгіямі палітычнай барацьбы: або захаваць ранейшы палітычны курс на альянс з “намэнклятурай”, зразуметай як работнікі дзяржаўнага апарату, адхіляючы ўсе закіды наконт нежыцьцяздольнасьці гэтага альянсу; або адмовіцца ад любых кантактаў з “намэнклятурай” у сьвятле іх палітычнай неэфэктыўнасьці, культывуючы палітычную “цнатлівасьць” у духу Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ; або намацваць пункты палітычнага судакраненьня, завязваць дыялёг з новымі бізнэс-элітамі, які пры памысным зьбегу аб­ста­вінаў неўпрыкметку можа перарась­ці ў рэа­лізацыю супольных праектаў па палітычным пераўладкаваньні краіны. Пры гэтым трэба ўлічваць, што стратэгіч­ныя інтарэсы дэмсілаў і бізнэс-элітаў наагул супадаюць — і першыя, і другія за­цікаў­леныя ў ператварэньні Беларусі ў буржуазную рэспубліку зь вялікай доляй прыватнаэканамічнага сэктару і лібэральнай эканамічнай палітыкай. Разыхо­джаньні ж непазьбежна пачнуцца толькі пры абмеркаваньні культурнай палітыкі і ідэалягічнага самавызначэньня дзяржавы.

Праблематычнасьць альянсу нацыянал-дэмакратыі зь бізнэс-элітамі палягае ў тым, што апошнія пераважна расейскамоўныя і расейскакультурныя, нярэдка ка­румпаваныя, што яны традыцыйна ўспры­маюць Расію перш за ўсё як агром­ністы выгадны замежны рынак. Пры гэтым у беларускіх бізнэс-элітах параўнальна нізкая ўдзельная вага этнічных беларусаў. Беларусы ўва ўмовах савецкага, а цяпер постсавецкага культурнага каляніялізму застаюцца далёка ня самай сацыяльна мабільнай этнічнай групай у беларускім грамадзтве, нягледзячы на сваё фармальнае першынство (сацыяльная мабільнасьць вышэйшая ў касмапалітычных носьбітаў сацыяльна больш прэстыжнай культуры некарэннага насельніцтва).

Яшчэ адна важная перашкода палягае ў тым, што бізнэс-эліты баяцца іміджу “апазыцыйнасьці”, бо набыцьцё такога іміджу найчасьцей азначае пагрозу для іх прафэсійнай дзейнасьці. У гэтым сэнсе варта ўлічыць досьвед палітычнай камунікацыі зь бізнэс-элітамі, які на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах прадэманстравалі, нягледзячы на ўсю двухсэнсоўнасьць іхнага палітычнага статусу, Леанід Сіні­цын і Міхаіл Марыніч, а менавіта: беларускай апазыцыі ня варта чакаць знакаў увагі з боку новых беларускіх бізнэсоўцаў, але трэба палітычнымі сродкамі мэтакіравана і рашуча змагацца за прызнаньне гэтай сацыяльнай групай сябе ў якасьці прадстаўніка інтарэсаў вытворцаў і ўласьнікаў у агульнанацыянальным маштабе.

Прэзыдэнцкія выбары 2001 году са­праўды сталіся этапнай падзеяй для дэмакратычных сілаў, бо яны ўпершыню з такой сілай паказалі ўсяму грамадзтву іх жаданьне ісьці на альянс зь іншымі палітычнымі сіламі. Зь іншага боку, гэтае жаданьне засьведчыла цьвярозую ацэнку стратэгамі дэмсілаў бягучай палітычнай сытуацыі: яно дэ-факта было прызнаньнем таго, што дэмсілы ня ў стане дабіцца ўлады ў краіне самастойна.

Опубликовано на Порталусе 24 сентября 2004 года

Новинки на Порталусе:

Сегодня в трендах top-5


Ваше мнение?



Искали что-то другое? Поиск по Порталусу:


О Порталусе Рейтинг Каталог Авторам Реклама