Рейтинг
Порталус

Чаму наменклатура за прэзідэнта

Дата публикации: 24 сентября 2004
Публикатор: maskaev
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ПОЛИТИКА ВНУТРЕННЯЯ →
Номер публикации: №1096043236


ИСТОЧНИК: ИНФОРМАЦИОННО-АНАЛИТИЧЕСКИЙ БЮЛЛЕТЕНЬ ФОНДА СООРОСА "ОТКРЫТОЕ ОБЩЕСТВО"

Зянон ПАЗЬНЯК



ЧАМУ НАМЕНКЛАТУРА ЗА ПРЭЗIДЭНТА


После выхода "Адкрытага грамадства" (№1(7), 2000) редакция получила интересное письмо из Гомеля от члена ОО "Фонд "Открытое общество" Юрия Воронежцева, бывшего народного депутата СССР. В письме он сообщает, что с интересом ознакомился с материалами номера по проблеме "Какой быть Беларуси: парламентской или президентской?" и предложил опубликовать в рамках обсуждения этой темы статью лидера БНФ Зенона Пазьняка "Чаму наменклатура за прэзiдэнта", которая была напечатана в "Народной газете" в 1991 году. Ознакомившись со статьёй, редакция согласилась с предложением Воронежцева. В статье наиболее полно изложена точка зрения крупнейшей в то время оппозиционной силы - Белорусского народного фронта - на проблему введения института президента. Это позволит читателю более полно представить картину политической борьбы, которая развернулась тогда в обществе по вопросу президентства.

Кроме этого, в рубрике "Возвращаясь к напечатанному" редакция решила опубликовать "Заявление партийной группы коммунистов Верховного Совета Белорусской ССР". Его нам также прислал Ю.Воронежцев. Это Заявление было реакцией коммунистического большинства тогдашнего Верховного Совета на образование летом 1991 года депутатской группы "Коммунисты за демократию", созданной по инициативе Александра Лукашенко (см.: "Адкрытае грамадства", 2000, №2(8), с.41-43).



Наблiжаецца да завяршэння 4-я сесiя Вярхоўнага Савета БССР, якую, прабачце за вобразнае параўнанне, я назваў бы сесiяй партыйнай дэградацыi. Дэградацыi, перш за ўсё, палiтыкi КПБ у Вярхоўным Савеце, калi нават у iхнiм "маналiтным адзiнстве" пачаўся раскол.

Перад гэтым па Беларусi пракацiлася хваля рабочых забастовак, дзе рабочымi былi выстаўлены асноўныя палiтычныя патрабаваннi, якiх ужо трэцi год дамагаецца Беларускi Народны Фронт, - аб суверэнiтэце Беларусi, дэпартызацыi вытворчасцi, прававых органаў, вяртання нарабаванай маёмасцi КПСС народу, дэмакратызацыi ўлады, выхаду з эканамiчнага паралiча, пераходу да рынку i г. д.

Забастоўкi i патрабаваннi разглядзець дамаганнi рабочых на сесii Вярхоўнага Савета моцна напалохалi камунiстычную наменклатуру i асобных камунiстаў, што выехаўшы на спiне БНФ у Саветы, разыгрывалi з сябе дэмакратаў "на 95 працэнтаў". Забастоўкi ўсё паставiлi на месца - "дзевяностапяцiпрацэнтнiкi" перакiнулiся на сто працэнтаў да наменклатуры, якая, як вядома, на недахоп халуёў нiколi не скардзiлася.

Аднак партыйная наменклатура i былыя дзевяностапяцiпрацэнтныя "дэмакраты" зусiм не думалi хаця б часткова выконваць патрабаваннi рабочых. За кароткi час быў складзены план цiхага дзяржаўнага перавароту i зацверджаны ў павестцы дня 4-й сесii, нягледзячы на супрацiўленне дэпутацкай апазiцыi Народнага Фронту. У аснове падрыхтоўкi перавароту - пакет антыканстытуцыйных, процiпраўных законапраектаў, якiя меркавалi прыняць, як заўсёды, пад сiлавым нацiскам наменклатурнай большасцi, шляхам ашуканства i грубых парушэнняў рэгламенту. Ставiлася задача стварыць бачнасць заканадаўчай базы для ўсталявання наменклатурна-камунiстычнага дыктатарскага рэжыму на Беларусi. Галоўнымi з гэтага пакета з'яўляюцца законапраекты "Аб прававым рэжыме надзвычайнага становiшча", "Аб пераразмеркаваннi паўнамоцтваў памiж вышэйшымi дзяржаўнымi органамi Беларускай ССР" i "Аб заснаваннi пасады прэзiдэнта Беларускай ССР". Ва ўсiх гэтых законапраектах прадугледжаны грубыя парушэннi правоў чалавека з боку дзяржаўных структур. Бяспраўе прапануецца ўвесцi ў ранг закона. Рухавiком задумы, якi ажыццёвiць план, павiнна стаць прэзiдэнцкая ўлада.

Справа ў тым, што ў тых сацыяльна-палiтычных варунках, што iснуюць зараз на Беларусi, прэзiдэнцкая ўлада аўтаматычна вядзе да магчымасцi адмiнiстрацыйна-партыйнай дыктатуры. Нельга параўноўваць Беларусь з Расiяй, дзе ёсць беспартыйны лiдэр, надзелены дэмакратычнай уладай i паўнамоцтвамi, дзе неабходнасць прэзiдэнцтва вынiкала з перыпетый палiтычнай барацьбы памiж Гарбачовым i Ельцыным, памiж магчымасцямi дэмакратычнай Расii i аўтарытарна-таталiтарным СССР (Цэнтрам), памiж магчымасцю суверэннай Расiйскай Федэрацыi i унiтарным Савецкiм Саюзам. Вось па гэтай лiнii падзелу з глыбiнi дэмакратычнага руху i ўсплыло прэзiдэнцтва ў Расii i было падтрымана народам, бо аб'ектыўна спрыяе суверэнiтэту i дэмакратыi ў РСФСР.

Прэзiдэнцтва ў Беларусi ўсплыло як iдэя партыйна-апаратная ў вынiку жаху партыйнай бюракратыi i бездапаможнасцi перад размахам дэмакратычнага рабочага руху, усплыло як апошнi шанц вярнуць i сцвердзiць былы абсалютызм улады КПБ праз прэзiдэнцкiя формы праўлення.

i сапраўды. Што перашкаджала Савету Мiнiстраў, Вярхоўнаму Савету БССР, прэм'еру В.Кебiчу ажыццяўляць сваю ўладу, спраўджваць свае законы, рабiць дэмакратычныя пераўтварэннi, рухацца да рыначнай эканомiкi, да выхаду з крызiсу? Што? Уся ўлада ў iхнiх руках. Усюды камунiстычная "падаўляючая большасць". Яна магла прыняць любы закон, любое рашэнне. i прымала, i вырашала, i рабiла, што хацела, i не збiралася ўводзiць пасаду прэзiдэнта. Пакуль не адчула, як пад энергiяй народнага рабочага руху захiсталiся крэслы i наменклатурная верхавiна. Вось тут i пачалi ратавацца, марыць пра моцную прэзiдэнцкую руку i надзвычайныя паўнамоцтвы, дэмагагiчна абгрунтоўваючы свой кармушачны страх iнтарэсамi народа i "Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi".

Уся структура кiравання на Беларусi з верху да нiзу наскрозь партыйна-наменклатурная. Камунiстычны апарат поўнасцю цi амаль поўнасцю кантралюе выканаўчую i савецкую ўладу, прэсу, радыё, тэлебачанне - усе сродкi масавай iнфармацыi. Наша рэспублiка - гэта, вобразна кажучы, запаведнiк камунiзму. Цэлыя групы, слаi насельнiцтва (напрыклад, сяляне-калгаснiкi) поўнасцю сацыяльна залежныя ад камунiстычнай адмiнiстрацыi, творыцца шмат бяспраўя, беззаконня.

У такiх варунках выбраць свайго "прэзiдэнта" наменклатуры будзе няцяжка. Нядаўнi ашуканцкi фарс з "рэферэндумам" добра тое пацвярджае. Калi ж недзе надарацца цяжкасцi - пойдуць напралом, топчучы законы i мараль, выкарыстаюць i галасы чужога войска, i фальсiфiкацыi, i ўсе сродкi, што апраўдваюць iхнiя мэты. Камунiсты заўсёды так рабiлi. Успомнiм выбары ў Саветы.

Для нармальнага функцыянiравання прэзiдэнцкай пасады неабходны перш за ўсё прафесiйны дэмакратычны парламент, якi з'яўляецца процiвагай уладзе прэзiдэнта i кантралюе яго. Добра, калi iснуе грамадзянская супольнасць i дэмакратычныя iнстытуты кантролю за функцыямi кiравання, калi жывуць традыцыi шматпартыйнасцi, дзейнiчаюць спелыя палiтычныя партыi. Неабходна адпаведная вертыкальная структура прадстаўнiчай i выканаўчай улады, а не яе iмiтацыя ў выглядзе Саветаў i iх органаў. Неабходна замацаванне гэтай структуры ў Канстытуцыi Беларусi, патрэбны закон аб грамадзянстве, аб мунiцыпальным кiраваннi. Усё гэта распрацавала апазiцыя БНФ, i ўсе гэта было адкiнута наменклатурнай большасцю Вярхоўнага Савета.

Калi ж усяго гэтага няма, а iснуе толькi партыйна-савецкая сiстэма адмiнiстравання пад кантролем i кiраўнiцтвам ЦК КПБ - выбранне прэзiдэнта з усiмi яго паўнамоцтвамi аўтаматычна адчыняе магчымасцi да дыктатуры яго асобы i карпарацыi, што за ёй стаiць. Адным словам, з'яўляецца рэальная магчымасць вяртання да абсалютнай улады першага сакратара ЦК КПБ, або крэатуры ЦК, толькi праз iнстытут прэзiдэнцтва з бачнасцю фармальнай легiтымнасцi i законнасцi.

А зброя да новага дыктатарскага рэжыму камунiстычнай наменклатуры ўжо падрыхтавана. Гэта законапраект "Аб пераразмеркаваннi паўнамоцтваў памiж вышэйшымi дзяржаўнымi органамi", дзе функцыi Вярхоўнага Савета перадаюцца яго Прэзiдыуму, i законапраект "Аб прававым рэжыме надзвычайнага становiшча", якi ў поўным сэнсе антынародны.

Трэба заўважыць, што ў цяперашнiх варунках на Беларусi нават дэмакратычны прэзiдэнт, калi б раптам ён быў выбраны (што практычна выключаецца), не змог бы правесцi нiякiх рэформ. Яны захлынулiся б у партыйна-бюракратычным балоце Вярхоўнага Савета, Саўмiна i ва ўсiх органах так званай савецкай улады. А ўсе свае грахi камунiсты пастаралiся б звалiць на гэтага дэмакратычнага прэзiдэнта i абвiнавацiлi б у пагаршэннi жыцця дэмакратычны народны рух. Гэта быў бы, як кажуць, прэзiдэнт-камiкадзэ.

Рэальнай альтэрнатывай наменклатурнаму "прэзiдэнцтву" можа стаць прафесiйны дэмакратычны парламент. Пакуль што Беларусi трэба iсцi па шляху парламенцкай рэспублiкi. Яна да гэтага больш падрыхтаваная. Акрамя таго, такi шлях гарантуе дэмакратыю на Беларусi, развiццё рэформ, сацыяльныя перамены, рэалiзацыю правоў чалавека, паступовую дэпартызацыю вытворчасцi, арганiзацый, устаноў, прававых органаў, палiтычную дэманапалiзацыю грамадства. Ён стасуецца з нашай палiтычнай мэтай - незалежнай суверэннай Беларуссю як бяз'ядзернай зонай i нейтральнай дзяржавай. Найбольш верагодны шлях да прафесiйнага парламента - нечарговыя выбары.

Аднак прэзiдэнцтва патрэбна наменклатуры не праз паўгода, не праз год, а цяпер, неадкладна. Яна баiцца восенi. Бо ведае, якое жыццё падрыхтавала свайму народу. Таму ў законапраекце прадугледжана, што першы прэзiдэнт выбiраецца на сесii Вярхоўнага Савета. На сесii ж цяперашняга Вярхоўнага Савета, калi ЦК загадае, можна выбраць прэзiдэнтам нават каня, не тое што першага сакратара.

Тым не менш гэтае палажэнне законапраекта пры галасаваннi пакуль не прайшло. Большасць прагаласавала за ўсенароднае выбранне. Я кажу "пакуль", бо пытанне пра заснаванне пасады прэзiдэнта на Беларусi з'яўляецца канстытуцыйнай нормай i будзе прынятае толькi тады, калi за адпаведную папраўку ў Канстытуцыю прагаласуе 2/3 дэпутатаў. (Дарэчы, камунiстычны друк поўнасцю дэзiнфармаваў грамадскасць рэспублiкi, паведамiўшы, што пытанне з прэзiдэнцкай пасадай ужо вырашана.) Наменклатуры неабходна правесцi канстытуцыйную папраўку аб прэзiдэнцтве. У ход пушчана хiтрая дэмагогiя, мэта якой - стварыць у тых дэпутатаў, што выступаюць за выбранне прэзiдэнта ўсiм народам, а не на сесii, перакананне, што папраўка ў Канстытуцыю гарантуе гэтае палажэнне.

i шмат якiя дэпутаты не разумеюць, што, як толькi будзе прынята папраўка ў Канстытуцыю аб пасадзе прэзiдэнта i аб выбраннi яго ўсенародным галасаваннем, партгрупа тут жа правядзе звычайным галасаваннем палажэнне ў закон аб выбраннi першага прэзiдэнта на гэтай сесii. Прыёмы i метады добра вядомыя. Тут i перагаласаванне, i пастаноўка на галасаванне фармальна змененай папраўкi пра выбранне першага прэзiдэнта, i iншыя магчымасцi, пра якiя наменклатура добра ведае. У вынiку ўсе дэпутаты, хто паверыць, будуць проста абдураны.

Таму дэпутатам належыць быць вёльмi ўважлiвымi. Але не прайграць у гэтай наменклатурнай гульнi можна толькi тады, калi тыя дэпутаты, што стаяць за прэзiдэнта, выбранага ўсенародна, i супраць выбрання на сесii, не прагаласуюць за папраўку ў Канстытуцыю аб увядзеннi пасады прэзiдэнта на Беларусi. Калi ж гэтыя дэпутаты, наiўна паверыўшы, прагаласуюць за папраўку - яна можа набраць 2/3 галасоў i пройдзе. Тады можна не сумнявацца, што прэзiдэнта прапануюць выбраць зараз жа на гэтай сесii.

Што датычыць апазiцыi Народнага Фронту, то яна, як было аб'яўлена, не галасуе нi за якiя прапановы аб прэзiдэнцтве i не iдзе нi на якiя перамовы з партгрупай па гэтым пытаннi.

У апошнi момант наменклатура распаўсюдзiла новы тэкст законапраекта "Аб пераразмеркаваннi паўнамоцтваў памiж вышэйшымi дзяржаўнымi органамi БССР". Працытую, чаго яны дамагаюцца:

"Предоставить Президиуму Верховного Совета Белорусской ССР право:

вносить в случае необходимости изменения в действующие законодательные акты Белорусской ССР;
давать толкование законов Белорусской ССР;
отменять решения областных и Минского городского Советов народных депутатов в случае несоответствия их закону;
производить необходимые изменения в структуре Совета Министров БССР;
вносить изменения в состав Верховного Суда Белорусской ССР, областных и Минского городского судов, Высшего хозяйственного суда БССР;
объявлять мораторий на забастовки, митинги, уличные шествия, демонстрации и пикеты, дестабилизирующие обстановку в республике;
рассматривать представления Прокурора Белорусской ССР и давать согласие на привлечение народного депутата местного Совета народных депутатов к уголовной ответственности, арест или применение мер административного взыскания, налагаемых в судебном порядке, при отсутствии на то согласия соответствующего местного Совета народных депутатов. При даче согласия на привлечение народного депутата местного Совета к ответственности Президиум Верховного Совета БССР лишает народного депутата депутатской неприкосновенности".
Як бачым, гэтыя палажэннi гавораць самi за сябе. Калi такi закон прыняць, то Вярхоўны Савет практычна ўжо непатрэбны. Усiм будзе распараджацца Прэзiдыум. Дэпутаты ўсiх узроўняў будуць бяспраўныя перад iм, гэтак жа, як i насельнiцтва. Неабмежаваную ўладу атрымаюць члены Прэзiдыума.

Аналагiчныя таталiтарныя паўнамоцтвы павiнен атрымаць Саўмiн i прэм'ер В. Кебiч. Працытую толькi некалькi з iх (у Вярхоўным Савеце iгнаруюць закон аб мовах. Большасць дакументаў рыхтуюць па-расiйску):

"- устанавливать имущественную ответственность предприятий, учреждений и организаций, а также материальную ответственность их руководителей за отказ или уклонение от заключения хозяйственных договоров на поставку продукции, товаров, производство работ в соответствии с государственным заказом..." А некалькiмi абзацамi вышэй фальшыва пiшацца пра пераход да "рыначнай эканомiкi".

Прэм'ер В. Кебiч будзе "отстранять от исполнения обязанностей руководящих работников предприятий, учреждений и организаций, относящихся к коллективным (!) формам собственности... освобождать от занимаемых должностей членов правительства..., назначать членов правительства.., отстранять от исполнения обязанностей должностных лиц исполнительных органов местных Советов народных депутатов" i г. д. Законапраект, якiм хочуць лiквiдаваць функцыi Вярхоўнага Савета i ўвесцi партыйна-адмiнiстрацыйную дыктатуру ў выпадку, калi правалiцца задума аб увядзеннi прэзiдэнцтва.

Разгляд законапраектаў аб увядзеннi пасады прэзiдэнта прадоўжыцца зноў з 26 чэрвеня, i няма гарантыi, што пры апусцелай плошчы i маўклiвай апатыi народа не пачнецца на Беларусi яе чарговая цiхая драма.

Зянон ПАЗЬНЯК, народны дэпутат БССР

Упершыню надрукавана ў "Народнай газеце" за 26 чэрвеня 1991 года

Опубликовано на Порталусе 24 сентября 2004 года

Новинки на Порталусе:

Сегодня в трендах top-5


Ваше мнение?



Искали что-то другое? Поиск по Порталусу:


О Порталусе Рейтинг Каталог Авторам Реклама