Рейтинг
Порталус

Першакрыніцы да вывучэння рэлігійна-філасофскай дактрыны памяркоўнай плыні Рэфармацыі ў ВКЛ XVI стагоддзя

Дата публикации: 06 октября 2006
Автор(ы): Антоні Бокун
Публикатор: Научная библиотека Порталус
Рубрика: БЕЛАРУСЬ РЕЛИГИИ БЕЛАРУСИ →
Источник: (c) http://belreform.org
Номер публикации: №1160123011


Антоні Бокун, (c)

Сайт автора: http://belreform.org

Першакрыніцы да вывучэння рэлігійна-філасофскай дактрыны памяркоўнай плыні Рэфармацыі ў ВКЛ XVI стагоддзя

Антоні Бокун

Эпоха Рэфармацыі, XVI стагоддзе, з’яўляецца адным з ключавых перыядаў сусветнай гісторыі. Шырокі рух за пераўтварэнне хрысціянскай царквы, яе духовасці, дактрынаў і практыкаў у адпаведнасці з Бібліяй ахапіў усю Еўропу і сур’ёзна паўплываў на культурнае, палітычнае, эканамічнае жыццё грамадства, даючы пачатак Новаму Часу.

Даследчыкі вылучаюць у Рэфармацыі памяркоўную плынь (лютаране, кальвіністы, англікане) і радыкальную (анабаптысты, антытрынітарыі, менаніты). Ключавым адрозненнем гэтых плыняў з’яўляецца разуменне базавага прынцыпу Рэфармацыі “толькі Пісанне”. Для прадстаўнікоў памяркоўнай Рэфармацыі Пісанне трэба трактаваць у кантэксце гістарычнай пераемнасці хрысціянскай царквы. Усведамляючы пагрозу індывідуалізма, памяркоўныя рэфарматары прызнавалі Айцоў Царквы, асбліва Аўгустына, выразнікамі біблійнага багаслоўя і ў сваёй дзейнасці імкнуліся перш за ўсё аднавіць першапачатковае традыцыйнае хрысціянскае вучэнне. Для прадстаўнікоў радыкальнай Рэфармацыі кожны чалавек, ведзены Святым Духам, мае права трактаваць Пісанне, так што асабістае меркаванне асобнага чалавека ставіцца вышэй калектыўнага меркавання царквы. Гэта вельмі разнастайны рух, у якім прадстаўлены шырокі спектр вучэнняў ад скрайняга рацыяналізму да скрайняга спірытуалізму. Для розных накірункаў радыкальнай Рэфармацыі характэрны недавер да свецкай улады, адмаўленне хрышчэння немаўлят, пацыфізм [1].

Асноўнымі накірункамі памяркоўнай плыні Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст. былі лютаранства або Аугсбургская канфесія і кальвінізм або Гельвецкая канфесія. Пераважная большасць элементаў вучэння гэтых накірункаў ідэнтычныя, так што часам складана адрозьніць, да якога з іх належыць тая або іншая асоба, той або іншы твор. Аднак магчыма вылучыць некалькі аспектаў, якія разрозніваюць Аугсбургскую і Гельвецкую канфесіі. Калі лютаранская царква узнікла на аснове пытання апраўдання чалавека перад Богам, то кальвінская - на аснове імкнення усталяваць евангельскую мадэль Царквы. Гэта абумовіла розніцу ў падыходзе да Пісання: для лютаран Пісанне перш за ўсё з'яўляецца аповедам аб тым, што зрабіў Бог у Хрысце для грэшнага чалавецтва; для кальвіністаў - указаннем на тое, што павінны рабіць людзі ў адказ на Божую ініцыятыву. Лютар адкідаў у царкоўнай практыцы толькі тое, што пярэчыць Пісанню, Цвінглі і Кальвін імкнуліся пакінуць у царкве толькі тое, што вынікае з Пісання. Найбольш яркім багаслоўскім пунктам разыходжання лютаран і кальвіністаў стала пытанне пра Вячэру Госпадаву, ці прысутнічае праўдзівае Цела і Кроў Хрыстовыя ў хлебе і віне, як сцвярджаў Лютар, ці хлеб і віно - гэта толькі сымбалі, як сцвярджаў Цвінглі. Яшчэ варта адзначыць пытанне узаемаадносінаў царквы і свецкай улады. У самых агульных рысах: паводле Лютара Бог кіруе гэтым светам, у тым ліку і Царквою, пры дапамозе свецкай улады; паводле Кальвіна, Царква мае сваю кампетэнцыю, а свецкая ўлада - сваю, і яны не павінны парушаць гэтае раздзяленне [1-3].

Ідэі Рэфармацыі распаўсюджваліся сярод беларускай эліты ад пачатку XVI ст. і нават раней. Асноўную ролю ў гэтым мелі студэнты заходнееўрапейскіх універсітэтаў, якія, вяртаючыся дадому, прапагандавалі прынцыпы абнаўлення рэлігійнага і грамадскага жыцця. Не былі таксама дарэмнымі амаль стогадовыя кантакты з чэшскімі гусітамі, галоўным патрабаваннем якіх была неабходнасць базаваць вучэнне царквы на Бібліі [2, 4, 5]. Пашырэнню рэфармацыйных поглядаў у Вялікім Княстве Літоўскім спрыяла таксама выдавецкая дзейнасць Францішка Скарыны, які толькі ў Празе выдаў каля 10 тысяч асобнікаў біблійных кнігаў, што ў тагачасных умовах само па сабе было рэфарматарскім крокам [6].

Літаральна праз некалькі год пасля выступу Марціна Лютара ў Вітэнбергу ў Вільні на поўны голас гучалі заклікі да рэформы царквы [7]. У 1535 г. у Слуцку была выдзеленая зямля пад будаўніцтва першага ў Беларусі лютаранскага храму [8]. У 1539 г. выпускнік Вітэнбэргскага унівэрсітэту Абрагам Кульва адкрыў у Вільні біблійную школу для дзяцей магнатаў і шляхты [7]. У 1542 г., пад час паездкі ў Нямеччыну і Італію, стаў лютаранінам Ян Радзівіл, малодшы брат Мікалая Радзівіла Чорнага [9]. У 1553 г. князь Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер Вялікага Княства і адзін з найбольш уплывовых беларускіх магнатаў, публічна абвесціў аб тым, што ён вызнае евангельскую веру і заснаваў пратэстанцкія цэрквы ў Берасці, Вільні і Нясвіжы. У хуткім часе прыхільнікамі Рэфармацыі сталі шматлікія прадстаўнікі магнацкіх родаў Вялікага Княства, а таксама пэўная частка гараджан [5, 7].

Такім чынам, у сярэдзіне XVI ст. Рэфармацыя ў Беларусі набыла такія маштабы, што можна казаць пра Вялікае Княства як пра краіну, дзе рэфармаваная царква займала калі не пануючую, дык прынамсі вызначальную пазіцыю ў духовым жыцці грамадства. Практычна ўсе выбітныя постаці Беларусі XVI ст. або непасрэдна з’яўляліся вернікамі пратэстанцкіх цэркваў, або знаходзіліся пад моцным уплывам рэфармацыйнай думкі. Дастаткова назваць Мікалая Радзівіла Чорнага, Астафея Валовіча, Андрэя Воляна, Сымона Буднага, Цыпрыяна Базыліка, Андрэя Рымшу і інш.

Рэфармацыя - гэта з’ява перш за ўсё духовага жыцця. Таму без вывучэння ідэяў Рэфармацыі, рэлігійна-філасофскага і этычнага вучэння рэфарматараў немагчыма ў паўнацэнны спосаб зразумець гэтую эпоху.

У беларускай гісторыка-філасофскай і рэлігіязнаўчай навуцы ХХ ст. асноўная увага была скіраваная на даследванне рэлігійна-філасофскага вучэння радыкальнай Рэфармацыі ў Беларусі. Гэтай тэме былі прысьвечаны працы М.А.Алексютовіча, С.А.Падокшына, Я.І.Парэцкага, В.А.Сербенты і інш. [7, 10, 11]. Аднак не меншы інтарэс уяўляе вучэнне памяркоўнай Рэфармацыі, тым больш, што менавіта прадстаўнікі гэтай плыні пераважалі сярод прыхільнікаў пратэстантызму ў ВКЛ, засядалі ў сэнаце, былі пасламі на сойм, выдавалі разнастайныя літаратурныя, палемічныя і грамадска-палітычныя творы.

Крыніцы, дзякуючы якім магчыма аднавіць вучэнне памяркоўнай Рэфармацыі ў ВКЛ, былі даследаваны ў шэрагу працаў польскіх, беларускіх і расійскіх гісторыкаў [12-14]. Іх можна умоўна падзяліць на тры групы.

Першая група - розныя веравызнаўчыя дакументы, у якіх рэфарматары непасрэдна выкладаюць сваё вучэнне.

Другая група - шматлікія палемічныя, грамадска-палітычныя і літаратурныя творы дзеячоў Рэфармацыі ў Беларусі.

Трэцяя група - актавыя матэрыялы: пратаколы сінодаў, наданні на зборы, тэстамэнты, судовыя акты, перапіска, разнастайныя дакументы, пад якімі стаяць подпісы рэфарматараў.

Ахарактрарызуем найбольш значныя помнікі кожнай катэгорыі.

Берасцейскі катэхізіс 1553 г. з’яўляецца першым друкаваным пратэстанцкім выданнем у Вялікім Княстве Літоўскім [15]. Мікалай Радзівіл Чорны пачаў сваю рэфармацыйную дзейнасць з правядзення пратэстанцкіх набажэнстваў у сваім палацы ў Вільні і на замку ў Берасці. Адначасова ён запрасіў з Кракава ў Берасце друкара Бэрнарда Ваеводку і літаратара Андрэя Трыцескага для перакладу і выдання кніг евангельскага зместу. Ужо 26 студзеня 1554 г. Сымон Марыцый паведамляў кардыналу Гозію, што Ваеводка, запрошаны Радзівілам, “каб выдаваць лютаранскія кнігі на польскай мове, а таксама на простай”, выдаў катэхізіс і яшчэ іншыя “лютаранскія” кнігі [15]. Польскі даследчык Ф.Пуласкі, які ў 1908 г. перавыдаў Берасцейскі катэхізіс, паказаў, што гэты твор з’яўляецца арыгінальным творам невядомага аўтара, ураджэнца Вялікага Княства Літоўскага.

Берасцейскі катэхізіс уяўляе сабою два катэхізісы: “Катэхізіс малы, гэта значыць навучанне з кароткім выкладам асноўных частак закону хрысціянскага для людзей простых” і “Катэхізіс вялікі, гэта значыць хрысціянскае вучэнне пра Бога і веру святую, у якім бацька з сынам размаўляюць”. Паводле зместу гэтых двух частак можна зрабіць выснову, што іх аўтар быў чалавекам, добра знаёмым з пратэстанцкай літаратурай таго часу, асабліва з лютаранскай, але адначасова быў арыгінальным багасловам, які выразна схіляўся да кальвінізму. Пра гэта сведчыць уклад дзесяці прыказанняў, які адпавядае кальвінскаму падыходу. У лютаранскіх катэхізісах другое прыказанне -“Не гавары імя Госпада, Бога твайго, легкадумна”, і г.д. [16, 17], а ў кальвінскіх другое прыказанне - “Не рабі разьбы і ніякай выявы таго, што ўверсе ў небе…”, а трэцяе - “Не гавары імя Госпада легкадумна” [18]. Таксама ў пытаннях таямніцы Вячэры Гасподняй аўтар Берасцейскага катэхізісу стаіць на пазіцыях, блізкіх да кальвінізму, але не акцэнтуе адрозненні паміж гэтымі двума плынямі Рэфармацыі. У Берасцейскім катэхізісе выкладаецца рэфармацыйнае вучэнне пра апраўданне праз веру, а таксама розныя аспекты хрысціянскага вучэння і хрысціянскай маралі.

“Катихисис то ест наука стародавняя христианская от Светого Писма, для простых людей языка руского, в пытаниах и отказех собрана” быў выдадзены ў 1562 г. у Нясвіжы Сымонам Будным, Лаўрэнціем Крышкоўскім і Мацьвеем Кавячынскім [19]. Гэты катэхізіс, гэтаксама як і “Малы катэхізіс”, выдадзены ў Берасці, складаецца з чатырох частак: “Дзесяць прыказанняў”, “Вызнанне веры”, “Малітва” і “Таямніцы Хрыстовыя”. Аднак у Нясвіжскім катэхізісе разгляд кожнай з гэтых частак займае непараўнальна больш месца, падрабязна тлумачачы вучэнне, якога прытрымліваліся беларускія рэфарматары. Катэхізіс з’яўляецца арыгінальным творам беларускай Рэфармацыі і быў напісаны “для людей языка руского”, таму ў ім звяртаецца ўвага на тыя ці іншыя пытанні, характэрныя для праваслаўнага асяроддзя.

У першай частцы распавядаецца пра Дзесяць прыказанняў, дзеля чаго яны дадзеныя і ў чым заключаецца выкананне гэтых прыказанняў, гаворачы словамі аўтараў, “каб кожны ведаў, што ёсць грэх, а што - добрая справа, і як маем да Бога ставіцца і як бліжняга любіць патрэбна”. Гэтаксама, як і ў Берасцейскім катэхізісе, падаюцца яны паводле кальвінскага парадку. Другая частка прадстаўляе “як мае хрысціянін у Бога верыць і веру вызнаваць”. У гэтай частцы падрабязна разглядаецца апостальскае вызнанне веры. Характэрна, што ў Нясвіжскім катэхізісе яно падаецца без filioque, г.зн. так, як гэта прынята ў праваслаўных цэрквах. У той жа час Берасцейскі катэхізіс падае вызнанне веры так, як яно гучыць у каталіцкай царкве. Трэцяя частка распавядае пра малітву і падрабязна разглядае малітву “Ойча наш”. У апошняй частцы Катэхізіса разглядаюцца таямніцы Хрыстовыя - Хрост і Вячэра Госпадава. Як і ў Берасцейскім катэхізісе, выяўляецца памяркоўны падыход да пытання разумення Вячэры Госпадавай.

Яшчэ адна крыніца - выдадзены ў Вільні ў 1594 г. накладам мінскага ваеводы Яна Абрамовіча, а пасьля некалькі разоў перавыдадаваны “Катэхізіс, гэта значыць кароткі зборнік веры і абавязкаў хрысьціянскіх з пастырствам збаровым і хатнім, з малітвамі, Псальмамі і песьнямі на чэсьць і славу Госпаду Богу, а збору Ягонаму на збудаванне” [20]. Гэтае выданне - сваеасаблівы пратэстанцкі малітоўнік, які ўтрымлівае як кароткі выклад веры, так і разнастайныя малітвы, спевы на розныя нагоды, формы правядзення набажэнстваў, парады для пастараў і простых вернікаў адносна розных хрысціянскіх абавязкаў. Кароткі катэхізіс, які стаіць на пачатку выдання, у значнай меры з’яўляецца скарачэннем Нясвіжскага катэхізіса 1562 г. Прынамсі большасць пытанняў і адказаў наўпрост узятыя адтуль.

Важнай крыніцай ў даследванні рэлігійна-філасофскай думкі XVI ст. з’яўляецца Берасцейская або Радзівілаўская Біблія, выдадзеная ў 1563 г. у Берасці коштам Мікалая Радзівіла Чорнага. Гэтая Біблія была афіцыйным выданнем Евангельска-рэфармаванага збору ў Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле пастановы сінода, кожны збор павінен быў мець асобнік гэтай кнігі. Таму прадмовы і каментары, якія ўтрымлівае Берасцейская Біблія, адлюстроўваюць вучэнне памяркоўнай Рэфармацыі ў ВКЛ. Пра важнасць гэтай кнігі ў жыцці беларускай пратэстанцкай грамады сведчаць рукапісныя пераклады на беларускую мову псальмаў з Берасцейскай Бібліі, апісаныя Я.Ф.Карскім [21]. Найбольшую цікавасць уяўляюць прадмова Мікалая Радзівіла Чорнага да караля Жыгімонта Аўгуста, а таксама “Сума або кароткае апісанне ўсяго Святога Пісьма” і прадмова аўтараў перакладу “Пра карысць Святога Пісьма” [22].

Расійскі даследчык М.В.Дмітрыеў апісаў яшчэ адзін цікавы помнік Рэфармацыі ў Беларусі - рукапісны зборнік пропаведзяў на беларускай мове са збораў Ю.Яворскага [14]. Зборнік быў напісаны ў 60-ыя гг. XVI ст. і ўтрымлівае 20 пропаведзяў на розныя фрагменты Евангелляў. Арыентаваны на праваслаўнае асяроддзе, ён у шматлікіх месцах пераклікаецца з Нясвіжскім катэхізісам. Асноўную ўвагу аўтар зборніку надае смерці і ўваскрасенню Хрыста, гэтаму прысвечаны 11 пропаведзяў. Больш падрабязнае вывучэнне гэтага дакументу дазволіць бліжэй пазнаёміцца з вучэннем беларускай Рэфармацыі, бо дае магчымасць непасрэдна пачуць тыя пропаведзі, якія гучалі ў евангельскіх зборах Беларусі.

Другую групу помнікаў Рэфармацыі ў нашай краіне складаюць палемічныя і літаратурныя творы. Першае месца сярод іх займае адказ Мікалая Радзівіла Чорнага на ліст нунцыя Алоіза Ліпамана, які быў выдадзены ў 1556 г. ў Караляўцы па-лацінску, а ў 1558 г. у Берасці па-польску 23. Гэты твор з’яўляецца сваеасаблівым вызнаннем веры беларускіх рэфарматараў, і многія думкі, якія тут гучаць, пасля паўтараюцца ў іншых помніках рэфармацыйнага руху ў ВКЛ. Мікалай Радзівіл Чорны ў сваім выкладзе вучэння Рэфармацыі звяртаў асноўную ўвагу на неабходнасць ва ўсім следаваць Бібліі і крытыкаваў розныя небіблійныя вучэнні і практыкі каталіцкай царквы. Ён таксама выразна сфармуляваў імкненне да адзінства рэфармацыйнага руху і падтрымку прынцыпаў рэлігійнай талерантнасці.

У другой палове XVI ст. самым яркім палемістам і багасловам памяркоўнай плыні Рэфармацыі ў ВКЛ быў Андрэй Волян, вядомы сваімі грамадска-палітычнымі творамі, у якіх таксама знайшла адлюстраваньне яго рэлігійная пазіцыя [24, 25]. Шмат інфармацыі пра погляды А.Воляна і асяроддзя, якое ён прадстаўляў, даюць матэрыялы гучнай палемікі паміж кальвіністамі і езуітамі ў часы панаваньня Стэфана Баторыя [26]. Гэта “Балванахвальства віленскіх лаялітаў”, “Андрэя Воляна пяць кніг супраць напісанага Скаргай, віленскім езуітам…”, “Абарона выказванняў пра таямніцу” і інш. Таксама скіроўваў Волян сваё пяро супраць антытрынітарыяў. Пра гэта сведчыць ліст Воляна да кіеўскага біскупа Мікалая Паца, напісаны ў 1565 г. [25]. Апроч палемічных твораў напісаў Волян у 1592 г. багаслоўскі трактат “Развагі над лістом апостала Паўла да Эфэсцаў”.

Яшчэ адзін твор гэтай групы - ананімная паэма “Апалагетык, гэта значыць Абарона канфедэрацыі”, якая пабачыла свет у 1582 г. [27]. Штуршком да яе напісання сталі падзеі 1581 г. ў Вільні, калі на загад біскупа Юрыя Радзівіла былі спалены на плошчы пратэстанцкія кнігі, а праз нейкі час навучэнцы езуіцкага калегіюма спалілі віленскі кальвінскі збор. “Апалагетык” зьяўляецца палемічным творам, у якім невядомы аўтар паказвае глыбокае веданне Бібліі і твораў патрыстычнага перыяду і выступае як апалагет рэлігійнай талерантнасці.

Сатырычная паэма “Пратэй або Пярэварацень”, выдадзеная ў 1564 г. у Берасці, належыць да папулярнага ў сярэдзіне XVI ст. жанру палітычнага памфлету [28]. Галоўны герой, Пратэй, выступае нібы пасол на сойме і выкрывае розныя заганы і хваробы грамадства: нежаданне шляхты выконваць свае абавязкі, багаслоўскую анархію і т.п. У нечым ён падобны да трактату Міхалона Літвіна “Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў”, у якім аўтар бязлітасна крытыкуе сваіх суайчыннікаў і які быў напісаны прыкладна ў той самы час [29].

Да трэцяй групы помнікаў адносяцца разнастайныя дакумэнты, надрукаваныя ў сэрыі “Помнікі Рэфармацыі Польшчы і Літвы”. У выпуск “Помнікі XVI стагоддзя” увайшлі ліст Ж.Кальвіна да віленскага збору, прывілеі 1563 і 1568 гг., дакументы датычныя 15 збораў у ВКЛ: наданні, прывілеі, інструкцыі, а таксама дакументы справы аб спаленні вучнямі езуіцкага калегіюма віленскага збору ў 1581 г. [30] У гэтай жа сэрыі выйшлі “Акты, г.зн. справы збору хрысціянскага віленскага, якія пачаліся 14 снежня 1557 г.”, якія асвятляюць пачатковы этап у разьвіцці ключавога збору Евангельска-рэфармаванага задзіночання ў ВКЛ: спробу сфармуляваць вучэнне ў кальвінскім духу [31].

У 1992 г. выйшла кніга польскай даследчыцы У.Аўгустыняк “Тэстамэнты евангелістаў рэфармаваных у ВКЛ”, якая змяшчае апошнюю волю вызнаўцаў Рэфармацыі XVI-XVIІ стст. [32] Тэстамэнты Радзівілаў, Глябовічаў, Зяновічаў, Дарагастайскіх не столькі пішуць пра распараджэнне маёмасцю, а з’яўляюцца дэкларацыяй іх веры, грамадскай і светапогляднай пазіцыі.

Для дасьледвання рэфармацыйнай думкі ў Беларусі XVI ст. таксама вялікае значэнне маюць “Гісторыя славянскіх цэркваў” А.Венгерскага [33], некаторыя пратаколы польскіх рэфармаваных цэркваў [34], паведамленні папскіх нунцыяў пра сітуацыю ў Рэчы Паспалітай XVI ст. [35], матэрыялы, прыведзеныя ў “Нарысе падзеяў паўстання і ўпадку Рэфармацыі ў Польшчы” В.Красінскага [36], “Гісторыі цэркваў гельвецкага вызнання ў Літве” Ю.Лукашэвіча [5], а таксама ў польскіх часопісах “Рэфармацыя ў Польшчы”, “Адраджэнне і Рэфармацыя ў Польшчы”.

Такім чынам даследчыкі маюць дастаткова шырокае кола крыніц, якія дазваляюць разгледзець рэлігійна-філасофскую дактрыну памяркоўнай плыні Рэфармацыі ў ВКЛ і прааналізаваць яе асаблівасці, а таксама ўплыў на беларускае грамадства XVI ст.

__________________________

Літаратура:

1. Маграт А. Богословская мысль Реформации. Одесса, 1994.

2. Гонсалес Х.Л. История христианства. Санкт-Петербург, 2001, т. 1-2.

3. Лейн Т. Христианские мыслители. Санкт-Петербург, 1997.

4. Падокшын С.А. Гусізм і грамадскі рух Беларусі і Літвы XV-XVI стст. // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мінск, 1968.

5. Lukaszewicz J. Dzieje kosciolow wyznania helweckiego w Litwie. T. 1. Poznan, 1842.

6. Чамярыцкі В.А. Беларуская літаратура на рубяжы эпох // Скарына і яго эпоха. Мінск, 1990.

7. Плисс В. Исторический очерк проникновения и распространения Реформации в Литве и Западной Руси. Санкт-Петербург, 1914.

8. Подокшин С. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI - начало XVII в.), Минск, 1970.

9. Kosman M. Reformacja i Kontrreformacja w Wielkim ksiestwie Litewskim w swietle propogandy wyznaniowej.Wroclaw, 1973.

10. Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Избранные произведения XVI- начала XIX вв. Минск, 1962.

11. Парэцкі Я.І. Сымон Будны. Мінск, 1975.

12. Иванова Л.С. Источники по истории Реформации в Белоруссии // Белороссика. Минск, 1980.

13. Kosman M. Archiwalia do dziejow reformacji i kontrreformacji w WKL. Zarys losow і stan obecny // Archeion, r.56. Warszawa, 1972..

14.Дмитриев М.В. Православие и реформация. Москва, 1990.

15. Pulaski F. Katechizm Brzeski 1553/1554. Warszawa, 1908.

16. Лютер М. Большой Катехизис // www.ukrlc.org

17. Лютер М. Краткий Катехизис // www.ukrlc.org.

18. Katechizm Heidelbergski //www.geocities.com/kalwin2/Katechizm2.html

19. Катэхізіс: помнік беларускай Рэфармацыі XVI ст. Мінск, 2005.

20. Katechism to jest krotkie w iedno mieysce zebranie wiary y powinnosci Krzescijanskiey … w Wilnie roku Panskiego 1594.

21. Карский Е.Ф. Белорусы. Петроград, 1921. Т. 3. Ч. 2.

22. Biblia. Brzesc, 1563.

23. Dwa Listhy na Polski iezyk wlasnie wylozone. Brzesc, 1558

24. Падокшын С. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі. Мінск, 1990.

25. Volanus Andrius. Rinktinai rasmai. Vilnius, 1996.

26. Balinski M. Andrzej Wolan. Jego zycie uczone i publiczne. // Pisma historyczne, t. 3, Warszawa, 1843.

27. Apologeticus, to jest Obrona Konfederacyei. Krakow, 1932

28. Proteus, albo Odmieniec. Krakow, 1890.

29. Литвин М. О нравах татар, литовцев и московитян. Москва, 1994.

30. Monumenta Reformationis Polonicae et Lithuanicae, seria I zeszyt I: Zabytki z wieku XVI, Wilno, 1911.

31. Monumenta Reformationis Polonicae et Lithuanicae, seria X zeszyt I; Akta, to jest sprawy zboru krzescianskiego wilenskiego, Wilno, 1913.

32. Augustyniak U. Testamenty ewangielikow reformowanych w WKL, Warszawa, 1992.

33. Wegerski A. Libri quattuor Slavoniae Reformatae, Warszawa, 1973.

34. Akty synodow roznowierczych. Oprac. M.Sypayllo. Warszawa, 1966, 1972, t. 1-2.

35. Relacye nuncyuszow apostolskich I drugich osob o Polsce. Berlin-Poznan, 1864, t. 1-2.

36. Krasinski W. Zarys dziejow powstania i upadku reformacji w Polsce, Warszawa, 1904, t. 1-2.

Опубликовано на Порталусе 06 октября 2006 года

Новинки на Порталусе:

Сегодня в трендах top-5


Ваше мнение?



Искали что-то другое? Поиск по Порталусу: