Главная → БЕЛАРУСЬ → Беларуская Рэфармацыя
Дата публикации: 11 октября 2006
Автор(ы): Станіслаў Акіньчыц →
Публикатор: Научная библиотека Порталус
Рубрика: БЕЛАРУСЬ РЕЛИГИИ БЕЛАРУСИ →
Источник: (c) http://belreform.org/zal_vek.php →
Номер публикации: №1160535060
Станіслаў Акіньчыц, (c)
Станіслаў Акіньчыц
У кнізе Прыповесьцяў ёсьць такія словы: “Калі памнажаюцца праведнікі, народ квітнее”. Гэта ня проста словы, гэта духовы закон. Усе сфэры жыцьця, як канкрэтнага чалавека, так і грамадзтва ў цэлым, залежаць ад яго духовага стану. І гісторыя Беларусі зьяўляецца наглядным прыкладам дзеяньня гэтага закону. Калі ў нашай краіне памнажаліся праведнікі, у Беларусі было добрае жыцьцё, быў росквіт. Гэта XVI стагодзьдзе, век Рэфармацыі, час, які ўвайшоў у гісторыю як Залаты Век Беларусі.
У 1517 годзе прафэсар багаслоўя Вітэнбэрскага унівэрсітэту Марцін Лютар абвясьціў забытую ў сярэднія вякі біблійную ісьціну, што чалавек апраўдваецца перад Богам праз веру ў Ісуса Хрыста. Казань Лютара паклала пачатак руху Рэфармацыі, які ахапіў усю Эўропу і зрабіў грандыёзны ўплыў на жыцьцё ўсяго сьвету.
У гэтым жа 1517 годзе доктар лекарскіх навук Францішак Скарына з Полацку пачаў друкаваць у Празе Біблію на старабеларускай мове. Праз некалькі дзясяткаў год князь Андрэй Курбскі заявіць, што Біблія Скарыны наскрозь прасякнута “Лютаравай ерасяй”, а архімандрыт Сялява назаве беларускага першадрукара пачынальнікам Рэфармацыі ў Беларусі.
Рэфармацыя – гэта лацінскае слова, якое ўтвараецца далучэньнем прыстаўкі “рэ-” да слова “фармацыя”. “Фармацыя” азначае наданьне чаму-небудзь нейкай формы, а прыстаўка “рэ-” - што дадзенае дзеяньне паўтараецца зноў. Такім чынам, Рэфармацыя – гэта вяртаньне да першапачатковай формы, першапачатковага вобразу. Рэфармацыя – гэта вяртаньне да першакрыніцы – Бібліі, вяртаньне да Божага погляду на Царкву, на грамадзтва, на чалавека.
Вялікае Княства Літоўскае, як і шмат якія эўрапейскія краіны, актыўна ўключылася ў гэты рух абнаўленьня. Эвангельскае вучэньне імкліва распаўсюджвалася па краіне. Гэтаму спрыяла і Біблія, надрукаваныя Скарынам, і тое, што многія беларусы навучаліся ва ўнівэрсітэтах Прагі, Вітэнбэргу, Кёнігсбэргу, Ляйпцыгу, і тое, што вось ужо больш за 100 год у Беларусі прапаведавалі Эвангельле прадвесьнікі Рэфармарцыі – гусіты. У 1553 годзе князь Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віленскі, адзін з самых уплывовых магнатаў краіны, публічна аб'явіў, што ён спавядае эвангельскую веру. У гэтым жа годзе ён заснаваў у Вільні і Берасьці кальвінскія цэрквы, ці, як іх тады называлі, зборы, дзе людзі зьбіраліся слухаць казань Слова Божага. Адначасова ў Берасьці князь Радзівіл выдаў за свой кошт катэхізіс эвангельскай веры.
Мікалай Радзівіл Чорны ня быў самотны ў сваім імкненьні да ісьціны. На працягу некалькіх год эвангельскімі хрысьціянамі сталі Валовічы, Глябовічы, Сапегі, Агінскія, Хадкевічы, Вішнявецкія і іншыя вядомыя ў краіне фаміліі. Іхняя вера не была проста фармальнасьць. Аб ахвярнасьці і велізарнай пасьвечанасьці беларускіх эвангельскіх хрысьціянаў сьведчаць іх справы. Яны будавалі зборы, запрашалі пастараў і прапаведнікаў, адчынялі школы, засноўвалі друкарні. Дзякуючы іх намаганьням перакладаліся кнігі Сьвятога Пісьма, друкаваліся кнігі, падручнікі для школаў, катэхізісы для цэркваў. Вялікае Княства на вачах станавілася эвангельскай краінай. Дасьледнік Рэфармацыі на Беларусі В. Пліс пісаў: “Належыць прызнаць бясспрэчным той факт, што на пачатку 60-х гадоў XVI стагодзьдзя кальвінскае веравызнаньне мела панавальнае становішча і пачынала тут трывала ўсталёўвацца”. У 1569 годзе ў сэнаце Вялікага Княства толькі два чалавекі не былі эвангельскімі хрысьціянамі. У Наваградзкім ваяводстве (паўднёвая частка Гарадзенскай і паўночная Берасьцейскай вобласьцяў) з 600 сем'яў праваслаўнай шляхты больш за 580 прынялі эвангельскую веру.
Распаўсюджваньне Рэфармацыі не магло не паўплываць на ўсе сфэры жыцьця краіны. Вучэньне Жана Кальвіна, якое вялікую ўвагу надзяляла рэалізацыі кожным свайго прызначэньня, асабліва падкрэсьлівала важнасьць якаснага выкананьня сваіх абавязкаў і неабходнасьць далейшага ўдасканаленьня ў сваім майстэрстве. Гэты біблійны падыход да працы стаў прычынай эканамічнага ўздыму Беларусі ў XVI стагодзьдзі.
У 1557 годзе пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла Чорнага была праведзена аграрная рэформа, якая дазволіла кожнай сялянскай сям’і атрымаць у валоданьне валоку (21 га) зямлі. Прычым зямля была разьмеркавана такім чынам, каб кожная гаспадарка мела зямлю аднолькавай якасьці. Цяпер дабрабыт кожнага селяніна залежыў не ад шанцаваньня, а ад уменьня якасна гаспадарыць, таму што ўсе мелі роўныя стартавыя магчымасьці. Новая сыстэма гаспадараньня дала магчымасьць павялічыць ураджаі збожжавых, так, што жыта і ячмень пачалі вывозіць на продаж за мяжу.
Ліквідацыя сельскай грамады дазволіла разьвіваць разнастайную вытворчасьць, асабліва зьвязаную зь перапрацоўкай драўніны, бо частка гаспадароў замест працы на зямлі пачала займацца рамяством. Зьявіліся цэлыя паселішчы смалакураў, гарбароў, шаўцоў, кавалёў. Усё гэта спрыяла росту гарадоў і мястэчак. Калі на пачатку стагодзьдзя іх было 48, то напрыканцы стагодзьдзя налічвалася больш за 380. Урбанізацыя Вялікага Княства непасрэдна зьвязана з імкненьнем магнатаў засноўваць гарады і мястэчкі ў сваіх уладаньнях. Радзівілы, Кішкі, Пацы, Сапегі запрашалі ўсемагчымых рамесьнікаў, у першую чаргу веруючых, і давалі новым паселішчам магдэбурскае права (права самакіраваньня).
Пытаньні эканомікі цікавілі як палітыкаў, так і паэтаў. Менскі ваявода Ян Абрамовіч, адзін з лідэраў рэфармацыйнага руху ў Княстве, напісаў кнігу “Погляды ліцьвіна на танную куплю і дарагі продаж збожжа”, у якой тлумачыў неабходнасьць стварэньня ў краіне свабоднага рынку. Ягоны сучасьнік, філёзаф і паэт Язэп Даманеўскі ў сваіх творах паказваў працу, актыўную жыцьцёвую пазыцыю як крыніцу шчасьця чалавека, а гультайства і бязьдзейнасьць, як прычыну нешчасьлівага жыцьця. Ня дзіва, што ў гэты час эканоміка краіны перажывала небывалы ўздым.
Юрыдычная думка ў Вялікім Княстве перажывала ня меншы росквіт. Прынцыпы вольнасьці асобы, свабоды слова і сумленьня адлюстроўвалі юрыдычныя дакуманты таго часу, публіцыстыка і багаслоўскія трактаты. Андрэй Волан, кальвінскі прапаведнік і багаслоў, дэпутат шляхты Ашмянскага павету, у сваёй працы “Аб палітычнай альбо грамадзянскай свабодзе” пісаў : “Ніхто з разумных людзей не сумняваецца ў тым, што свабода больш за ўсё адпавядае людзкой прыродзе і ніхто, такім чынам, не нараджаецца рабом … Першы і галоўны крытэр нашай свабоды заключаецца ў тым, каб нашае жыцьцё было свабодным ад усялякага замаху на яго і несправядлівасьці. Далей, каб наша маёмасьць і багацьце не станавіліся ахвярамі рабаўніцтва й гвалту”.
Сапраўднымі шэдэўрамі беларускай юрыдычнай думкі сталі Статуты Вялікага Княства Літоўскага. Статут 1588 году лічыцца самым дасканалым юрыдычным кодэксам у Эўропе XVI стагодзьдзя. Статут абвяшчаў ідэю прававой дзяржавы ў якой “естесмо невольнікамі прав для того, абысьмы вольності ужываті моглі”, замацоўваў падзел судовай і выканаўчай улады, касаваў судовыя прывілеі магнатаў, зацьвярджаў прынцыпы свабоды сумленьня і роўнасьці ўсіх перад законам. Адзін з артыкулаў Статута прадугледжваў прэзумпцыю невінаватасьці для кожнага чалавека, ці то шляхціца, месьціча або селяніна.
Сярэдзіна XVI стагодзьдзя – гэта таксама імклівы культурны ўздым краіны. Дастаткова назваць сотні школ, адчыненых пры эвангельскіх цэрквах на працягу няпоўных дзесяці год, якія далі магчымасьць тысячам маладых людзей атрымаць, як мінімум, пачатковую адукацыю. Альбо сотні кніг, што выходзілі вялікімі накладамі і распаўсюджвалі веды сярод жыхароў дзяржавы. У рэфармацыйных друкарнях выдавалася ня толькі рэлігійная літаратура, але і кнігі па гісторыі, геаграфіі, матэматыцы, філязофіі, паэтычныя і празаічныя творы розных аўтараў, пераклады з замежных моваў.
XVI стагодзьдзе недарэмна называюць Залатым Векам, лепшым перыядам у гісторыі Беларусі. Разьвіцьцё культуры, адукацыі, эканомікі ўзьняло нашу краіну на такую вышыню, якая ў наступных стагодзьдзях здавалася недасягальнай. Наш народ зьвярнуўся да Эвангельля, да жывой веры ў Ісуса Хрыста, Госпада і Збаўцу людзей, і гэта ажыцьцявіла Рэфармацыю ва ўсіх сфэрах жыцьця, Рэфармацыю, якая стварыла Залаты Век.
Опубликовано на Порталусе 11 октября 2006 года
Новинки на Порталусе:
Сегодня в трендах top-5
Ваше мнение ?
Искали что-то другое? Поиск по Порталусу:
Добавить публикацию • Разместить рекламу • О Порталусе • Рейтинг • Каталог • Авторам • Поиск
Главный редактор: Смогоржевский B.B.
Порталус в VK