Рейтинг
Порталус

Поліэтнічны характар культуры Вялікага Княства Літоўскага ў XVI стагодзьдзі

Дата публикации: 13 октября 2006
Автор(ы): Адам Мальдзіс, доктар філялагічных навук
Публикатор: Научная библиотека Порталус
Рубрика: БЕЛАРУСЬ РЕЛИГИИ БЕЛАРУСИ →
Источник: (c) http://belreform.org/conf/conf_maldzis.php
Номер публикации: №1160722367


Адам Мальдзіс, доктар філялагічных навук, (c)

ВЫСТУПЛЕНИЕ АВТОРА НА КОНФЕРЕНЦИИ

Шаноўныя калегі, давайце супольна прыгледзімся да той краіны, у якой мы жывём і ў якой жылі нашы продкі ў ХVI ст. На самым пачатку я павінен зрабіць адну засьцярогу асабістага характару: прашу мае некаторыя высновы і абагульненьні не лічыць антылітоўскімі ў сучасным сэнсе гэтага слова. Таму што карэньні ў мяне літоўскія: "малда" - гэта модлы, малітва. Я ў прынцыпе не магу выступаць супраць сваіх прабацькоў, супраць сваіх продкаў, хаця ў сучаснай Літве некаторыя мае выступы, як, магчыма, і сённяшні ацэньваецца неадэкватна. Я хацеў бы падкрэсліць, што застаюся прыхільнікам ідэі Вялікага Княства Літоўскага, адраджэньня ВКЛ. Гэтая ідэя была вельмі пашырана напярэдадні і ў часе Першай Сусьветнай вайны, часткова гэтую ідэю вылучаў у 1919-1920-я гг. Юзаф Пілсудскі. У 1990 г., калі мой зямляк Ян Цехановіч, дэпутат ВС СССР, заклікаў стварыць на тэрыторыі Віленшчыны Польскую аўтаномную Рэспубліку, я апублікаваў трохі нерэальную, рамантычную думку, якая дарэчы, прасочвалася потым у ідэі балтыйска-чарнаморскага шляху: А ці не лепш нам інтэгравацца, так сказаць, у ВКЛ? У ім былі дзве нацыянальныя сталіцы - Каўнас і Менск, а Вільня - агульнай сталіцай двух народаў, што былі аб'яднаныя яшчэ ў тыя часы.


Гаворачы пра Залаты Век, нам неабходна даць адказ на тры пытанні:

1) Што такое Залаты Век?

2) Які сэнс мы ўкладаем у гэтае паняцце? Ці сапраўды гэта быў Залаты Век? Ці, можа, нам хочацца, гледзячы з нашага сённяшняга не зусім уладкаванага дня, убачыць Залаты Век у мінулым? Стварыць яшчэ адзін прыгожы міф?

3) Чый гэта быў Залаты Век? Бо вельмі многія нашыя не толькі непрыяцелі, але і сябры пытаюцца, ці беларускі быў той Залаты Век. Можа быць, гэта нейкае адгалінаванне польскага Залатога Веку? А з другога боку, хаця гэтая ідэя абсурдная, калі Скарына назваў сваё галоўнае дзецішча "Біблія Руська", то, можа, гэта быў расейскі Залаты Век?

А мае калегі з Літвы неаднаразова зьдзіўляліся: "Якія могуць быць тут пытанні -- калі тады было Вялікае Княства Літоўскае, то гэта быў Залаты Век Літвы". Праўда, яны забываюць, што Вялікае Княства мела і поўную назву - Літоўскае, Рускае (беларускае і часткова ўкраінскае) і Жмудзкае.

Пачну з першага пытаньня: што такое Залаты Век? І тут успамінаецца мясціна з "Кар'ера" Васіля Быкава. Там, як вы памятаеце, здраднік, калі яго папракалі ў тым, што ён стаў калабарантам, адказваў: "Я не здрадзіў, гэта мне здрадзілі. У нас не было свайго цягніка, і я ўскочыў на любы цягнік, які ішоў невядома куды". Дык вось, наш цягнік у ХVI ст., у Залаты Век, ішоў нармальна, і нават з апярэджаннем. Узгадаем хаця б Скарыну: Скарына пачаў кнігадрукаванне раней, чым Фёдараў ці Мажвідас, і такіх прыкладаў вельмі многа: Гусоўскі, Будны, Літоўскі Статут, летапісы, замкі, храмы. Яны сведчаць пра тое, што наша развіццё тады ішло тады нармальна. Значыць, Залаты Век у дадзеным выпадку - гэта нармальны перыяд разьвіцця нашай культуры, калі яна развівалася паводле еўрапейскіх Рэнесансу і Рэфармацыі.

У перыяд Залатога Веку, у ХVI ст., беларуская культура, якая развівалася на паграніччы двух вялікіх макрарэгіёнаў: усходняга праваслаўна-візантыйскага і заходняга каталіцка-раманскага, а ў ХVI ст., на хвалі Рэфармацыі, яшчэ і нямецка-пратэстанцкага, уяўляла сабой сінтэз гэтых уплываў і мясцовых традыцыяў. Менавіта з гэтага сінтэзу нарадзіліся такія ўнікальныя з'явы, як, скажам, Васіль Цяпінскі, як пратэстанцкае дойлідства або пратэстанцкае выяўленчае мастацтва. Значыць, Залаты Век - гэта вынік сінтэзу дзвюх вялікіх макракультур, і яны не супрацьстаялі ў гэты перыяд, як супрацьстаялі пазьней, у XVII, XVIII, а таксама XIX ст., калі пачалося настойлівае адлучэнне Беларусі ад Еўропы, якое перманентна працягваецца да гэтага дня. Залаты Век - гэта час, калі наша культура разьвівалася паводле агульнаеўрапейскіх канонаў і хутка ўсмоктвала ўсё самае лепшае, што выпрацоўвалася ў той час -- у эпоху Рэнесансу і Рэфармацыі. Дарэчы, Рэнесанс у Беларусь прыйшоў на хвалі Рэфармацыі, таму Скарына сапраўды праяўляў да яе цікавасць, апярэджваючы час.

Такім чынам, XVI ст. аж да хвалі Контррэфармацыі можна лічыць нашым Залатым Векам. Наша культура ў параўнанні з XIV-XV стст. і з XVII-XVIII стст., у XVI стагоддзі разьвівалася нармальна. Калі б яна так развівалася і да ХХІ ст., мы б з вамі не гаварылі пра несфармаванасць нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, пра заняпад беларускай мовы. Калі б цягнік наш ішоў так, як ён пачаў ісці ў XVI стагоддзі, то ўсё ў нас было б добра.

Цяпер пра тое, чый гэта быў Залаты Век. Напачатку мы павінны разабрацца, што ж такое Вялікае Княства Літоўскае. У свой час была адна гістарыяграфія - савецкая, якая спавядала адну ісціну: ВКЛ было дзяржавай літоўскіх феадалаў, якія заваявалі беларусаў; беларусы ў ёй заўсёды былі прыгнечанымі, беларусы - сялянская нацыя, якая не мае ніякага дачынення да гэтай спадчыны, таксама як і да Рэчы Паспалітай у цэлым. Што праўда, на Расейскую Імперыю гэтае сцверджаньне нібыта не распаўсюджвалася.

З іншага боку, калі пачалося нашае Адраджэнне, то таксама былі перагібы. Пры ўсёй маёй павазе да нябожчыка Міколы Ермаловіча, калі ён казаў, што гэта мы заваявалі "летувісаў", я дазволю сабе з ім не пагадзіцца. Ну назавіце мне хоць адну бітву. Праўда ёсць у фальклоры такія словы: "Ой, наехала Літва, будзе ў нас бітва, будзем Літву біці, Вольку бараніці". Але ж Волька - гэта дзяўчына, і гэта прыехалі сваты, гэта вясельная песня. Ніхто нікога тады не заваёўваў, а аб'яднанне адбылося пераважна мірным шляхам. З аднаго боку былі крыжакі, а з другога -- татара-мангольская арда, і таму нашыя продкі беларусы, часткова ўкраінцы, аб'ядналіся ў адну дзяржаву, каб абараніцца. Мне здаецца, што, гаворачы пра Вялікае Княства Літоўскае, трэба казаць пра дзяржаву поліэтнічную, поліканфесійную і полікультурную.

Мне пашчасціла ў свой час разам з Валянцінам Грыцкевічам, які цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу, выдаць кніжку "Шляхі вялі праз Беларусь". Гэта погляд на Беларусь падарожнікаў, якія ехалі праз нашу краіну, спыняліся тут, вывучалі наш побыт і ехалі далей -- у Масковію ці на Захад. Іх найбольш здзіўляла не тое, што тут мастоў няма, што дарогі забалочаныя, але тое, што ў мясцовага феадала за адным сталом маглі сядзець каталіцкі ксёндз і праваслаўны святар тут жа, разам сядаў пратэстанцкі пастар, ды яшчэ і мула з рабінам. І гэта ў тыя часы, калі ў Еўропе адбылася Варфаламееўская ноч. У нас усе святыні маглі стаяць на адной плошчы, і не было ніякага супрацьстаяння. Яно пачалося толькі ў XVII ст. пад уплывам розных палітычных памкненняў, але ўсё ж Варфаламеўскіх ночаў не было.

Мы ўсе павінны памятаць, што Рэч Паспалітую трэба называць "Рэччу Паспалітай абодвух народаў", бо гэта былі два палітычныя народы - Карона і Княства. А з сённяшніх пазіцыяў гэта была Рэч Паспалітая многіх народаў. Гэтае паняцце, мне, здаецца, трэба перанесці і на Вялікае Княства. ВКЛ - дзяржава многіх народаў. Што да характару нашай дзяржавы, то, гаворачы словамі польскага прафесара Юльюша Бардаха, калі мы глядзім з Менску, то гэта была беларуска-літоўская дзяржава, а калі глядзець з Вільні, то гэта была літоўска-беларуская дзяржава. Нашай слабасцю з'яўляецца тое, што мы заўсёды кланяемся то на ўсходні, то на заходні бок, і гэта аб'яўляем талерантнасцю. Талерантнасць - гэта сіла моцных, якая здольная забяспечыць роўнасць, і слабасць слабых, якая вядзе да канфармізму.

У Вялікім Княстве Літоўскім быў моцны дзяржаўны патрыятызм. Скарына часта запісваў сябе не русінам, а ліцьвінам, таму што ён адчуваў сябе патрыётам і грамадзянінам гэтай краіны. У Вялікім Княстве дзяржаўнасць ставілася на першы план, і было супрацьстаянне польскасці, а пасьля Люблінскай уніі даходзіла і да выразных сепаратысцкіх выступленняў. Дык чый жа быў Залаты Век? Я вяртаюся да таго, з чаго пачаў. Патрэбна сказаць, што этнічныя літоўцы не маюць правоў прэтэндаваць на яго цалкам, або ў пераважнай большасці. Скарыну ім нельга запісаць "сабе", хоць і былі спробы выдаць яго за першага літоўскага друкара. У Скарыны была цяга да пратэстантызму. Я думаю, ён сапраўды быў ў Лютэра, а тое, што ён паехаў да Альбрэхта ў Каралявец, таксама сьведчыць пра яго цікавасць да новага, больш дэмакратычнага веравучэння. Але найперш Скарына быў хрысціянінам у першапачатковым значэнні гэтага слова -- старажытным, яшчэ да падзелу на "праведных" і "няправедных" хрысціянаў. Скарына так узвялічыў Вялікае Княства, што нікуды не падзенешся ад ацэнкі ягонай асобы. Мае літоўскія калегі часам пішуць аб тым, што Скарына карыстаўся канцылярскай мовай ВКЛ, што на ёй напісаныя і Статуты ВКЛ. Але рэч у тым, што не было канцылярскай мовы ВКЛ, была старабеларуская кніжная мова.

А ці можам мы гаварыць пра Залаты Век у Польшчы? Так, можам. Узгадаем хаця б Яна Каханоўскага, у гісторыі польскай культуры ўвага заўсёды акцэнтавалася на XVI стагоддзі. Украінцы таксама могуць гаварыць пра XVI ст. як пра свой Залаты Век, бо вельмі значныя культурныя зрухі адбываліся тады на Украіне.

Такім чынам, Залаты Век у XVI ст. - гэта і беларускі Залаты Век. Менавіта тады беларуская культура стала вядучай у Вялікім Княстве Літоўскім. Таму мне здаецца, што называць XVI стагоддзе Залатым Векам, лічыць яго адным з найвышэйшых і найкаштоўнейшых сваіх здабыткаў, мы маем поўнае права.

Опубликовано на Порталусе 13 октября 2006 года

Новинки на Порталусе:

Сегодня в трендах top-5


Ваше мнение?



Искали что-то другое? Поиск по Порталусу:


О Порталусе Рейтинг Каталог Авторам Реклама