Рейтинг
Порталус

Пратэстанцкая этыка і праблемы сучаснага гарамадзтва

Дата публикации: 17 октября 2006
Автор(ы): Зьміцер Лазута
Публикатор: Научная библиотека Порталус
Рубрика: БЕЛАРУСЬ РЕЛИГИИ БЕЛАРУСИ →
Источник: (c) http://library.by
Номер публикации: №1161038460


Зьміцер Лазута , (c)

Самая важная праблема - гэта эфэктыўнасьць сьветапогляду: які сьветапогляд лепшы і ў якой ступені ён уплывае на жыцьцё асобных людзей і на жыцьцё грамадзтва ў цэлым. Другое пытаньне, важнае для нас, для пратэстантаў: ці можам мы, эвангельскія хрысьціяне, сёньня зрабіць унёсак у разьвіцьцё нашай культуры, у разьвіцьцё дзяржаўнасьці, у разьвіцьцё этыкі. Мы зьвяртаемся ў мінулае, у XVI стагодзьдзе дзеля таго, каб знайсьці якія-небудзь аспэкты гэтай культуры і, магчыма, перанесьці іх у наш час.

Першы аспэкт - гэта этычны аспэкт. На мой погляд, існуе найглыбейшая сувязь паміж пратэстанцкай Рэфармацыяй і этыкай. І калі браць аспэкт этыкі, то асабліва яскрава гэта праяўляецца ў этыцы працы. Існуе так званая дактрына пакліканьня, якая зьявілася ў XVI стагодзьдзі дзякуючы намаганьням рэфарматараў. Яе зьяўленьне абумоўлена зьменамі разуменьня Бога. Падобна, што пачынаючы з IV ст. адбылося зьліцьцё грэцкай думкі і хрысьціянскіх ідэяў, і Бог пачаў успрымацца як Істота, Якая аддалена ад сьвету, Якая сузірае. Але рэфарматары адкрылі, што першым пыказаньнем і першым загадам для чалавека было абрабляць гэты сьвет. Напрыклад, у Кнізе Роду 2,15 напісана наступнае: "І ўзяў Госпад Бог чалавека, і пасяліў Яго ў садзе Эдэмскім, каб абрабляць Яго і захоўваць яго". Чалавек быў створаны тут, на гэтай зямлі, для таго, каб абрабляць і захоўваць сад. Такім чынам, чалавек прыходзіць у сьвет, каб упарадкоўваць гэты сьвет, у якім мы жывём. Сьвецкая праца атрымала духовае дабраславеньне, губляецца мяжа паміж духовым і сьвецкім. Пастар царквы і прыбіральніца кожны робіць свой унёсак ва ўпарадкаваньне гэтага сьвету, ва ўвысокародненьне яго. Лютару й Кальвіну належыць разьвіцьцё гэтае канцэпцыі. Кальвін лічыў, што задача кожнага чалавека - знайсьці сваё паліканьне. Бог стварыў нас з пэўнымі схільнасьцямі, талентамі, і наша задача - раскрыць гэтыя таленты, разьвіваць іх і служыць грамадзтву. Апостал Павал у пасланьні да Каласянаў абвяшчаў радыкальныя ідэі. Ён казаў: "Вы, рабы, што знаходзіцеся пад ігам, вы павінны добрасумленна выконваць сваю працу, таму што вы гэтым самым служыце Хрысту". Цалкам рэвалюцыйная ідэя ў І ст. для элінскага сьвету. Раб, які мые адзеньне, служыць Хрысту, гэтак жа, як прапаведнік, які правпаведуе Слова.

Сёньня шмат хто задае пытаньне: "Навошта працаваць, калі мала плоцяць". Пратэстанты адказваюць на яго: "Таму што гэта Божы загад, таму што працуючы, ты выконваеш сваё прызначэньне, таму што ты быў створаны для таго, каб упарадкоўваць гэты сьвет". Таму лянота, нежаданьне працаваць перасьледуюцца ў эвангельскай Царкве. Калі чалавек не працуе некалькі месяцаў, зь ім сустракаюцца й кажуць: "Ты робіш злачынства супраць Бога. Ты не выконваеш свайго прызначэньня".

На мой погляд, мы, эвангельскія цэрквы, можам даць нашаму грамадзтву пратэстанцкую дактрыну працы, якая вынікае з пэўнае тэалёгіі. Мы ў сваіх грамадах вучым маладых людзей: "Вы павінны атрымаць найлепшую адукацыю, стаць найлепшымі спэцыялістамі, таму што ў гэтым воля Божая, таму што Бог жадае, каб вы выявілі свой схаваны патэнцыял і служылі кожны тым дарам, якім Бог вас надзяліў".

Яшчэ адзін аспэкт - гэта агульная этыка. Калі браць вытокі пратэстанцкай этыкі, то, безумоўна, яны зыходзяць ад кальвінства. Самае важнае пытаньне Сярэднявечча, якое задаваў амаль кожны чалавек: "Як мне быць праведным перад Богам? Што мне зрабіць, каб атрымаць збаўленьне", таму што праведнасьць і збаўленьне - гэта сынонімы. Толькі праведны чалавек можа быць збаўленым чалавекам, набыць жыцьцё вечнае. Манахі вырашалі гэтае пытаньне радыкальна. Яны зыходзілі ў кляштар. І многія тэолягі лічылі, што манаства - гэта гарантыя праведнасьці, гарантыя збаўленьня. XVI стагодзьдзе дало разуменьне, што збаўленьне даецца ласкай.

Добра, я атрымліваю збаўленьне і тым самым я ведаю, што я абраны. Але як мне ведаць, што я не страціў збаўленьня, ці, у кальвінскай інтэрпрэтацыі, як мне ведаць, ці сапраўды я абраны, што мая вера не была эмацыйнай. Я магу гэта ведаць, пацьвярджаючы маё абраньне сьвятым жыцьцём. Калі я ня п'ю, калі не краду, калі не разводжуся, калі я люблю сваіх дзяцей, калі я працую, калі я праяўляю ветлівасьць, гасьціннасьць і г.д., я ведаю, што я абраны. Кожны дзень я пацьвярджаю всаё абраньне сьвятым жыцьцём. Безумоўна, кальвінізм - гэта ў галіне сатэрыялёгіі, тэорыі збаўленьня, адзін з аспэктаў. Існуюць іншыя мадэлі, напрыклад армініянская мадэль, якая прымаецца бальшынёй эвангельскіх грамадаў: як жа ведаць, што я ня страчу збаўленьня. Штодня я мушу пацьвярджаць сваё збаўленьне праведным жыцьцём: я павінны любіць, павінны прабачаць, павінны рабіць дабро, дапамагаць зьнямоглым, разьвіваць свой патэнцыял, рабіць свой унёсак у разьвіцьцё грамадзтва, тады я ведаю, што я збаўлены.

Можна было б сказаць, што ўвесь мой выступ - са сфэры этычнага разважаньня. Але калі зрабіць аналіз становішча, якое існуе ў пратэстанцкіх грамадах, мы прыходзім да цікавых высноваў: статыстычныя (сярод пратэстанцкіх грамадаў) паказальнікі выглядаюць значна лепш за тое, што адбываецца ў сфэры маральнасьці ў нашым грамадзтве. Няма такой праблемы як п'янства. Нас каля 100 000, і алькагалізм выключаецца ў цалкам. Больш за тое, алькаголікі прыходзяць да Бога, набываюць адраджэньне і перастаюць піць. Няма наркаманіі. Няма разводаў, хоць у цэлым у краіне разрываецца 85% шлюбаў. Дэмаграфічная сытуацыя: заахвочваюцца шматдзетныя сем'і, маса сем'яў, дзе 5, 7, 10 дзяцей.

Мноства праблемаў, якія сёньня стаяць перад нашым грамадзтвам, вырашаюцца ў межах пратэстанцкай этыкі, пратэстанцкай духовасьці, і гэта відавочна. Я чытаў зусім нядаўна вынікі І дэмаграфічнага кангрэсу, ініцыятарам якога быў акадэмік Цяўлоўскі, дык вось, далёка не пратэстанты пагаджаюца, што маральная парадыгма эвангельскіх хрысьціянаў вельмі эфэктыўная і адпавядае сучаснай сытуацыі. Таму я думаю, што мы маем нешта, што мы можам даць нашаму грамадзтву для разьвіцьця грамадзянскасьці, разьвіцьця маральнасьці і г.д.

Опубликовано на Порталусе 17 октября 2006 года

Новинки на Порталусе:

Сегодня в трендах top-5


Ваше мнение?



Искали что-то другое? Поиск по Порталусу:


О Порталусе Рейтинг Каталог Авторам Реклама