Рейтинг
Порталус

Мікалай Радзівіл Чорны, или Некаранаваны кароль Беларусі

Дата публикации: 18 октября 2006
Автор(ы): Аляксандар Варыкіш
Публикатор: Научная библиотека Порталус
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИЗВЕСТНЫЕ ЛЮДИ →
Источник: (c) http://belreform.org/radz.php
Номер публикации: №1161155230


Аляксандар Варыкіш, (c)

XVI стагодзьдзе — асаблівы век у гісторыі нашай краіны. Многія пакаленьні беларусаў зьвяртаюцца да таго часу ў пошуках сваёй тоеснасьці, сваіх вытокаў. І насамрэч, на XVI стагодзьдзе прыходзіцца большасьць падзеяў і зьяваў, якія сфармавалі беларусаў як нацыю, не дазволілі зьнікнуць на шматлікіх паваротах гісторыі. Сярод гэтых падзеяў найважнейшую ролю мае Рэфармацыя, якой літаральна дыхала беларускае грамадзтва XVI стагодзьдзя. Дзеячы Рэфармацыі зрабілі велізарны ўнёсак у духовае, палітычнае, эканамічнае, культурнае разьвіцьцё краіны. Найбольш выбітныя асобы таго часу (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, князі Радзівілы, Астафей Валовіч) былі знакамітыя ня толькі сваёй грамадзкай і культурнай дзейнасьцю, але і актыўнай пазыцыяй у справе рэформы царквы. Першым у гэтым шэрагу, безумоўна, стаіць Мікалай Радзівіл Чорны – канцлер Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віленскі, заснавальнік нясьвіскай лініі роду Радзівілаў, чалавек, якога называлі некаранаваным каралём Беларусі, апосталам Рэфармацыі.

У кастрычніку 1517 году ў горадзе Вітэнбэргу доктар багаслоўя Марцін Лютар апублікаваў 95 тэзаў супраць індульгенцыяў. Гэтая дата стала пачаткам руху Рэфармацыі, які ахапіў у XVI стагодзьдзі Эўропу – руху вяртаньня царквы на біблійны грунт. У наступных сваіх творах ён выступае за зьнішчэньне разьмежаваньня паміж сьвятарствам і паствай і поўнае прызнаньне ўсеагульнага сьвятарства хрысьціянаў. Таксама павінна быць адменена манаполія духавенства на тлумачэньне Сьвятога Пісьма, абвяшчалася ідэя яснасьці і актуальнасьці Слова Божага для ўсіх вернікаў. У 1529 годзе нямецкія князі ўтварылі партыю ў імпэратарскім сойме і выступілі з “пратэстацыяй” супраць забароны новага руху. З гэтага часу прыхільнікаў Рэфармацыі пачалі зваць пратэстантамі.

Малады беларускі магнат Мікалай Радзівіл, які атрымаў мянушку Чорны, разам з многімі суайчыньнікамі, патрапіў у Нямеччыну ў разгары палемікі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Лютара. Немалаважны той факт, што ў гэты перыяд прафэсура Вітэнбэрскага, Ляйпцыгскага, і шэрагу іншых нямецкіх унівэрсітэтаў, дзе традыцыйна атрымлівала адукацыю беларуская эліта, стала актыўнымі распаўсюджвальнікамі рэфарматарскіх поглядаў. Ня дзіўна, што адразу за іншымі эўрапейскімі краінамі Рэфармацыя пачала актыўна распаўсюджвацца і на Беларусі. Вялікі князь літоўскі і польскі кароль Жыгімонт Стары, занепакоены такім паваротам падзеяў, у 1542 годзе выдае ў Вільні дэкрэт, паводле якога ўсялякі шляхціц пазбаўляўся шляхецкай годнасьці ў тым выпадку, калі “набіраўся лютаравай ерасі”, забаранялася запрашаць немцаў у якасьці выхавальнікаў дзяцей і пасылаць моладзь у Нямеччыну дзеля атрыманьня адукацыі. Але каралеўская ўлада была не ў стане адміністрацыйнымі мэтадамі спыніць духовае абнаўленьне, і ўжо ў наступным годзе быў адменены закон, які забараняў наведваньне замежных унівэрсітэтаў.

На пачатку 40-х гадоў XVI стагодзьдзя малады Радзівіл вяртаецца на Бацькаўшчыну, і з 1544 году, пры новым кіраўніку Вялікага Княства Жыгімонце Аўгусьце, у ягоным жыцьці пачынаецца бліскучы пэрыяд. Трыццацігадовы Мікалай Радзівіл Чорны становіцца галоўным дарадцам, правай рукой маладога манарха. Больш за тое, далейшы рост уплыву магната зьвязаны са шлюбам Жыгімонта Аўгуста з ягонай стрыечнай сястрой Барбарай Радзівіл, якая становіцца вялікай княгіняй літоўскай і каралевай польскай. У 1547 годзе Радзівіл Чорны атрымаў тытул князя Сьвятарнай Рымскай імпэрыі.

За некалькі наступных год Радзівіл становіцца “некаранаваным каралём Беларусі”. У 1549 годзе, на сойме, за Радзівіламі быў замацаваны княскі тытул, Чорны становіцца ваяводам Троцкім, да яго велізарных, на той час, уладаньняў дадаюцца Дрысьвяты і Берасьцейскае староства. Праз два гады Мікалай Радзівіл атрымлівае пасаду канцлера Вялікага Княства і ваяводы віленскага. Ягоная ўлада яшчэ больш умацавалася, калі вялікакняскім прывілеем за Радзівіламі было замацавана беспрэцэдэнтнае права на захоўваньне ў сваім архіве ўсіх дакумантаў справаводства Вялікага Княства, тым самым нясьвіскі архіў прыроўніваўся да дзяржаўнага. Паколькі Жыгімонт Аўгуст большую частку свайго часу знаходзіўся ў Кароне Польскай, фактычная ўлада ў краіне была засяроджана ў руках Мікалая Радзівіла.

У 1553 годзе ў Вільні адбылася падзея, якая мела эфэкт выбуху бомбы і атрымала рэзананс ня толькі ў Вялікім Княстве, але і ў суседніх краінах. Канцлер літоўскі, віленскі ваявода, самы ўплывовы палітычны дзеяч дзяржавы, некаранаваны кароль Беларусі публічна аб'яўляе сябе кальвіністам. Доўгі час перад гэтым беларускі магнат з сымпатыяй ставіўся да ідэяў Лютара аб неабходнасьці рэформы царквы, але пасьля вяртаньня з пасольства да імпэратара Сьвятарнай Рымскай імпэрыі Радзівіл прымае рашэньне стаць эвангельскім хрысьціянінам. У хуткім часе сям'я магната і ягоны двор прынялі аналягічнае рашэньне.

Гэтая падзея для разьвіцьця эвангельскага руху на Беларусі мела першачарговае значэньне. Гісторыкі адзначаюць, што Мікалай Радзівіл меў велізарны аўтарытэт сярод беларускіх магнатаў і шляхты, аказваў вельмі моцны ўплыў на Жыгімонта Аўгуста. Паводле сьведчаньняў сучасьнікаў тых падзеяў, калі Мікалай Чорны ўваходзіў у Сэнат са сваім шматлікім атачэньнем, сам кароль уставаў з трона і рабіў некалькі крокаў на сустрач, да таго ж настойваў, каб той сядаў не на звычайным месцы віленскага ваяводы, але каля трону, тым самым падкрэсьліваючы годнасьць магната.

Прыклад валадарнага Радзівіла прыцягальна паўзьдзейнічаў на шляхту, пачаўся масавы пераход яе ў кальвінізм. За малы час на бок Рэфармацыі перайшлі прадстаўнікі такіх магутных родаў, як Хадкевічы, Кішкі, Валовічы, Глябовічы, Сапегі, Вішнявецкія, Войны, Пацы, Дарагастайскія і многія іншыя. Эвангельскімі хрысьціянамі сталі практычна ўсе літоўскія ваяводы, кашталяны менскі, полацкі, берасьцейскі. Пераход у кальвінізм большай часткі палітычнай эліты Вялікага Княства абумовіў актыўнае распаўсюджваньне Рэфармацыі на тэрыторыі Беларусі.

У мэтах распаўсюджваньня і зацьвярджэньня Рэфармацыі ў сваёй краіне Мікалай Радзівіл Чорны і шэраг іншых магнатаў і шляхты засноўваюць у сваіх маёнтках рэфарматарскія цэрквы. Толькі Радзівілы засноўваюць зборы ў Вільні, Нясьвіжы, Клецку, Берасьці, Воршы, Іўі, Ашмянах, Койданаве. Усяго ў другой палове XVI стагодзьдзя ў Вялікім Княстве Літоўскім, паводле дадзеных розных дасьледнікаў, налічвалася больш за 200 пратэстанцкіх цэркваў. З замежжа запрашаюцца вядомыя прапаведнікі, славутыя сваім інтэлектам і аратарскім мастацтвам. Пры цэрквах укладаюцца школы, якія ў хуткім часе атрымалі шырокае распаўсюджваньне, і сталі асноўным апірышчам Рэфармацыі. Пачатковыя школы існавалі пры кожнай царкве, акрамя гэтага былі адчынены вышэйшыя школы (на ўзор гімназіяў) у Вільні, Нясьвіжы, Берасьці, Слуцку. Пратэстанцкія школы давалі значна лепшую адукацыю, чым каталіцкія, і гэтым таксама спрыялі распаўсюджваньню Рэфармацыі. Віленская школа, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным, напрыканцы XVI стагодзьдзя прэтэндавала на ступень акадэміі, але дзеля моцнага супрацьдзеяньня каталіцкай герархіі і караля Жыгімонта Вазы гэты праект ня меў посьпеху.

Рост попыту на эвангельскую літаратуру у 60-я гады XVI стагодзьдзя спрыяў актыўнаму росту колькасьці друкарняў, якія вялізарнымі накладамі друкавалі Сьвятое Пісьмо, падручнікі для школаў, а таксама папулярныя выданьні, што прапагандавалі Рэфармацыю. Колькасьць пратэстантскіх друкарняў у Вялікім Княстве Літоўскім была непараўнальна большая, чым у Польскім Каралеўстве, толькі ў сталіцы краіны Вільні іх было каля 10. Большасьць друкарняў былі прыватнымі, і дзякуючы гэтаму яны дзейнічалі і тады, калі Рэфармацыя пачала губляць свае пазыцыі. Адна зь першых друкарняў, у якой друкаваліся кнігі на беларускай мове, была заснавана ў Нясьвіжы, цэнтры ўладаньняў Мікалая Радзівіла Чорнага. Тут Сымонам Будным у 1562 годзе былі надрукаваны 2 кнігі на беларускай мове: “Катэхізіс” і “Аб апраўданьні грахоўнага чалавека перад Богам”. Васіль Цяпінскі працягнуў працу Скарыны па выданьні кнігаў Бібліі на беларускай мове. У 1563 годзе ў берасьцейскай друкарні па ініцыятыве і на сродкі Радзівіла Чорнага выходзіць Біблія на польскай мове, ён жа піша прадмову да гэтага выданьня. Аб посьпеху беларускай Рэфармацыі сьведчыць той факт, што зь Мікалаем Радзівілам актыўнае ліставаньне вядзе Жан Кальвін. Яго Камэнтары да Пасланьняў апостала Паўла былі прысьвечаныя беларускаму магнату.

Да пачатку 60-х гадоў XVI стагодзьдзя пазыцыі Радзівіла Чорнага і яго аднадумцаў былі настолькі трывалымі, што ў 1563 годзе канцлер дабіўся адмены Гарадзельскага акту 1413 г., падпісанага яшчэ Ягайлам, паводле якога перавагі і права на дзяржаўную службу ў Вялікім Княстве зацьвярджаліся толькі за прадстаўнікам каталіцкай канфэсіі. На практыцы гэты нарматыўны акт парушаўся досыць часта, тым не менш, адмысловая каралеўская грамата фармальна зьнішчыла заканадаўча вызначаную няроўнасьць.

Памылкова будзе меркаваць, што актыўнае распаўсюджваньне Радзівілам Чорным Рэфармацыі было прадыктавана ў першую чаргу палітычнымі інтарэсамі. Яго публічная палеміка з паслом Ватыкана ў Польшчы Алаізам Ліпаманам паказвае канцэпцыю рэфармаваньня хрысьціянскай царквы, якой шчыра прытрымліваўся Мікалай Радзівіл. У сваім адказе папскаму нунцыю на абвінавачваньні ў ерасі ён пісаў:

“Нашыя прапаведнікі добра ведаюць сапраўднае вучэньне Хрыстова і прапаведуюць не каноны і дэкрэты, а слова вечна жывога Госпада Бога… Кнігі, якія я сам чытаю і іншым чытаць раю, адкрываюць людзям чыстае Эвангельле. Некаторыя з гэтых кнігаў я за свае грошы друкаваў і друкаваць буду… Госпадзе Божа, зрабі так, каб мы, адкінуўшы ўсе недарэчныя выдумкі, зьвярнуліся нарэшце да служэньня, што было прынята апосталамі і існавала ў грэцкай царкве ў часы Златавуста і Васіля, а ў лацінскай – у часы Амброзія, Гераніма і Аўгустына… Я так лічу, што ўсе людзі, узносячы славу, малітвы і падзяку Госпаду Богу за Яго дабрславенствы, павіны зьдзяйсьняць гэта з чыстымі думкамі і шчырым сэрцам. Таму неабходна, каб той, хто гэта робіць, абавязкова ведаў мову і спасьцігаў сэнс сказанага. Калі ж набажэнства ідзе на лаціне, грэцкай альбо якой іншай, незразумелай простаму чалавеку мове, то ён і рады быў бы шчыра маліцца Госпаду Богу і славіць Яго, укладаючы ў гэта сваё сэрца і розум. Але, нажаль, ня можа зразумець ні сэнсу сваіх словаў, ні сутнасьці сваіх учынкаў. Менавіта па гэтай прычыне я так лічу: на якой мове кожны народ здольны спасьцігаць таямніцы Слова Божага, на той мове патрэбна праводзіць сьвятыя царкоўныя служэньні”.


У 1558 годзе пачалася крывавая Інфлянцкая вайна, у якую было ўцягнута і Вялікае Княства Літоўскае. Праз пяць год пасьля пачатку вайны, узімку 1563 году маскоўскі цар Іван Жахлівы захапіў Полацк і ўсё правабярэжнае Падзьвіньне. Краіна апынулася ў складанай сытуацыі: уласных рэсурсаў для працягу ваеннай кампаніі было яўна недастаткова, і частка палітычнай эліты падтрымала ідэю падпісаньня вуніі з Польшчай і ўтварэньня фэдэратыўнай дзяржавы. Галоўнымі праціўнікамі аб'яднаньня з Польшчай стала група магнатаў-пратэстантаў, на чале з Мікалаем Радзівілам Чорным. На Варшаўскім сойме 1563 году гэтая фракцыя, што стаяла на пазыцыях незалежнасьці Вялікага Княства, сарвала паседжаньне сойму і праваліла пляны стварэньня саюзнае дзяржавы. Паміж Радзівілам Чорным і Жыгімонтам Аўгустам адбыўся сапраўдны разрыў, увесь наступны год кароль пазьбягаў сусутрэчаў са сваім галоўным памочнікам. На адрас канцлера ўсё часьцей сталі сыпацца абвінавачваньні ў намеры стаць самастойным уладаром Вялікага Княства Літоўскага, у імкненьні “зрабіць зь Літвы такую дзяржаву, якая была ў часы Гедзіміна і Альгерда”.

Між тым узімку 1564 году гетман Мікалай Радзівіл Руды, брат Чорнага, на рацэ Уле дашчэнту разбіў маскоўскі корпус, а харугвы Філона Кміты-Чарнабыльскага другую частку варожага войска адсунулі да Смаленску. У дадатак казацкі аддзел атамана Бірулі штурмам завалодаў замкам Ула. Наступ Жахлівага быў сарваны. Усталявалася замірэньне, што дало дадатковыя аргумэнты на карысьць пазыцыі Радзівіла Чорнага.


29 траўня 1565 годў на 50-м годзе жыцьця памірае Мікалай Радзівіл Чорны, аднак як ні пацяшаліся ворагі, ягоная справа знайшла годных пасьлядоўнікаў. За год да сьмерці Чорнага Мікалай Радзівіл Руды бярэ прыклад з брата і становіцца кальвіністам. На працягу двух наступных дзесяцігодзьдзяў герой Інфлянцкай вайны, найвышэйшы гетман літоўскі бярэ на сябе адказнасьць за разьвіцьцё рэфармацыйнага руху ў Беларусі.

Опубликовано на Порталусе 18 октября 2006 года

Новинки на Порталусе:

Сегодня в трендах top-5


Ваше мнение?



Искали что-то другое? Поиск по Порталусу:


О Порталусе Рейтинг Каталог Авторам Реклама