Рейтинг
Порталус

Ян Глябовіч, менскі кашталян

Дата публикации: 18 октября 2006
Публикатор: Научная библиотека Порталус
Рубрика: БЕЛАРУСЬ ИЗВЕСТНЫЕ ЛЮДИ →
Источник: (c) Станіслаў Акіньчыц
Номер публикации: №1161155321


Сайт автора: http://belreform.org/hlabovic.php

За больш чым тысячагадовую гісторыю Беларусь мела чатыры сталіцы: Полацк, Наваградак, Вільню і Менск. Кожная зь іх мае сваё месца ў гісторыі нашае краіны. Полацк - сталіца старажытнабеларускага Полацкага княства, Наваградак і Вільня - сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, беларускай дзяржавы XIII - XVIII стст.. Што тычыцца Менску, дык ён доўга нічым не вылучаўся сярод іншых гарадоў. Але дзякуючы Яну Глябовічу, які жыў у славутым XVI ст., Менск стаў вядомым ва ўсім Вялікім Княстве.

Ян Янавіч Глябовіч нарадзіўся ў 1544 годзе ў сям'і віленскага ваяводы Яна Глябовіча і княгіні Ганны Заслаўскай. Бацька памёр, калі Яну было толькі пяць год, і апякунства над ім узяў гетман Вялікага Княства Мікалай Радзівіл Руды. Выхаваны ў сям'і ваяра, Ян Глябовіч, таксама як і сын Мікалая Радзівіла Крыштаф Пярун, у дзевятнаццаць год пайшоў на вайсковую службу. Яго накіравалі ў полацкі гарнізон. Не пасьпеў малады Глябовіч як сьлед агледзецца на новым месцы, як вымушаны быў узначаліць абарону прадмесьця Полацка - Запалоцьця. Аднак Полацк быў захоплены, і Ян Глябовіч апынуўся ў маскоўскім палоне.

Іван Жахлівы, даведаўшыся, што палонены добра ведае Біблію, вырашыў паказаць эрудыцыю і выклікаў Глябовіча на багаслоўскі дыспут: якая вера правільная? Той жа не толькі не спалохаўся жудаснага тырана, але і пачаў сьведчыць яму пра Хрыста. Іван Жахлівы быў вельмі зьбянтэжаны і загадаў больш не чапаць палоненага беларуса. Нават калі маскоўскаму цару паведамілі, што Глябовіч перадае зьвесткі ў Вільню, Жахлівы не адважыўся пакараць абвінавачанага і пры першай жа магчымасьці дазволіў Глябовічу вярнуцца на Радзіму.

Ян Глябовіч увайшоў у гісторыю як чалавек эвангельскай веры. Глыбокае веданьне Слова Божага, якое дапамагло яму ў маскоўскім палоне, ён пранёс праз усё жыцьцё. Чытаючы дакуманты, напісаныя Глябовічам, здаецца, што гэта пісаў нейкі пастар у нашыя дні, а не дзяржаўны дзеяч XVI стагодзьдзя. У 1590 годзе ў сваім тэстаманце Ян Глябовіч перад сучасьнікамі і нашчадкамі вызнае сваю веру, якую ён меў праз усё сваё жыцьцё: "Я маю жыцьцё вечнае не праз добрыя ўчынкі, але праз ласку Яго сьвятую, калі дзеля мяне і дзеля збаўленьня майго Ісус Хрыстос памёр, быў пахаваны, і на трэці дзень уваскрос". Усё жыцьцё Глябовіча было сьведчаньнем. У Заслаўі па сёньняшні дзень узвышаецца велічны кальвінскі збор, заснаваны ім. Але найвялікшым помнікам рэфарматару стаў горад, які сёньня зьяўляецца сталіцай Беларусі.

У 1571 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызначае Глябовіча кашталянам менскім (нешта накшталт сёньняшняга мэра). Чатырнаццаць год ён займаў гэтую пасаду. Гэтыя гады можна назваць эпахальнымі для Менску. Дзякуючы намаганьням кашталяна горад пашыраўся за свае старыя межы - Траецкае і Замкавае прадмесьці, тут пачалі праводзіць кірмашы, вайсковыя агляды. Менскія эвангельскія хрысьціяне на чале з кашталянам сталі дамінуючай сілай у горадзе. Іх намаганьнямі была ўзьведзена эвангельская царква (збор) на вуліцы, якая атрымала назву Зборавая, сёньня - Інтэрнацыянальная. Пасьля стварэньня ў 1581 годзе вышэйшага апеляцыйнага суда - Літоўскага Трыбунала, менавіта Менск побач з Наваградкам і Вільняй абіраецца месцам паседжаньня Трыбунала. Такім чынам цяперашняя сталіца з маленькага правінцыйнага гарадка ператварылася ў важны палітычны цэнтар. На паседжаньні Трыбунала з усёй краіны з'яджаліся дзяржаўныя дзеячы, шляхта, паны, а ўслед за імі - купцы і гандляры. Гэта дало новы штуршок да развіцьця гораду. Ужо праз дзесяць год кароль надаў Менску права на ўсе навакольныя землі, што сьведчыла аб яго імклівым росьце, а яшчэ праз год - поўнае магдэбурскае права і герб.

Узьнімаўся аўтарытэт Менску, узрастаў і ўплыў Глябовіча. Ён стаў палітыкам нацыянальнага маштабу. Менавіта яму даручылі ганаровую місію ўзначаліць пасольства нашае краіны да караля Жыгімонта Вазы, які павінен быў зацьвердзіць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., самы дасканалы збор законаў у тагачаснай Эўропе. Тут Глябовіч выявіў адметныя дыпляматычныя здольнасьці. Кароль зацьвердзіў Статут, дзе сярод іншага абвяшчалася самастойнасьць дзяржавы, дзяржаўнасьць беларускае мовы, свабода веравызнаньня.

Перад сьмерцю, зьвяртаючыся да сваіх дзяцей, менскі кашталян даў такі запавет: "Па-першае, згодна таму, да чаго вы навучаныя і ў якой веры я паміраю, я вам нагадваю, каб вы не ўхіляліся ад гэтае веры эвангельскай, памятаючы Слова Божае, што "страшна трапіць у рукі Бога Жывога". Па-другое, каб Рэч Паспалітую любілі шчыра, найбольш стараючыся аб тым, каб яна не страціла сваёй свабоды, і хаця часам гэта здаецца складаным, бо лёс будзе доўга супрацьстаяць, але цнота і любоў да Айчыны перамогуць".

Опубликовано на Порталусе 18 октября 2006 года

Новинки на Порталусе:

Сегодня в трендах top-5


Ваше мнение?



Искали что-то другое? Поиск по Порталусу:


О Порталусе Рейтинг Каталог Авторам Реклама