Рейтинг
Порталус

Агінскі канал учора і сёння

Дата публикации: 27 января 2011
Автор(ы): Мялік Аляксандр Мікалаевіч
Публикатор: мялік
Рубрика: БЕЛАРУСЬ
Источник: (c) http://library.by
Номер публикации: №1296157323


Мялік Аляксандр Мікалаевіч, (c)

АГІНСКІ КАНАЛ УЧОРА І СЁННЯ

Перадумовы узнікнення Агінскага канала.
З даўніх часоў людзі пачалі сяліцца каля вады. За тысячы год да нашай эры яны пачалі выкарыстоўваць водныя артэрыі для перамяшчэння, а пазней і для перавозу грузаў. Доўгі час рэкі былі адзінай магчамасцю для пранікнення ўглыб краін і кантынентаў пакрытых лясамі і балотамі. Без перабольшвання можна сказаць, што водныя шляхі адыгралі важнейшую ролю ў развіцці гандлю, рамёстваў, прамысловасці, вывучэнні і асваенні новых зямель. Росквіт і магутнасць дзяржавы залежылі у многім ад ступені развіцця флоту, наяўнасці водных шляхоў і партоў.
З развіццём гандлю і прамысловасці пастаянна узрастала роля водных шляхоў. Ператаскванне грузаў і суднаў волакам абмяжоўвала магчымасці водных шляхоў. Так пачалося будаўніцтва штучных водных артэрый.
На тэрыторыі сучаснай Беларусі першай значнай штучнай воднай сістэмай стаў Агінскі канал, пабудаваны на прыканцы XVIII стагоддзя.
Але яшчэ у XVII стагоддзі вядомы дзеяч ВКЛ князь Багуслаў Радзівіл меў намер пабудаваць водны шлях паміж Дняпром і Нёманам. У сваім звароце да патомкаў ён напісаў: “Калі б хто з нашчадкаў маіх хацеў бы пакінуць аб сабе памяць, то няхай завершыць або пачне тое, што я хацеў распачаць, а менавіта, Дняпро з Нёманам злучыць. Запэўніваю, што ён зрабіў бы справу якая мае права на памяць.” Але не самаму Багуславу Радзівілу, ні яго нашчадкам не атрымалася распачаць будаўніцтва. Мінула стагоддзе, пакуль ідэя аб будаўніцтве канала зацікавіла будучага падстаросту пінскага Міхаіла Бутрымовіча. Менавіта ён быў аўтарам паршапачатковага праекта канала, які быў накіраваны ў Варшаву гетману ВКЛ Міхалу Казіміру Агінскаму.
Праект зацікавіў гетмана і ў хуткім часе пачаліся далейшыя праектавальныя работы. М.К.Агінскі не толькі фінансаваў гэты грандыёзны праект, але і сам уносіў свае прапановы. Менавіта па пажаданню гетмана канал быў пракладзены праз мястэчка Целяханы і Вулькаўскае возера, хоць гэта і ўносіла значныя складанасці ў будаўніцтве і пры дальнейшай эксплуатацыі канала.

Будаўніцтва.

Само будаўніцтва пачалося ўжо ў 1765 г. на сродкі магната Міхала Казіміра Агінскага. Ён выдзеліў з сваёй казны 12 мілліёнаў злотых. Канал адкрываў магчымасьці для экспарту лесу і іншых тавараў праз балтыйскія парты, таму яго будаўніцтва было падтрымана Варшаўскім сеймам Рэчы Паспалітай 1768 г., які пастанавіў падараваць Агінскаму мястэчка Лагішын і в. Мышкаўцы з прылеглымі землямі і дазволіў з пачаткам сплаву спаганяць мыта "па 8 злотых зь вясла ці ад спіцы". Канал, што злучыў Шчару з прытокам Прыпяці – Ясельдай, капалі крыху больш як дзесяць гадоў выключна жыхары Слонімскага павету. Даўжыня канала склала 55,5 км, 5 з якіх па возеры Выганашчанскае. Працягласць усёй воднай сістэмы ад вусця ясельды да вусця Шчары – 324 кіламетры. Шырыня канала склала 18 м, а глыбіня 1 м. У сістэму канала уваходзіла 2 возеры: Вулькаўскае і Выганашчанскае. Першае з іх выкарыстоўвалася для зімоўкі суднаў.

Неабходна больш падрабязна расказаць пра самога М.К.Агінскага, якому канал і абавязаны сваім існаваннем. М.К. Агінскі (дзядзька Міхала Клеафаса Агінскага, стваральніка агульнавядомых паланэзаў) займаў значныя пасады, служыў віленскім ваяводам, вялікім літоўскім гетманам. Акрамя таго ён быў мастаком, кампазітарам і мецэнатам. Быў кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай, а пазней адным з кіраўнікоў узброенага змагання супраць Расейскай імперыі. Ягонае трохтысячнае войска пацярпела паразу пад Сталавічамі (1771 г.). Ад пакарання Міхала Казіміра ўратавала эміграцыя. У гэты час будаўнічыя работы працягваліся (з перапынкам) за дзяржаўны кошт: прыводзіліся ў парадак прылеглыя дарогі, ачышчаліся рэкі, у т.л. Нёман. У 1775 г. сейм Рэчы Паспалітай абвяьціў пачатак сплаву, але канал яшчэ не быў поўнасцю добраўпарадкаваны. Праз пэўны час Агінскі быў памілаваны, прыехаў у Слонім, дзе вярнуў сабе сэквэстраваныя маёнткі. Ён назаўсёды адышоў ад вайсковых справаў і амаль 30 гадоў кіраваў Слонімскім паветам.
У 1784 годзе адбылося урачыстае адкрыццё канала, на якім прысутнічаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. А на сейме 1786 года Агінскі заявіў, што даруе радзіме новы канал.
Так ажыццявілася задума М.К.Агінскага. Канал, як мост паміж двума вялікімі морамі – Балтыйскім і Чорным пачаў дзейнічаць, прыносячы тым самым небывалую карысць дажываўшай апошнія гады Рэчы Паспалітай. Першапачаткова канал называлі Вялікім Пінскім, і дзейнічалі на ім усяго два парты – Целяханы і Агінскі.
За будаўніцтва тэхналагічната цуда (менавіта такім для свайго часу быў канал) яго стваральніку Міхалу Казіміру Агінскаму, у віленскім замку, яшчэ пры жыцці гетмана быў пастаўлены помнік.

Росквіт Агінскага канала.

Так канал пачаў дзейнічаць. Эканамічная карысць, якую канал прыносіў краю была каласальнай. Палепшыліся не толькі транспартныя умовы, але і гандаль, прамысловасць, сельская і лясная гаспадарка. Актыўна канал выкарыстоўваўся шляхтай для падарожжаў. Агінскі канал поўнасцю апраўдаў затраты на сваё будаўніцтва.
Канал меў вялікае значэнне для Слоніму – галоўнай рэзідэнцыі М.К. Агінскага. Горад ператварыўся ў порт. Тут праходзілі грузавыя і пасажырскія судны, сплаўляўся лес. Вялікае значэньне мела і слонімская прыстань. Тут было шмат такоў, у якія засыпалася да пачатку навігацыі збожжа. Яно завозілася большай часткай зімою з навакольных мясцовасцяў. Кожны год на слонімскай прыстані грузіліся і па Шчары праходзілі некалькі соцень суднаў з рознымі таварамі. У самім Слоніме Агінскі пабудаваў унікальны оперны тэатр, на сцэне якога былі пабудаваны азёры і каналы, так што пад час пастаноў можна было назіраць сапраўдныя водныя баталіі. Будынак быў аздоблены мармурам, крыштальнымі люстрамі, пазалотай шыкоўным паркерам. У тэатры памяшчалася 2000 гледачоў. Працавалі ў тэатры прафесійныя польскія, італьянскія, нямецкія спевакі, прыгонны хор і балет. Так у 1776 годзе у тэатры працавала 53 выканаўцы вышэйшага узроўню. У 1777 годзе юыў створаны балет, а пазней і балетная школа, якая была у 1792 годзе пераведзена ў Целяханы. Адміністратарам тэатры быў генерал Станіслаў Вайніловіч. Музычны цэнтр гетмана Агінскага у Слоніме баў лепшым на Беларусі. У Слоніме быў налажаны выпуск паясоў, габеленаў, дываноў.
Пасля далучэння заходняй часткі Беларусі да Расеі афіцэрамі Генеральнага штаба былі праведзены інструментальныя здымкі, рэкагнасцыровачныя работы, прамерана глыбіня канала і вызначана яго прапускная здольнасьць. Да 1804 г. добраўпарадкаваньне закончана і канал стаў поўнасцю суднаходным. Меў 10 шлюзаў. Па Агінскім канале пераважна сплаўлялі лес з палескіх пушчаў; плыты, паводле сведчання відавочцы (1820), выцягваліся «амаль бесперарыўна на 30 міль у даўжыню, ад Ясельды да Слоніма». Перавозілі таксама збожжа, сыравіну на вотчынныя мануфактуры ў Целяханах.
Мястэчка Целяханы на гэтым водным шляху адыгрывала не апошнюю ролю. Тут працавала прыстань, меліся добры рум, рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні. Найбольш тут рабілі пласкадонныя баркі і паўбаркі рознай водазмяшчальнасьці. У гэтыя часы ў Целяханах даваў прадукцыю і фаянсавы завод М.К. Агінскага, які выпускаў высокаякасныя дэкаратыўныя вазы з фарфора, сталовыя сервізы, упрыгожванні для камінаў. Менавіта гэты фаянсавы завод стаў папярэднікам знакамітага на ўсю Еўропу шклозавода «Целяханы». Жыццё ў тыя часы ў Целяханах бурліла. Мястэчка на вачах багацела. У ведамасці Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта, складзенай 10 верасня 1837 года змешчаны колькасць і кошт тавараў, якія былі правезены праз Агінскі канал за 1836 год: соль, пшаніца, воцат, семя льняное, авёс, сала, гарох, жыта, гліняны і фаянсавы посуд, шкло, цэгла, дошкі, тытунь і інш. (на паўтары мільёны рублёў). З-за мяжы прывозілі жалеза і вырабы з яго, вырабы з каштоўных металаў, з поўдня – шоўк, віно. М.К.Агінскі пабудаваў у мястэчку праваслаўную святатроіцкую царкву, касцёл, заклаў 4 паркі. Існаваў у Целяханах і філіял опернага тэатра Агінскага,які быў у Слоніме.
Са з'яўленнем чыгуначных шляхоў значэнне Агінскага канала зменшылася. Але каналам працягваў карыстацца малы флот еўрапейскіх краінаў, аб чым сведчыць вялікая колькасьць здымкаў старога часу з Польшчы, Нямеччыны, Літвы і нават Галандыі. У гады 1-й сусветнай (1914—1918) і савецка-польскай (1920) войнаў канал апынуўся ў зоне актыўных вайсковых дзеянняў, што прывяло да разбурэньня гідратэхнічных збудаванняў.
Але польскія ўлады, разумеючы велізарную значнасць канала для эканомікі краю, актыўна ўзяліся за аднаўленне воднай артэрыі. Навігацыя пачала наладжвацца з 1926 г., поўнасцю канал адноўлены ў 1928 г. Тады канал перажываў сваё другое нараджэнне. Зноў па каналу пачаўся лесасплаў, перавозка грузаў і пасажыраў.

Заняпад
З прыходам савецкай улады восенню 1939 года канал хутка пачаў страчваць свае пазіцыі. У 1939-м савецкая ўлада рэпрэсавала інжынераў, палякаў з паходжання, якія працавалі на канале. Савецкія малаадукаваныя інжынеры не змаглі арганізаваць належную і правільную эксплуатацыю канала, і гэта прывяло да заняпаду гідратэхнікі. Да 1941 г. канал выкарыстоўваўся для лесасплаву, эпізадычна — для суднаходства. У 2-ю Сусветную вайну шлюзы і плаціны былі часткова разбураны ці пашкоджаны. Пасля вайны савецкая улада мала была зацікаўлена у аднаўленні канала. Спробы аднавіць канал у пасляваенны час ня мелі поспеху, у выніку рэчышча абмялела і стала зарастаць, канал страціў гаспадарчае значэнне.
А зусім абяскровіла канал татальная мэліярацыя. У 1960-я гады на канале Агінскага былі ўзарваныя ўсе шлюзы, акрамя апошняга 10, які і цяпер захаваўся ў працоўным стане і вось ужо больш 60 гадоў выконвае водарэгулюючую функцыю. Сам канал быў прыстасаваны для прыёму дрэнажных вод.

Аднаўленне
Больш за 40 год Агінскі канал знаходзіўся ў поўным заняпадзе. Пры савецкай уладзе не прымалася ніякіх мер, якія б садзейнічалі захаванню канала. У 70-я гады гады распрацоўваўся праект па будаўніцтву воднай артэрыі, якая злучыла б Чорнае і Балтыйскае мора і якая б дазволіла прапускаць караблі тыпу рака-мора. Агінскі канал павінен быў стаць часткай такой сістэмы. Вядома, што ажжыцяўленне гэтага праекта толькі б адмоўна адлюстравалася на стане навакольнага асяроддзя.
У 90-я гады пачынаюцца спробы аднавіць канал і выкарыстоўваць яго пераважна у турыстычных мэтах. Першыя работы, пачатыя у 1993 годзе былі прыпынены з-за недахопу сродкаў. З 2005 года пачынаецца новы этап па аднаўленню Агінскага канала.
Згодна з новым праектам Агінскі канал павінен стаць цэнтральным звяном воднага кола Беларусі. Спачатку плануецца канал паглыбіць і расшырыць, аднавіць гідратэхнічныя збудаванні. Неабходна і ачыстка рэк Ясельды і Шчары. Пасля аднаўлення канал зможа выкарыстоўвацца для сплаву на байдарках, а таксама зможа прапускаць турыстычныя судны змяшчальнасцю 20-60 чалавек.
Турыстаў павінен прыцягваць не толькі сам канал, але і іншыя унікальныя аб'екты, што знаходзяцца каля самога канала. У першую чаргу гэта Гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае» - унікальны леса-балотны комплекс размешчаны на водападзеле Чорнага і Балтыўскага мораў. Заказнік мае статус Рамсарскага угоддзя, на яго тэрыторыі сустракаюцца дзесяткі рэдкіх відаў птушак, насякомых, раслін.
Цэнтральным месцам павінна стаць мястэчка Целяханы, праз якое праходзіць канал, а таксама Вулькаўскае возера. Самымі цікавымі аб'ектамі тут з'яўляюцца нямецкія абарончыя умацаванні часоў Першай сусветнай вайны, дагістарычныя стаянкі першабытнага чалавека на Вулькаўскім возеры і Лысая гара, дзе паводле легенды пахавана цела хана. Менавіта тут і плануецца размясціць асноўную інфраструктуру.
Такім чынам канал цярпяліва вось ужо больш чым 60 год чакае свайго аднаўлення, якое павінна прынесці яму былую славу.
Выкарыстанная літаратура:
1. Живописная Россия. Мн.: БелЭН, 1993 год.
2. Кніга “Памяць. Івацэвіцкі р-н.”, Мн.: БЕЛТА, 1997 год
3. Э.П. Коваленко, Б.В.Фащевский. Вода, природа, человек. Минск «Ураджай» 1986 год.
4. Белорусское полесье. Мешечко Е.Н., Горбацкий А.А. , Брест, 2005 год
і інш….

Опубликовано на Порталусе 27 января 2011 года

Новинки на Порталусе:

Сегодня в трендах top-5


Ваше мнение?



Искали что-то другое? Поиск по Порталусу:


О Порталусе Рейтинг Каталог Авторам Реклама