Полная версия публикации №1096460138

PORTALUS.RU ПОЛИТОЛОГИЯ Разьвiцьцё i злачынствы панславiзму (2) → Версия для печати

Постоянный адрес публикации (для научного и интернет-цитирования)

По общепринятым международным научным стандартам и по ГОСТу РФ 2003 г. (ГОСТ 7.1-2003, "Библиографическая запись")

Разьвiцьцё i злачынствы панславiзму (2) [Электронный ресурс]: электрон. данные. - Москва: Научная цифровая библиотека PORTALUS.RU, 29 сентября 2004. - Режим доступа: https://portalus.ru/modules/politics/rus_readme.php?subaction=showfull&id=1096460138&archive=1126494249&start_from=&ucat=& (свободный доступ). – Дата доступа: 14.10.2024.

По ГОСТу РФ 2008 г. (ГОСТ 7.0.5—2008, "Библиографическая ссылка")

Разьвiцьцё i злачынствы панславiзму (2) // Москва: Научная цифровая библиотека PORTALUS.RU. Дата обновления: 29 сентября 2004. URL: https://portalus.ru/modules/politics/rus_readme.php?subaction=showfull&id=1096460138&archive=1126494249&start_from=&ucat=& (дата обращения: 14.10.2024).



публикация №1096460138, версия для печати

Разьвiцьцё i злачынствы панславiзму (2)


Дата публикации: 29 сентября 2004
Публикатор: maskaev
Рубрика: ПОЛИТОЛОГИЯ
Номер публикации: №1096460138 / Жалобы? Ошибка? Выделите проблемный текст и нажмите CTRL+ENTER!


АВТОР: Вацлаў Чэрны

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №21 2000 ГОД


Частка другая

„Уявiце сабе iмпэрыю аўстрыйскую, падзеленую на мноства рэспублiк i рэспублiчак, — якая гэта мiлая аснова для ўнiвэрсальнай расейскай манархii!“

Францiшак Палацкi, дня 11 красавiка 1848 г.


Панславiя ў сьвятле Славii палiтычнай i дэмакратычнай

Чэскаму народу заўжды будзе рабiць гонар тое, што ён ужо на самым парозе свайго адноўленага нацыянальнага жыцьця здолеў сам без чужой дапамогi разьвеяць iмглу панславiзму, што тады якраз нараджаўся.

З гледзiшча навуковага ўжо сама Коларава генэрацыя ягоныя iлюзii разьбiвае: патрыярх чэскага адраджэньня, заснавальнiк эўрапейскай навукi пра славянаў Ёзэф Добраўскi, агульны настаўнiк усяго таго пакаленьня, нiколi не ўспрымаў сур’ёзна мiтаманii Колара. Найбольш значныя асобы чэскай навукi й культуры тае эпохi ад пачатку дзеляцца на два лягеры: Шафарык i Юнгман на баку Колара, Палацкi й Чэлакоўскi на баку супрацiўным; да другiх неўзабаве пяройдзе й Шафарык. <…> Аднак навуковага зварачэньня Коларавай псэўданавукi, нават адначасовага зь яе ўзьнiкненьнем i вельмi ўхвальнага, вядома ж, было недастаткова; хай без усялякай палiтычнай праграмы i палiтычна абсалютна нявiнны ў сваiх задумах, Колараў панславiзм быў палiтычнаю небясьпекай. У гэтым сэнсе нацыянальнае жыцьцё таксама было ад яго ачышчана ўжо ў другой палове саракавых гадоў супольнаю працай генэрацыяў Колара i наступнай. I зноў жа чэхi самi здолелi намацаць сапраўдны корань зла i агалiць — першымi, — у iнтарэсах уласных i iнтарэсах Эўропы, пагрозу новага мiту ў той момант, калi па-за межамi iхнай радзiмы ён ужо часткай сусьветнай палiтыкi быў.


<…> З гледзiшча чэскага гэтая стогадовае даўнасьцi гiсторыя значыць нараджэньне чэхаславацкай палiтыкi i пачаткi першай нацыянальнай палiтычнай праграмы. Менавiта тады была заснаваная лiнiя, па якой адбываецца разьвiцьцё чэскага дэмакратызму i рэалiзму i якая вядзе да Масарыка, Бэнэша й Чэхаславакii 1918-1948 гадоў. З гледзiшча эўрапейскага гэта гiсторыя найвядомейшага культурна-палiтычнага demasquage19, якое пайшло на карысьць палiтычнаму посьпеху малога народу. Гэтае dйmasquage мае тры галоўныя рысы, якiх нельга выпусьцiць з-пад увагi: панславiзм быў выкрыты чэскай палiтыкай, якая толькi нараджалася; выкрыцьцё адбылося на падставе рэальнага веданьня Расеi; ажыцьцяўлялася яно ў iмя заходняй дэмакратычнай думкi. Гэтыя тры факты маюць кардынальнае значэньне.

Безумоўна, прыбыўшы 5.2.1843 г. у Маскву, каб прабыць там болей за год, дваццацiдвухгадовы Карэл Гаўлiчак быў тады адно бедным чэскiм патрыётам, якi прагнуў стаць чэскiм пiсьменьнiкам i зьведаць вялiкую славянскую Расею, наконт якой поўнiўся ўсiмi колараўскiмi iлюзiямi. Наўрад цi ён тады меў уяўленьне пра ўласную будучыню палiтычнага настаўнiка свайго народу, бо да палiтыкi не адчуваў яшчэ схiльнасьцi; у той момант ён толькi i толькi назiральнiк жыцьця, праўдалюбны i праўдапрагны глядач, iранiчны досьцiп, назiральнасьць i крытычная здольнасьць якога сiлкавалiся жывым кантактам з рацыяналiстычнай думкай заходняга асьветнiцтва. Бясспрэчна, за кароткi час свайго знаходжаньня ў Расеi ўсяго ён зьведаць ня мог. Ён ня трапiў нават у Пецярбург. Ён зусiм не кантактаваў з коламi расейскiх заходнiкаў i прагрэсiстаў. Але месца гувэрнанта ў сям’i прафэсара Шэвырова, аднаго з галоўных прадстаўнiкоў расейскага панславiзму, што нараджаўся ў той час, — выдатны назiральны пункт для пазнаньня ўсяго, што для яго i для нас спазнаць было найважнейшым. Шэвыроў, М.П.Пагодзiн, I.В.Кiрэеўскi, А.С.Хамякоў, В.М.Бадзянскi, Сьнегiроў, Паўлаў, кола вакол часопiса Москвiтянинъ (з 1841 г.) — гэта самае ядро расейскага славянафiльства тае эпохi; гэтае славянафiльства ёсьць фактам жыцьця маскоўскага, справай маскоўскага ўнiвэрсытэту: i вось у гэтую Маскву, у гэты ўнiвэрсытэт, у самую сярэдзiну гэтага асяродку Гаўлiчак i прыбывае як да сваiх. Ён быў рэкамэндаваны праскiмi славiстамi, таму прыяжджае сюды ледзь не як iх пасланец i надзея. Ператварэньне, якое зь iм у Маскве адбудзецца — плён беспасярэдняга досьведу i пазнаньня Расеi зблiзку, — падобнае да coup de foudre20! „Каб толькi Колар мог прыехаць у Расею заместа мяне! Ён сам прыйшоў бы ў роспач ад таго, што сам гэтаму славянству дапамагаў! Вы, ведаючы мае перакананьнi да майго ад’езду за мяжу, мусiце пачувацца неяк дзiўна, чуючы, што я сьпяваю зусiм iншым тонам! Проста прыедзьце сюды! I хто сапраўды хоча чынiць дабро чэхам, хай за свой кошт пасылае iх у Маскву!“21 Выздараўленьне Гаўлiчка ад панславiзму проста радыкальнае.

<…> „Лiтаратура расейская не ў такiм добрым стане, як зазвычай мы думаем; перад нашай чэскай яна мае адно тую перавагу, што яна панi багатая i мае „деньги“; калi б мы мелi столькi золата, i мы б далi сабе рады вытрасьцi з рукава столькi благiх кнiг, як сп. расейцы. Затое расейскай лiтаратуры нестае адной маленькае рэчы, але вельмi гожай i Богу мiлай, i я маю пэўную надзею, што нашай убогай лiтаратуры менавiта яна дапаможа ўзысьцi на Парнас: маю на ўвазе бескарысьлiвасьць, сапраўдную, шчырую, настойлiвую працу i любоў да народу свайго. Сумняюся, каб ва ўсёй шасьцiдзесяцiмiльённай Расейскай iмпэрыi было столькi шчырых патрыётаў, як у адной Празе: багацьце псуе людзей. <…> Законаў тут няма анiякiх. Тут кожны або халоп, або пан, i кожны апрануты па-нямецку кожнаму ў расейскiм строi гаворыць „ты“… сяляне панскiя пасьля быдла — першыя паны на зямлi…“ Лепей за ўсё, як кажа Гаўлiчак, у Расеi быць „ангельскiм канём“. Ён ня бачыць, навошта зьмяняць абсалютызм венскi на аўтакратыю расейскую. Адвярнуўшыся ад эгаiзму i амаральнасьцi вышэйшых расейскiх клясаў, iх закрытасьцi, iнэртнасьцi i няздольнасьцi чыноўнiцкай бюракратыi, Гаўлiчак меў бы сымпатызаваць мужыку; ён спачатку й сымпатызуе, пакуль не спазнае страшэннай адсталасьцi, убоства, нават разбэшчанасьцi расейскае вёскi. Гаўлiчка вельмi зьневажае расейская форма патрыятызму: „То ж бо я лiчу, паводле свайго грубага розуму, што любiць радзiму значыць аддаваць за яе свае грошы, працу, шчасьце, годнасьць i г.д., а не лямантаваць увесь час i дуднiць, што дома ўсё лепей, чым дзе, што ўсе iншыя народы — нiчога ў параўнаньнi са сьвятой Русьсю“. <…> Што ж датычыць расейскага панславiзму, наступныя два ўрыўкi гавораць усё: „Я б жадаў, каб Вы пачулi, як Бадзянскi выкладае чэскую гiсторыю: я сам яшчэ нiколi ня чуў, каб публiчна ex cathedra22 хвалiлi Гуса, як тут; расейцы ўжо скарысталi славянства лепей за нас: мы яго прыдумалi i вухам не вядзем, а яны, зусiм яго не разумеючы, ладна ўжо яго падаiлi: да прыкладу, яны зь нейкай гордасьцю й радасьцю бяруць удзел ва ўсёй нашай чэскай гiсторыi: кiдаюць у вочы немцам тым, што славяне (то бок мы, нябогi чэхi) прыдумалi рэфармацыю раней за немцаў, i гавораць пра гэта так, нiбыта гэта былi яны самi, мiж тым як у той час яны яшчэ жалуды жэрлi. Гэтаксама яны пахваляюцца, што славяне (то бок зноў мы, нябогi чэхi) мелi канстытуцыю раней за немцаў, тымчасам як у эпоху чэскае канстытуцыi iхны цар дзеля забавы пускаў мядзьведзяў з Крамля!! Вось так: хвалiлася рэдзька, што зь мёдам смачная. Няма большае пахвальбы, як на сьвятой Русi!“ <…> А празь месяц, пад канец знаходжаньня ў Расеi: „Цяпер я найбольш сымпатызую iлiрыйцам цi нават паўднёвым славянам i маю надзею, што й тады буду сымпатызаваць, калi там пабываю. З палякамi i расейцамi не хачу мець нiчога. Гэта, праўда, толькi sub rosa23 маё меркаваньне, i хiба празь некалькi гадоў я адважуся тым панам паўтарыць усё ў вочы ў друку ды абрынуцца супраць Коларавай iдэi i супраць славянства. Бо я маю сiлы i ахвоту давесьцi, што расейцы i mutatis mutandis24 палякi нiякiя ня нашы браты, як мы iх называем, яны значна больш небясьпечныя i варожыя да нашае нацыi, чым мадзяры i немцы. Iхныя мовы i лiтаратуры мы можам выкарыстоўваць як заўгодна, але ўсякае братаньне зь iмi — убок. А iнакш гэта кепска скончыцца.“ <…> Уражвае, нарэшце, як ён намацаў корань граху ў расейскiм панславiзьме — досыць у яго „Абразках з Расеi“ прачытаць артыкул „Сьвята праваслаўя“ i дапоўнiць яго сатырычным вершам „Крыж сьв. Уладзiмiра“. Калi ён канстатуе, што „ў краiнах, дзе валадарыць iншанацыянальная рэлiгiя, нiколi ня можа разьвiцца такога поўнага i арганiчнага злучэньня дзяржавы, нацыi i веры, якое мы бачым у гэтым сьвяце праваслаўя“, адразу ж праясьняецца аснова зрусiфiкаванага панславiзму: накажэньне расава-нацыянальнай iдэi палiтычным i царкоўным аўтакратызмам, трыадзiнства мiстыкi нацыянальнай, дзяржаўнай i рэлiгiйнай. Але гэта ўжо iншы разьдзел! <…> Славуты артыкул Гаўлiчка „Славянiн i чэх“ з „Праскiх новiн“ за 1846 г. разьвейвае ўшчэнт iмглу колараўскага панславiзму, i гэта, бясспрэчна, у iнтарэсах чэскае будучынi: славяне ўжо не народ, што складаецца зь некалькiх плямёнаў i гаворак, яны — шэраг самабытных народаў адрозных культураў, лёсаў i паклiканьняў, i Гаўлiчак ня верыць нават у магчымасьць братэрства мiж iмi (расейцы i палякi!). Ён адкiдае ўяўленьне, што народы славянскiя маглi б i мелi б адмовiцца ад сваёй нацыянальнасьцi, мовы i будучынi на карысьць нейкай панславянскай нацыянальнай iнтэграцыi, якой магла б быць хiба ўнiвэрсальная манархiя расейская. У апошняй Гаўлiчак бачыць сьмяротную пагрозу свайму народу i заклiкае чэхаў да палiтычнага i культурнага супрацоўнiцтва адзiна са славянамi паўднёвымi, дэфiнуючы справядлiвую Аўстрыю як „найлепшую гарантыю захаваньня нашае ды iлiрыйскае нацыяў“ i як эўрапейскi boulevard25, што затрымлiвае расейскую экспансiю. Гэтую веру ў магчымасьць супрацоўнiцтва аўстрыйскай манархii i Чэхii Гаўлiчак, безумоўна, меў страцiць у траўнi 1849 г., калi гэтая манархiя паклiкала на задушэньне мадзярскай свабоды войска той самай Расеi i здрадзiла ўласным канстытуцыйным абяцаньням, дадзеным сваiм народам: Гаўлiчак сам плацiць жыцьцём за гэтую здраду. Але як бы там нi было, у 1846-1849 гадох ён верыць у эўрапейскае паклiканьне „справядлiвай Аўстрыi“; гэтую справядлiвасьць ён уяўляе як фэдэралiзацыю iмпэрыi; у ейным ператварэньнi ў саюз аўтаномных нацыянальных утварэньняў ён бачыць заруку йснаваньня i самiх гэтых народаў, i Аўстрыi, i Эўропы. Гэтая праграма называецца „аўстраславiзмам“. Ён скiраваны адначасова супраць панславiзму i пангерманiзму. Ён быў прапановай, якую абуджаныя аўстрыйскiя славяне зрабiлi манархii Габсбургаў, i мог стацца яе выратаваньнем. Але мы ўжо гаворым пра Палацкага: бо калi Гаўлiчак быў вялiкiм прапагандыстам аўстраславiзму ў Чэхii, аўтарам яго быў Гаўлiчкаў палiтычны настаўнiк, першы палiтычны правадыр чэхаславацкага народу i ягоны гiсторык Францiшак Палацкi.

Францiшак Палацкi! <…> Гэта адзiн з найбольш вартых увагi клясыкаў сучаснага эўрапейскага палiтычнага мысьленьня. Але факты, простыя факты будуць больш красамоўнымi за ўсе пахвалы й шкадаваньнi. <…> Кожны журналiст вам скажа, што Палацкi — вынаходнiк „аўстраславiзму“. У кожнай энцыкляпэдыi вы прачытаеце, што аўстраславiзм — гэта плян перабудовы аўстрыйскай манархii (цi, дакладней, плян палiтычнай рэарганiзацыi сярэднеэўрапейскай i падунайскай прасторы, рэканструкцыi iснаваньня ў ёй малых народаў), што Палацкi прапанаваў яго ў 1848 г. венскаму сэйму, якi пад нацiскам лiбэральнай эўрапейскай рэвалюцыi меў прэзэнтаваць новы статут габсбурскае манархii, i што дзеля яго ён (а ў ягонай асобе i ўвесь чэскi народ) адмовiўся ад удзелу ў франкфурцкiм парлямэнце нямецкай iмпэрыi 11 красавiка 1848 г. Гэты самы парлямэнт, першая сучасная манiфэстацыя палiтычнага пангерманiзму, меў намер уключыць у склад вялiканямецкага саюзу i землi манархii габсбурскай, а сярод iх i два славянскiя народы, чэхаў i славенцаў. Але вось лiст самога Палацкага, якi навечна дэфiнуе палiтычную праблему сярэдняй Эўропы памiж пангерманiзмам i панрусiзмам, аднолькава небясьпечнымi, i якi прапануе адзiна магчымае вырашэньне мiру i кансалiдацыi для падунайскiх земляў i Эўропы:

Спадарства!

Лiст ад дня 6 красавiка г.г., якiм Вы, высокашаноўнае спадарства, зрабiлi мне гонар, запрасiўшы мяне ў Франкфурт дзеля ўдзелу ў слуханьнях Вашых, якiя галоўным чынам накiраваны на тое, каб як найхутчэй склiканы быў нямецкi парлямэнт, якраз цяпер мне пошта даставiла. З радаснай нечаканасьцю знайшоў я ў запросiнах гэтых поўнае й дзейснае сьведчаньне даверу, якiм найзнакамiцейшыя мужы iмпэрыi нямецкай не перастаюць адорваць мяне: бо, запрашаючы мяне на сэйм „патрыётаў нямецкiх“, яны самi здымаюць зь мяне абвiнавачаньне, цалкам несправядлiвае, але зноў i зноў на мяне ўскладанае, нiбыта я калi праявiў сябе непрыяцелем народу нямецкага. Са шчырым пачуцьцём удзячнасьцi прызнаючы ў гэтым узьнёслую прыязьнь i справядлiвасьць годнага сходу Вашага, я тым больш уважаю сябе абавязаным адказаць яму з адкрытым даверам, шчыра i не хаваючы нiчога.

На запрашэньне Вашае, спадарства, не магу анi сам уласнай пэрсонай прыехаць, анi на месца сваё паслаць iншага „бясьпечнага патрыёта“. Дазвольце цяпер як мага карацей выкласьцi Вам гэтага прычыны.

Мэтай Вашага сходу ёсьць усталяваньне — заместа наяўнага зьвязу князёў — саюзу нямецкага народу, прывядзеньне яго ў рэальнае адзiнства, загартаваньне пачуцьця нямецкай народнасьцi i, такiм чынам, пашырэньне ўлады й магутнасьцi iмпэрыi нямецкай. Я паважаю гэтае памкненьне i пачуцьцё, што сталася ягонай крынiцай, i менавiта таму, што iх паважаю, нiяк не магу ў сходзе ўдзельнiчаць. Я ня немец, iм, прынамсi, не пачуваюся, — а за звычайнага патуральнiка, якi ня мае анi свайго меркаваньня, анi волi, Вы, безумоўна, мяне клiкаць да сябе не хацелi; а таму я мусiў бы ў Франкфурце або пачуцьцi свае хаваць i крывадушнiчаць, або, калi б ужо да таго дайшло, уголас пярэчыць. Для першага я задужа шчыры й адкрыты, для другога ж я не такi дзёрзкi й бесцырымонны; iнакш кажучы, маё сэрца ня можа дапусьцiць таго, каб супрацiўнымi гукамi парушаць згоду i зладжанасьць, якую ўважаю за ўцешную i пажаданую ня толькi ў сваiм уласным доме, але i ў суседа.

Я чэх роду славянскага, i ўсiм тым нямногiм, што магу i што маю, я цалкам i назаўжды аддаўся слугаваньню свайму народу. Народ гэты хоць i малы, але самабытны i самастойны адвеку; валадары яго спрадвечна ўдзельнiчалi ў саюзе князёў нямецкiх, але народ сябе сам нiколi да народу нямецкага не далучаў, i iншымi праз усе вякi нiколi да яго далучаны ня быў. Усе зьяднаньнi зямлi чэскай напачатку iзь сьвятой iмпэрыяй нямецкай, а потым зь Нямецкiм саюзам заўжды былi адно рэгалiямi, пра якiя чэскi народ ды станы чэскiя наўрад цi калi ведаць хацелi. <…> Гэтую рэчаiснасьць ведаюць усе нямецкiя знаўцы гiсторыi гэтаксама добра, як i я; а калi хто б хацеў яшчэ ў гэтым засумнявацца, абяцаю, што прывяду iх у свой час да поўнай i яснай пэўнасьцi, <…> што ўсё наяўнае зьяднаньне зямлi чэскай з iмпэрыяй нямецкай лiчыцца i ўважацца павiнна нiяк не за саюз народу з народам, а за саюз валадара з валадаром. Калi ж нехта жадае, каб па-над гэтым наяўным саюзам памiж князямi цяпер злучыўся сам народ чэскi з народам нямецкiм, дык гэтае патрабаваньне ўсё ж новае, якое ня мае нiякай гiстарычнай юрыдычнай падставы i якому я сваёй пэрсонай не адчуваю праўным сябе патураць, пакуль не атрымаю для гэтага пэўнага i сапраўднага мандату.

Другая прычына, якая не дазваляе мне ўдзельнiчаць у Вашых нарадах, палягае ў тым, што паводле ўсяго таго, што дагэтуль пра намеры й задумы Вашыя публiчна было абвешчана, Вы няўхiльна кiравацца хочаце й будзеце да таго, каб назаўжды змардаваць i нават немажлiваю ўчынiць Аўстрыю як iмпэрыю самастойную, iмпэрыю, захаваньне цэльнасьцi i ўмацаваньне якой ёсьць i быць мусiць справай вялiкай i важнай ня толькi для народу майго, але i для ўсёй Эўропы, i нават для чалавецтва й самой асьветы. <…>

Вам вядома, спадарства, якая дзяржава трымае ўвесь вялiкi ўсход нашай часьцiны сьвету; Вы ведаеце, што дзяржава гэтая, вырасшы ўжо да памераў вялiзных, сама зь сябе i ў сабе кожнае дзесяцiгодзьдзе мацнее i багацее мераю большай, нiж гэта дзеяцца можа ў краiнах заходнiх; што, будучы зь сярэдзiны сваёй непрыступнай амаль для кожнага выпаду, яна даўно ўжо сталася небясьпечнай для суседзяў сваiх; што, маючы на поўначы браму адчыненай, усё ж заўжды, ведзеная натуральным iнстынктам, дзяржава гэтая асаблiва на поўдзень пашырацца iмкнецца i iмкнуцца будзе; што кожны крок, якi б яна на гэтым шляху нi зрабiла наперад, чым далей, тым больш пагражае спараджэньнем i заснаваньнем унiвэрсальнай манархii, то бок небывалым i невымоўным лiхiм няшчасьцем бязь меры i межаў, пра якое я, славянiн целам i душой, дзеля дабра людзкога шкадаваў бы цяжка, хоць бы манархiя гэтая i абвяшчала сябе за славянскую. З той самай несправядлiвасьцю, як у Нямеччыне за ворага немцаў, шмат хто ў Расеi называе i ўважае мяне за ворага расейцаў. Нi ў якiм разе — кажу гэта гучна й выразна — я ня вораг расейцам; наадварот, я з радасным удзелам назiраю за кожным крокам, якiя гэты вялiкi народ у сваiх натуральных межах наперад робiць па дарозе асьветы; але пры ўсёй шчырай любовi нават да народу свайго я заўсёды вышэй цаню дабро людзкое i навуковае, нiж дабро нацыянальнае, i з гэтай прычыны ўжо простая мажлiвасьць унiвэрсальнай манархii расейскай ня мае больш рашучага ворага i супрацiўнiка, нiж мяне; не таму, што манархiя гэтая была б расейскай, а таму, што была б унiвэрсальнай.

Вы ведаеце, што на паўднёва-ўсходняй ускраiне Эўропы, уздоўж межаў iмпэрыi расейскай, пражываюць народы многiя, паходжаньнем, мовай, гiсторыяй i норавам значна адрозныя, — славяне, румыны, мадзяры i немцы, ня кажучы ўжо пра грэкаў, туркаў i шкiпэтараў, зь якiх нiводны сам па сабе недастаткова моцны, каб наймагутнаму суседу свайму на ўсходзе супрацiўляцца мог з посьпехам на ўсе часы будучыя; у гэтым яны б далi сабе рады толькi тады, калi б iх усiх у адно злучаў саюз вузкi i пэўны. Сапраўднай жыцьцёваю сiлай гэтага неабходнага саюзу народаў ёсьць Дунай; цэнтар магутнасьцi саюзу ад ракi гэтай не павiнен нiколi далёка ўхiляцца, калi ён увогуле дзейсным быць i застацца мае. Безумоўна, калi б дзяржавы аўстрыйскай не было ўжо здавён, мы б мусiлi ў iнтарэсах Эўропы, i нават чалавецтва ўсяго, спрычынiцца як найхутчэй да яе ўтварэньня.

Але чаму ж дзяржава гэтая, натуральна i гiстарычна паклiканая быць апорай ды вартаўнiком Эўропы ад азiяцкiх элемэнтаў усялякага кшталту, — чаму ў крытычны момант яна паўстала перад намi бездапаможнай i бязраднай амаль перад навалай надыходзячай буры? — Таму, што ў няшчасным асьляпленьнi здаўна ўжо сама не пазнавала праўдзiвае прававой i маральнай асновы быцьця свайго i яе адмаўляла, адмаўляла асноўнае правiла, што ўсе народы i веравызнаньнi, злучаныя пад жазлом яе, карыстацца мусяць сумесна поўнаю роўнасьцю права й павагi. Права народаў ёсьць рэчаiсным правам прыроды; нiводны народ на зямлi ня мае права патрабаваць, каб дзеля карысьцi яго сусед ягоны сам сабою ахвяраваў, нiводны не павiнен дзеля дабра суседа свайго сам ад сябе адракацца i сябе ў ахвяру прыносiць. Прырода ня ведае народаў, якiя б адно панавалi або адно слугавалi б. Калi саюз, якi злучае некалькi розных народаў у адно палiтычнае цэлае, мае быць пэўным i трывалым, нiводны народ не павiнен мець прычынаў для страху, што праз гэты саюз ён пазбавiцца нейкiх з найдаражэйшых сваiх каштоўнасьцяў, наадварот, кожны павiнен мець пэўную надзею, што ў цэнтралiзаванай уладзе знойдзе ахову ды апору ад мажлiвых парушэньняў суседзьмi гарантыi роўнасьцi; тады й кожны спрычынiцца да забесьпячэньня цэнтралiзаванай улады гэтай з такiм iмпэтам, што тая ахову згаданую выконваць з посьпехам зможа. <…>

Калi ж узьняць позiрк па-за межы чэскiя, прыродныя i гiстарычныя прычыны заклiкаюць мяне ўзьняць яго не на Франкфурт, а на Вену, i там шукаць таго цэнтру, якi на тое паклiканы, каб забясьпечыць i абаранiць народу майго спакой, свабоду i права. А Вашыя памкненьнi, тымчасам, спадарства, як мне падаецца, скiраваныя да таго, каб гэты цэнтар, ад магутнасьцi й моцы якога не адзiн я для зямлi чэскай ратунку чакаю, ня толькi, як я казаў, змардаваць згубна, але нават i зьнiшчыць. Цi ж Вы мяркуеце, што дзяржава аўстрыйская i надалей iснаваць будзе, калi Вы ёй забаронiце ў сваiх спадчынных землях нешта сваё мець, а дазволiце мець толькi сумеснае з ачольнiкам незалежнага франкфурцкага войска? Цi ж Вы мяркуеце, што iмпэратар аўстрыйскi i потым яшчэ як сувэрэн утрымацца зможа, калi Вы на яго ўскладзеце павiннасьць усе важныя законы прымаць ад Вашага калектыву i калi, такiм чынам, iнстытуцыi аўстрыйскага iмпэратарскага сэйму, як i натуральныя краявыя ўстановы злучаных каралеўстваў, стануцца звычайным ценем бяз грунту i моцы? I калi тады Вугоршчына, кiруючыся сваiм iнстынктам, ад дзяржавы адколецца, або, што амаль тое самае, калi сама ў сабе засяродзiцца канчаткова, — цi зможа тая Вугоршчына, якая пра раўнапраўе нацыянальнае ў сваiх межах нiчога ведаць ня хоча, захавацца пры свабодзе i моцы на часы будучыя? Толькi справядлiвы можа быць сапраўды вольным i моцным. I пра добраахвотны зьвяз падунайскiх славянаў ды румынаў, дый тых самых палякаў, з такою дзяржавай, якая кiруецца правiлам, што найперш трэба быць мадзярам, а потым ужо чалавекам, — пра такi зьвяз ня можа быць нават гаворкi; тым больш пра зьвяз змушаны. Дзеля выратаваньня Эўропы Вена ня можа апусьцiцца, стаўшыся горадам правiнцыйным! Калi ж ёсьць у самой Вене людзi такiя, што сталiцай жадаюць бачыць Ваш Франкфурт, мы мусiм над iмi ўсклiкнуць: Госпадзе, даруй iм, бо ня ведаюць, чаго хочуць!

Нарэшце, ёсьць яшчэ й трэцяя прычына, зь якой я мушу адмовiцца ад удзелу ў нарадах Вашых. Рэч у тым, што ўсе наяўныя праекты даць iмпэрыi нямецкай новую арганiзацыю на падставе волi народнай я ўважаю за недаўгавечныя i нават за немажлiвыя для выкананьня, калi толькi Вы не хацелi б наважыцца на сапраўдны лекарскi сродак, — я маю на ўвазе абвешчаньне нямецкай рэспублiкi, але i яна была б адно пераходнаю формай. <…> Што ж да заснаваньня рэспублiкi ў iмпэрыi нямецкай, рэч гэтая ляжыць цалкам па-за маёй кампэтэнцыяй, так што пра яе я не хацеў бы выказаць нават свайго меркаваньня. Але ад межаў iмпэрыi аўстрыйскай я мушу кожную думку пра рэспублiку ўжо ўперад рашуча i настойлiва адхiляць. Уявiце сабе iмпэрыю аўстрыйскую, падзеленую на мноства рэспублiк i рэспублiчак — якая гэта мiлая аснова для ўнiвэрсальнай расейскай манархii!

Нарэшце, каб скончыць вялiкi, але толькi штрыхамi накiданы выклад свой, я мушу меркаваньне сваё падагулiць каротка, сказаўшы, што кожны, хто жадае, каб Аўстрыя (а разам зь ёю i Чэхiя) далучылася нацыянальна да iмпэрыi нямецкай, патрабуе ад яе самагубства, што ня мае нiякага маральнага i палiтычнага сэнсу; i наадварот: патрабаваньне, каб Нямеччына далучылася да iмпэрыi аўстрыйскай, то бок каб на вышэйпрыведзеных умовах яна ўвайшла ў дзяржаву аўстрыйскую, мае значна больш абгрунтаваны сэнс. Калi ж i гэта не адпавядае нацыянальнаму пачуцьцю i перакананьням нямецкiм, не застаецца нiчога iншага, як каб абедзьве дзяржавы, iмпэрыi аўстрыйская i нямецкая, раўнапраўна побач суiснавалi, каб свой наяўны саюз ператварылi ў вечны зьвяз дзеля абароны й дзеля супрацiву, а калi ў гэтым будзе плён для ўсяго рэгiёну, тады, скажам, яны маглi б заснаваць мiж сабой i цэльную адзiнку дзяржаўную. Кожнаму сродку, якi для самастойнасьцi, цэласьцi i разьвiцьця магутнасьцi Аўстрыйскай iмпэрыi, асаблiва на ўсход, не нясе небясьпекi, я б ва ўсякi час з радасьцю падаў руку дапамогi сваёй.

Прымiце, спадарства, праяву шчырай павагi маёй i адданасьцi.

У Празе, дня 11 красавiка 1848 г.

<…> Аўстрыя не зрабiлася калыскай вольных народаў цi бастыёнам эўрапейскай заходняй цывiлiзацыi, якi б стаўся мяжой мiж германiзмам i русiзмам ды аддзялiў бы абодва iмпэрыялiзмы. У гэтым не было вiны Палацкага: усё ягонае палiтычнае жыцьцё засталося адзiным заклiкам да самазахаваньня. <…> У 1848 г. ён стварае аўстраславiзм, сваёй адмовай Франкфурту выратоўвае Аўстрыю, выпрацоўвае для Вены праект статуту, абараняе „аўстраславiзм“ на склiканым у адказ на франкфурцкi Славянскiм зьезьдзе ў Празе, дзе ворагаў Аўстрыi не бракавала: Бакунiн там адназначна абвесьцiў, што „славянскае адзiнства, славянская свабода, славянскае адраджэньне немагчымыя, калi ня зьнiшчыць iмпэрыi аўстрыйскай“. Калi ж кангрэс завяршыўся фактычна правалам абедзьвюх расейскiх магчымасьцяў, манархiчнай i рэвалюцыйнай, падобных сваiм дэструктыўна-фатальным сэнсам для сярэдняй Эўропы (i найперш для Аўстрыi), не апошняя заслуга ў гэтым належыць Палацкаму. Што было далей, мы ведаем: скасаваньне канстытуцыйных абяцаньняў, абноўлены абсалютызм пяцiдзясятых гадоў, задушэньне мадзярскае рэвалюцыi, дэпартацыя Гаўлiчка i г.д. Палацкi застаецца верным нявернаму. Шасьцiдзясятыя гады, эпоха абноўленага канстытуцыйнага жыцьця ў Аўстрыi i эпоха яе перабудовы, вымушанай паразамi на палях бiтваў, амаль ня ўносяць зьменаў у яго праграму: хiба што ў 1848 г. ён хацеў фэдэраваць iмпэрыю паводле адзiнак i групаў этнiчна-нацыянальных, а цяпер хоча яе фэдэраваць паводле колiшнiх рэгiянальных i дзяржаўных утварэньняў, зь якiх Аўстрыя, уласна, i паўстала. У 1865 г. ён пiша найбольш значны свой палiтычны твор — „Iдэя дзяржавы аўстрыйскай“. I што iдзе сьледам за iм? Аўстрыйска-вугорскае „пагадненьне“ 1866 г., якое славянаў адной паловы iмпэрыi выдае немцам, а славянаў другой паловы мадзярам. Палацкi ўжо ня мае падставаў верыць у магчымасьць справядлiвасьцi ў Аўстрыi! Тады ён прадказвае iмпэрыi скон. I прароцтва зьдзейсьнiлася!

<…> Ён выказваецца абсалютна выразна: „Я, на жаль, цяпер ужо й сам пакiдаю надзею на вечнае захаваньне iмпэрыi аўстрыйскай: не таму, што яна была б непажаданай або немажлiвай, а таму, што немцам i мадзярам дадзена ўзмацнiць сваё панаваньне й закласьцi ў ёй аднабаковы родавы дэспатызм…“ Адтуль i слаўны тагачасны ягоны вырок: „Былi мы [чэхi] да Аўстрыi, будзем i пасьля яе“. I якраз у той час Палацкi едзе на этнаграфiчную выставу ў Маскву. Каб сваю палiтыку русiфiкаваць? Зусiм не: „…ёсьць i такiя, што гавораць пра поўнае ўсiх [славянаў] ня столькi зьяднаньне, як хутчэй адасабленьне… Апошнi кажа, што ўсё славянства мусiць як найхутчэй „абрусець“, то бок русiфiкавацца; панславiзм iхны, у такiм разе, меў бы iменавацца „панрусiзмам“. Такiх няшмат, збольшага гэта гарачыя маладзёны сярод расейцаў, сапраўдны славянскi дух у якiх, вядома, адсутнiчае; розьнiцы памiж iмi i фанатыкамi нямецкiмi ды мадзярскiмi я не знаходжу: як адны, гэтак i другiя хацелi б зьнiшчыць нас як народ. I я iм адказваю, што чэхi на працягу больш як тысячы год не таму абаранялi i абаранiлi нацыянальнасьць сваю змаганьнем i ахвярамi незьлiчонымi й невымоўнымi, каб потым яе зрачыся за нейкае добрае слова.“ Нават у Маскве, самай калысцы панрасейскага славiзму, Палацкi i чэская дэлегацыя адназначна адрынулi панславiзм як расейскi, гэтак i колараўскi, i проста ў вочы расейцам абвесьцiлi адзiную магчымасьць новай iдэi славянскай узаемнасьцi: магчымасьць дэмакратычную i гуманную, якая патрабуе абсалютнае роўнасьцi ды палiтычнай i культурнай самастойнасьцi асобных славянскiх народаў. <…>

ЗАЎВАГІ

19 Demasquage — выкрыцьцё (фр.).
20 Coup de foudre — удар маланкi, каханьне зь першага погляду (фр.).
21 Тут i нiжэй — вытрымкi з карэспандэнцыi К.Гаўлiчка маскоўскага пэрыяду.
22 Ex cathedra — з катэдры (лац.).
23 Sub rosa — таемны, пад пячаткай маўчаньня; даслоўна — пад ружай (лац.).
24 Mutatis mutandis — зьмянiўшы тое, што варта зьмянiць (лац.).
25 Boulevard — вал (фр.).

Опубликовано 29 сентября 2004 года

Картинка к публикации:



Полная версия публикации №1096460138

© Portalus.ru

Главная ПОЛИТОЛОГИЯ Разьвiцьцё i злачынствы панславiзму (2)

При перепечатке индексируемая активная ссылка на PORTALUS.RU обязательна!



Проект для детей старше 12 лет International Library Network Реклама на Portalus.RU